Каталікам адмовілі ў выходных на свята Усіх Святых і Дзяды

Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў атрымала адмоўны адказ на зварот да кіраўніка Беларусі наконт устанаўлення 1 лістапада непрацоўным днём у Рэспубліцы Беларусь.
Фота Віталія Палінеўскага

Фота Віталія Палінеўскага


1 лістапада католікі адзначаюць Дзень Усіх Святых, а 2 лістапада — Дзень памяці памерлых (Дзяды).
Адпаведнае свята Радуніца, якую святкуюць праваслаўныя вернікі, з’яўляецца афіцыйным святам, але каталіцкія дні абавязковага наведвання магілаў продкаў — звычайныя працоўныя дні, звярталі ўвагу каталікі. Таму мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначальвае Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў Беларусі, распачаў змагаецца за зʼяўленне ў дзяржаўным календары новых ці хаця б аднаго новага выходнага дня.

Адказ прыйшоў ад намесніка упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Алены Радчанка. У ім падкрэслена, што зварот Канферэнцыі біскупаў яны разглядалі сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай бароны ды Міністэрствам замежных спраў, паведамляе catholic.by.

У лісце адзначана, што з усіх дзяржаўных святаў, абвешчаных непрацоўнымі днямі ў Беларусі, тры з’яўляюцца рэлігійнымі (Божае Нараджэнне — каталіцкае і праваслаўнае, а таксама Радуніца).

Таксама ў адказе з апарата упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў чамусьці зроблена параўнанне з расійскім заканадаўствам, дзе з усіх непрацоўных святаў толькі Божае Нараджэнне па юліянскім календары з’яўляецца непрацоўным днём.

Таксама адзначана, што ўстанаўленне яшчэ аднаго непрацоўнага дня для католікаў можа падбухторыць веруючых іншых канфесій на падобныя звароты ў адрас кіраўніка Беларусі і ўрада.

Таму, беручы пад увагу гэтыя аргументы, абвяшчэнне 1 лістапада непрацоўным днём у Рэспубліцы Беларусь улады лічаць немэтазгодным.

Чытайце таксама:

Тадэвуш Кандрусевіч асудзіў рэвалюцыю і заклікаў зрабіць выходнымі Дзяды


Паводле catholic.by



Каментаваць