Карова разладу і браты па няшчасці

Парадаксальная сітуацыя — на мінулым тыдні пачаў працу парламент, прайшоў гэтак званы Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, а галоўная тэма размоваў — усё тая самая цялушка.

Фота www.kp.by

Калі б у Беларусі была святая жывёла — гэта адназначна была б карова. Ніякая Індыя, дзе каровы лянотна разгульваюць па пляжах уздоўж акіяну, не можа параўнацца з культам каровы ў Беларусі. У Беларусі кароў транслююць у прайм-тайм па ўсіх дзяржаўных тэлеканалах, з-за іх ляцяць галовы ў чыноўнікаў самых розных рангаў, у імя чысціні кароўніка паміраюць людзі, а за карыкатуру на карову могуць забараніць прадаваць газету. Кампанія па абароне капытных, распачатая кіраўніком дзяржавы на мінулым тыдні, працягваецца дагэтуль.

Услед за чыноўнікамі пад нож пусцілі новы нумар «Белгазеты», якая крэатыўна асвятліла разнос, учынены Лукашэнкам на ферме ў Магілёўскай вобласці. Журналісты змясцілі карыкатуру на «аб....ую» карову і чыноўнікаў — удзельнікаў гэтага разносу, а таксама апублікавалі жартаўлівае інтэрв’ю з той самай каровай. Невядома, што больш абурыла Міністэрства інфармацыі, але на наступны дзень пасля выхаду нумара яно спусціла параду абмежаваць продаж нумара, а кіраўнік ведамства Алесь Карлюкевіч заявіў, што газета скацілася ў адкрытую пошласць і хамства.

Гэтымі ж днямі стала вядома пра трагічны інцыдэнт, які адбыўся напярэдадні прыезду Лукашэнкі ў агракомплекс «Купалаўскі». 50-гадовага эканаміста з Шклоўскага райвыканкама адправілі бяліць адзін з кароўнікаў, які належыць гэтаму комплексу, — чыноўнік памёр падчас працы, з вядром вапны ў руках.

Паводле сведчанняў сваякоў, кіраўніцтва райвыканкама рэгулярна адпраўляла сваіх падначаленых прыбіраць кароўнікі ды свінарнікі. Усе, канешне ж, едуць і прыбіраюць — знайсці працу са стабільным заробкам сёння ў рэгіёнах няпроста. Чаго ж абмяжоўвацца адной Магілёўшчынай? Прапануем Адміністрацыі прэзідэнта пераняць тактыку шклоўскіх крэатыўшчыкаў — відэасюжэт з Наталляй Качанавай, якая доіць карову ці дае свінням, стопрацэнтна палепшыць рэйтынг адміністрацыі і падмацуе імідж Лукашэнкі як добрага гаспадарніка.

Пакуль новыя тактыкі толькі абкатваюцца, дзеючая ўлада карыстаецца старой зарэкамендаванай тактыкай рэпрэсій ды запалохванняў. На Майсея Мазько, актывіста брэсцкай ініцыятыўнай групы, якая намагаецца спыніць будаўніцтва акумулятарнага завода ў горадзе, завялі крымінальную справу за незаконнае абарачэнне зброі і боепрыпасаў. Іншыя ўдзельнікі ініцыятыўнай групы выказалі з Мазько салідарнасць і назвалі ўсё, што адбылося, правакацыяй. Відавочна, ініцыятары будаўніцтва завода вырашылі падсмаліць пяты пратэстоўцам, таму можна чакаць далейшых правакацый.

Мала заўважаным — і гэта радуе — застаўся Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі 2 красавіка. І не проста чарговы дзень, у гэтым годзе «саюзнай дамове» спаўняецца 20 гадоў. Калі б не скандальная гісторыя ў адной са сталічных беларускамоўных гімназій, пра гэты дзень ніхто б і не прыгадаў. У сацыяльныя сеткі патрапіла афіша мерапрыемстваў да гэтага дня — тут і класныя гадзіны на тэму «Адзіны народ», і дэманстрацыя адпаведных відэаролікаў, і выстава.

Канешне, для кіраўнікоў дзяржаваў не заўважыць гэты дзень было б занадта дзёрзка, таму Лукашэнка і Пуцін абмяняліся віншаваннямі. Цікава, што Пуцін у сваім віншаванні называе беларускі і расійскі народы «братэрскімі», а вось у віншаванні Лукашэнкі гэты эпітэт адсутнічае, народы названыя ўсяго толькі «блізкімі партнёрамі» і «добрымі суседзямі». Шараговыя беларусы дык і не супраць назваць усходніх суседзяў «братамі» — дакладней, «братамі па няшчасці». У нас сапраўды шмат агульнага: аўтарытарныя кіраўнікі, адсутнасць дэмакратыі, засілле сілавікоў, карумпаваныя чыноўнікі — усяго і не пералічыць.

2 красавіка распачалася і чарговая сесія Палаты прадстаўнікоў. Дэпутаты заселі за працу ў кабінетах і абяцаюць цягам сесіі разгледзець каля 40 законапраектаў. Праўда, самы чаканы з іх — законапраект пра змены ў наркатычны 328 артыкул — можа зноў застацца непрынятым. Міністэрства ўнутраных справаў цвёрда стаіць на пазіцыях, што жорсткае антынаркатычнае заканадаўства дазволіла стабілізаваць наркасітуацыю ў краіне, і змяншаць ніжні парог пакарання не варта. Дэпутаты, якія яшчэ ўвосень гаварылі, што дакладна разгледзяць законапраект увесну, толькі паціскаюць плячыма і ківаюць на МУС — маўляў, вырашаюць яны.

Баючыся, што законапраект пра змякчэнне пакарання застанецца забытым, маці з «Руху 328» сабраліся ля беларускага парламента ў дзень урачыстага адкрыцця сесіі. У выніку дзвюх прадстаўніц руху паабяцалі запрасіць у працоўную групу па абмеркаванні антынаркатычнага заканадаўства. Жанчыны спадзяюцца, што падчас размовы «лоб у лоб» у іх атрымаецца пераканаць МУС змяніць сваю пазіцыю. Спадзяванні, хутчэй за ўсё, марныя — наша міліцыя асаблівай дабрынёй ніколі не адрознівалася. Цяжка ўявіць, што можа прымусіць ведамства Шуневіча праявіць міласэр­насць — бадай, толькі калі стаць перад скульптурай гарадавога на калені.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!