Кава з журналісткай, што ўмее раздвойвацца. У вачах міліцыі

Журналістка НЧ Дзіяна Серадзюк, прысуджаная 27 студзеня да 50 базавых штрафу за нібыта ўдзел у акцыі ў абарону незалежнасці,  запрашае на каву. 


Наша журналістка Дзіяна Серадзюк валодае дзіўнай якасцю: знаходзіцца адначасова ў двух розных месцах.

Гэта калі верыць сведчанням міліцыянтаў пра тое, што Дзіяна нібыта разам з іншымі апазіцыянерамі ўдзельнічала ў акцыі супраць інтэграцыі на Кастрычніцкай плошчы каля ёлкі, трымала сцяг, крычала «Жыве Беларусь!»... у той самы час, як знаходзілася ў іншым раёне горада.

Тады нястомны беларускі суд не закрыў справу, а адправіў на дапрацоўку. І вось, паводле «дапрацаваных успамінаў», Дзіяну судзяць ужо за выкрыкі «Жыве Беларусь» у парку Купалы трыма гадзінамі пазней. Выкрыкі пацвярджаюцца... фотаздымкам.

У фотаздымка таксама дзіўны лёс — зроблены ён не на месцы «правапарушэння», а яшчэ ля ўваходу ў парк. Прычым фотаздымак на асабісты тэлефон опера Астафьева, падшыты да справы 15 студзеня, дзіўным чынам супадае са здымкам з нейкай відэакамеры, падшытым да справы ў снежні, па матывах якога быў складзены пратакол за Кастрычніцкую.

А што наконт сведчанняў тых жа самых міліцыянтаў пра тое, што яны бачылі Дзіяну ў зусім іншым месцы і ў іншы час — дык памыліліся ж! Бывае!

Вось так, нягледзячы на падпіску аб адказнасці за дачу загадзя ілжывых паказанняў супрацоўнікі сілавых структур могуць абсалютна беспакарана мяняць свае сведчанні. А суд на іх падставе карае — пакуль суткамі і штрафамі. За нібыта ўдзел у мірнай акцыі ў абарону незалежнасці наша калега атрымала гіганцкі штраф — 50 базавых велічыняў, гэта 1350 рублёў.

Нашы заробкі невялікія, як кажа Дзіяна, для яе гэтая сума непад'ёмная. Таму яна звяртаецца да людзей па дапамогу ў зборы сродкаў на аплату штрафа. «А ўзамен мы з вамі можам выпіць кавы/гарбаты/чаго іншага. Не ўпусціце шанец, бо нават АМАПаўцы прызналі, што я — асоба вядомая (пэўна, яны пільна сочаць за Прэміяй Асамблеі НДА «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці», паводле якой мне дасталася перамога ў намінацыі «Журналістка года-2019»), ды і проста прыгожая дзяўчына», — запрашае Дзіяна.

Калі вы хочаце падтрымаць Дзіяну, зрабіць памоцнае ахвяраванне можна тут. Хацелася б, каб гэтыя грошы пайшлі на выпраўленне зроку супрацоўнікаў унутраных спраў, якія так памыляюцца падчас выканання службовых абавязкаў, бо сумленне, як вядома, за грошы не выправіш.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: