Каткі, каточкі, пятачкі: чаму ў Беларусі перасталі будаваць лядовыя палацы

Да 2014 года ў Беларусі збіраліся пабудаваць 52 лядовыя палацы. Што гэта было: нязграбная спроба падняць з каленяў спорт, які выпадкова стаў у Беларусі «нумарам адзін», ці палітычны піяр галоўнага хакеіста краіны? Мы ніколі не даведаемся, бо фінансавыя крызісы 2010-х літаральна знішчылі амбітныя планы чыноўнікаў. «Лядовая праграма» захлынулася.

Ніводнага новага «лядовіка» за апошнія тры гады

Праз пяць гадоў, у 2019-м, у Беларусі працуе толькі 31 лядовы палац. Апошні з іх пабудавалі аж у 2016 годзе — вядома ж, у Шклове, на малой радзіме Аляксандра Лукашэнкі. Гэта невялікая арэна ўмяшчальнасцю 315 чалавек.

Калі будуць дабудаваныя астатнія — ніхто не ведае. «Жорсткага графіка будаўніцтва сёння няма», — распавядаюць Еўрарадыё ў Міністэрстве спорту.

Як мінімум адзін чалавек у Беларусі шкадуе пра гэта:

«Насуперак любому меркаванню я буду будаваць каткі, каточкі, пятачкі, каб людзі займаліся спортам. Гэта правільна — меней у аптэку будуць хадзіць. Таму намёкі, з аднаго боку, што „ну давайце яшчэ будаваць“ ці што занадта шмат набудавалі гэтых лядовых палацаў, яны нікчэмныя. Мы будзем рабіць усё тое, што ў інтарэсах нашых людзей. Гэта не за кошт заробкаў ці пенсій тых, хто паставіў гэтае пытанне», — яшчэ ў 2017 годзе казаў Аляксандр Лукашэнка.

З таго часу ў Беларусі не пабудавана ніводнага лядовага палаца.

«Калі маразы пачынаюцца, мы заліваем каток на стадыёне»

Лепель — адзін з самых маленькіх гарадоў з тых, дзе да 2014 года мусіў з’явіцца свой лядовы палац. Сёння згадкі пра вялікі хакейны каток выклікаюць у чыноўнікаў здзіўленне.

«Нават не ведаем, што вам наконт гэтага адказаць, — гавораць у Лепельскім райвыканкаме. — Мы не абласны цэнтр. Ці ёсць у Беларусі лядовыя палацы ў раённых цэнтрах? Будаўніцтва не было нават у праекце, ніякай гаворкі пра гэта не ідзе. Вядома, хацелі б і палац, і басейн, але вы самі ўсё разумееце».

У Рэчыцы будоўля катка спынілася на стадыі планавання. У горадзе працуе фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Надзея», дзе Еўрарадыё расказалі, што замест палаца ў іх у горадзе — самаробны каток на стадыёне:

«Планавалі ў Рэчыцы будаваць [лядовы палац], але нічога не пабудавалі. Калі маразы пачынаюцца, мы заліваем каток на стадыёне. Людзі на каньках катаюцца. А лядовы палац ёсць у Гомелі».

Не атрымалася з лядовым палацам і ў Драгічыне Брэсцкай вобласці, дзе жыве крыху больш за 10 тысяч чалавек.

«Спачатку лядовы палац планаваўся. Здаецца, нават праектна-каштарысная дакументацыя была зроблена на палац, — распавядаюць Еўрарадыё ў аддзеле спорту і турызму Драгічынскага райвыканкама. — Потым мы крыху рэарганізаваліся: хацелі пабудаваць спартыўны комплекс з пляцоўкай для мініфутбола, валейбола, гандбола. Але пакуль нічога не рэалізавана».

У райвыканкаме дадаюць, што галоўная праблема — у фінансаванні. Пытанне пра фізкультурна-аздараўленчы комплекс драгічынскія чыноўнікі ўздымаюць кожны год. Але пакуль што ў горадзе няма ні комплексу, ні палаца.

«Будаўніцтва лядовага палаца абурыла б людзей»

Але, можа, канец лядовай эпохі ў Беларусі — гэта якраз той самы выпадак, калі што не робіцца — тое да лепшага? І насамрэч мае права на жыццё меркаванне, ад якога адмахваецца Лукашэнка, — пра тое, што для развіцця юнацкага хакея ў беларускіх райцэнтрах патрэбныя не грувасткія «лядовікі», а невялікія крытыя «каробкі» — але ў кожным двары?

«Не трэба будаваць палацы за дзясяткі мільёнаў долараў. Можна проста пабудаваць звычайны крыты каток, які функцыянаваў бы з сакавіка да кастрычніка, каб людзі маглі нармальна трэніравацца, — летась распавядаў Еўрарадыё хакейны трэнер Уладзімір Жабінскі са Смаргоні, які ў той час трэніраваў юнацкую хакейную каманду на дне школьнага басейна. — Я працую з хлопцамі і, блін, бачу, што знікнуць яны без катка. Яны добрыя хлопцы, але знікнуць. І ў кожным горадзе ёсць такія.

Вось у Маладзечне ёсць Лядовы палац. Ён абышоўся ў некалькі мільёнаў долараў. Навошта ён там? Яго наогул не могуць ніяк запоўніць. А колькі можна было б пабудаваць простых крытых каткоў за кошт аднаго такога палаца? Хапіла б для ўсяго Маладзечанскага раёна ці нават Мінскай вобласці.

Я бачыў у Германіі такія невялікія каткі, там усяго тры чалавекі працуюць, усе мясцовыя жыхары, часцей за ўсё бацькі дзяцей, якія там займаюцца. Там каток, па сутнасці, даглядае мясцовая супольнасць, таму што гэта для іх дзяцей. А ў горадзе ўсяго 20 тысяч насельніцтва. Проста ў нас няма такога досведу».

Ёсць у будаўніцтва лядовых палацаў і яшчэ адзін негатыўны эфект. Пра яго Еўрарадыё расказвае дэпутат Вярхоўнага Савета XIII склікання Мікалай Аксаміт, які жыве ў Ваўкавыску — яшчэ адным горадзе, дзе мусіў быць пабудаваны лядовы палац, але нешта пайшло не так.

«У Ваўкавыску абсалютна не было чуваць, каб збіраліся будаваць лядовы палац. Нават калі б і пабудавалі, дык гэта выклікала б раздражненне людзей. Працы ў горадзе няма, заробкі вельмі нізкія... Людзям праблема трапіць у паліклініку, медыкаў не хапае. А будаўніцтва лядовага палаца абурыла б людзей».

Дзе пабудуюць наступны лядовы палац?

У Міністэрстве спорту і турызму Еўрарадыё распавялі, што Дзяржаўную праграму развіцця хакея пасля 2014 года не працягнулі. Рашэнні па будаўніцтве лядовых палацаў з таго часу прымаюць мясцовыя ўлады.

«Жорсткага графіка будаўніцтва сёння няма, — кажа Еўрарадыё прэс-сакратар Міністэрства спорту Уладзімір Несцяровіч. — Усё аддадзена на водкуп мясцовым органам дзяржкіравання. У залежнасці ад неабходнасці і бюджэту яны вырашаюць, будаваць палац ці не».

Дзе пабудуюць наступны лядовы палац? Самы рэальны кандыдат — Барысаў, на гэты момант — самы буйны беларускі горад, дзе няма лядовага палаца. Там Еўрарадыё распавялі, што будоўля свайго катка мусіла пачацца яшчэ ў 2006 годзе. Усё завісла на стадыі праекта, але ёсць шанц, што работы адновяцца ў наступным годзе:

«Будоўля не ідзе, усе гэта ведаюць, — кажа намеснік дырэктара УКБ Барысаўскага раёна Арсен Саркісян. — Ёсць тэрміны праектавання. Да канца гэтага года павінен быць праект. Пры ўмове забеспячэння грашовамі сродкамі ў 2020 годзе пачнём будаваць».

Сёння чыноўнікі пагаджаюцца з Еўрарадыё: там-сям, дзе Дзяржаўная праграма развіцця хакея прадугледжвала будаўніцтва лядовых палацаў, яны ўвогуле непатрэбныя.

«Сёння будуюцца аб’екты першай неабходнасці: батут у Віцебску, басейны ў Лёзне і Верхнядзвінску. Будаваць трэба тое, што карыстаецца попытам. „Лядовік“ у Лепелі сёння наўрад ці хто загрузіць, — распавядае Еўрарадыё намеснік старшыні ўпраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Пётр Немянёнак. — Дзяржаўны рубель трэба ўкладваць туды, дзе атрымаем максімальную аддачу. У Віцебску сёння неабходны другі лядовы палац, бо першы задыхаецца. Пачаты праект крытай пляцоўкі, але праз адсутнасць фінансавання праца прыпыненая».

У той жа час лядовы палац у Оршы, пабудаваны ў 2013 годзе, быў рэальна патрэбны вялікаму гораду. Як і другі крыты каток у Наваполацку. Але адкуль узялася амбітная лічба ў 52 «лядовікі» і як у «лядовую праграму» трапілі невялічкія райцэнтры, дзе вялікі каток ніколі не змог бы акупляць сябе, — пытанне рытарычнае.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!