Каталікі адзначаюць Папялец

Каталікі адзначаюць Папялец — пачатак Вялікага посту. Ён пачынаецца за 40 дзён да Вялікадня. Гэта час падрыхтоўкі вернікаў праз рэкалекцыі і споведзь да найважнейшага свята ў літургічным годзе.
У Папяльцовую сераду падчас служэння ў храмах ксяндзы пасыпаюць галовы вернікаў попелам вярбы, пасвечанай летась на Вербным тыдні.

Як кажа ксёндз-вікарый з парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім Іван Кароткін, попел — гэта сімвал людскога пакаяння і самаабмежавання. Падчас посту трэба задумацца над сваімі паводзінамі.

 Гэты пост, у першую чаргу, змаганне са слабасцямі і час выпраўлення нашых адносін, прымірэння з нашымі блізкімі. Пра нешта паразмаўляць, наладзіць кантакт з пэўнымі людзьмі, з якімі мы, магчыма, разарвалі кантакты, паглядзець на сябе, што ў маёй душы, паставіць там усё на свае месцы, навесці там парадак і, сапраўды, наблізіцца да Бога.

Пасыпанне галавы попелам у літургіі суправаджаецца словамі святара: “Ты прах і ў прах вернешся”, “Кайцеся і верце ў Евангелле”. Абавязак вернікаў у Папяльцовую сераду— сціслы пост не толькі ў якасным, але і ў колькасным дачыненні. Дазваляецца толькі адзін прыём ежы дасыта. У гэты дзень прынята ўжываць стравы з селядца, бульбы, а таксама боршч, садавіну і г.д.



Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!