Карбалевіч: З гэтай пастановы Саўміна, я зразумеў, што КДБ і МУС змогуць самі вызначаць, хто экстрэміст

Палітолаг — пра тое, як аўтарытарная ўлада на страху спрабуе кантраляваць людзей.

Фота «Еўрарадыё»

Фота «Еўрарадыё»

Напярэдадні адно з сілавых ведамстваў, спаслаўшыся на пастанову Саўміна, зрабіла ўкід, у якім прыгразіла крымінальнай адказнасцю падпісчыкам «экстрэмісцкіх» телеграм-каналаў, піша «Салідарнасць».

Як высветлілася пазней, на самай справе ў дакуменце ўрада нічога такога не прапісваецца. Тым не менш ад незалежных каналаў (як прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі», так і не) паспелі адпісацца тысячы карыстальнікаў.

Сёння ўлады працягваюць падліваць алею ў агонь. Ужо выказаўся кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей, эстафетную палачку падхапіла і Лілія Ананіч.

— Падпіска на экстрэмісцкія телеграм-каналы — гэта садзейнічанне экстрэмізму. І яно сёння крымінальна караецца — гэта павінен кожны засячы сабе на носе. Пара проста перастаць займацца абы-чым у гэтым жыцці, — сказала кіраўніца Камісіі ў барацьбе з экстрэмізмам і рэабілітацыяй нацызму.

Што адбываецца? Інфармацыйная атака на апанентаў, ці ўсё ж існуе рэальная пагроза?

— І тое, і іншае. Палітычная барацьба ва ўмовах інфармацыйнага грамадства — гэта псіхалагічная барацьба, барацьба нерваў. Гэта і гібрыдныя атакі, якія змяшчаюць у сябе ўсе, — лічыць Валерый Карбалевіч. — Элемент запалохвання першапачаткова быў абраны ўладамі для нападу на апанентаў. Гледзячы на тое, што ад «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў ідуць тысячы адпісак, можна меркаваць, што атмасфера страху працуе. На штыках нейкі час трымаць уладу можна.

Суразмоўца звяртае ўвагу на тое, што пагроза сілавікоў можа быць рэалізаваная.

— У беларускіх умовах колькі ўжо было выпадкаў, калі думалася: усё, ужо дайшлі да рысы, прабілі дно, далей нічога не будзе. Але высвятляецца, што ніякіх чырвоных ліній, ніякіх тармазоў ва ўладаў няма, — працягвае палітолаг. — Я зразумеў з гэтай пастановы Саўміна, што КДБ і МУС змогуць самі вызначаць, хто ёсць экстрэміст — гэта значыць, ім ужо не трэба будзе звяртацца ў суд.

Для ўладаў не трэба саджаць усіх чытачоў: хопіць некалькі дзясяткаў ці сотняў, каб колькасць падпісчыкаў стала рэзка змяншацца.

Валерый Карбалевіч нагадвае, што на працягу ўсяго кіравання рэжыму Лукашэнкі супраць незалежных медыя ўжывалася дубінка:

— Калі былі друкаваныя СМІ — іх выкідалі з падпіскі, не давалі друкавацца. Сёння незалежныя медыя ў выглядзе рэдакцый ужо практычна не могуць існаваць у Беларусі.

Цяпер ўдар наносіцца па телеграм-каналах. На сто адсоткаў ў інфармацыйную эпоху гэта працаваць не можа, але ў якойсьці меры ўсё-такі спрацоўвае.

Як дзейнічае неправавая дзяржава? Яе мэта зрабіць вінаватымі абсалютную большасць, але арыштоўваць і штрафаваць — не ўсіх, а нейкі адсотак. Іншыя ж будуць баяцца і лічыць сябе вінаватымі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: