Кардыёлага Вольгу Карнееву пакаралі штрафам у 5800 рублёў за кветкі каля мемарыяла Тарайкоўскага

56-гадовая доктарка-кардыёлаг Вольга Карнеева 16 мая каля 16.20 усклала кветкі да народнага мемарыяла Аляксандра Тарайкоўскага. У гэты момант да яе адразу пад'ехаў бус, адкуль выйшлі каля сямі супрацоўнікаў АМАПа, адзін з якіх здымаў усё на відэа. Яе затрымлівалі адразу чацвёра супрацоўнікаў, паведамляе spring96.org.
Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Ірыну даставілі ў Фрунзенскае РУУС і склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне па арт. 24.23 КаАП. 17 мая справу доктаркі разглядзела суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна.

Сваю віну Карнеева не прызнала. Жанчына патлумачыла, што праходзіла міма мемарыяла і ўбачыла, што на месцы гібелі мала кветак, таму спусцілася ў пераход і купіла букет. Вольга распавяла, што гэта старажытная славянская духоўная традыцыя — класці кветкі на месца гібелі чалавека. Таму яна проста паклала іх і пайшла далей.

Суддзя Ярохіна ўдакладніла, ці знаходзіцца на станцыі метро «Пушкінская» якое-небудзь пахаванне. Карнеева нагадала суду, што на тым месцы загінуў чалавек.

Пасля чаго адбыўся наступны дыялог Вольгі з суддзёй Ярохінай:

— Ці з'яўляецца блізкім сваяком асоба, пра якую Вы кажаце, якая загінула, пры абставінах, пра якія суду не вядома, Вы нам не патлумачыце?

— Суд ведае гэтыя абставіны і без мяне. Ён мне не з'яўляецца блізкім сваяком. Ён проста чалавек. Проста грамадзянін Рэспублікі Беларусь.

— Раскажыце, пра каго Вы кажаце.

— Пра Аляксандра Тарайкоўскага.

— Якое Вы маеце дачыненне да гібелі гэтага грамадзяніна?

— Ніякага.

— Можаце патлумачыць суду сваё волевыяўленне?

— Мне проста па-чалавечы шкада. У мяне гуманітарная прафесія — я доктар. Мне не падабаецца, калі гінуць людзі. Я шаную памяць загінулых, таму і паклала туды кветкі.

Вольга Карнеева заявіла, што сведка-міліцыянт, які прыйшоў у суд, не прымаў удзел у яе затрыманні, бо затрымлівалі яе супрацоўнікі АМАПа. Паводле яго слоў, акрамя ўскладання кветак Вольга яшчэ і ўздымала руку ўверх каля дарогі, каб прыцягнуць увагу кіроўцаў.

Суддзя Марыя Ярохіна вырашыла зрабіць у справе Карнеевай перапынак да 18 мая, а сёння пакарала штрафам у 200 базавых (5800 рублёў).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: