Казацкая шабля папоўніць фонды Музея Беларускага Палесся

Казацкая шабля 17-га стагоддзя ды рэшткі старадаўняй жывёлы, знойдзеныя ў час рэканструкцыі Пінска да берасцейскіх “Дажынак–2014”, захоўваюцца ў Музеі Беларускага Палесся.



Фота p-v.by


Паводле папярэдняй версіі археолага, прафесара Пятра Лысенкі, косткі належаць першабытнаму быку — туру, а шабля — паўстанцу ўкраінскага гетмана Багдана Хмяльніцкага.

Пакуль экспанаты не могуць папоўніць музейныя фонды. У Менску праходзіць навуковая экспертыза костак, а на шаблю трэба аформіць неабходныя дакументы. Намесніца дырэктара музея Святлана Лазюк адзначае, што гэта вымагае шмат часу:

Усё тое, што раскапаў Лысенка, усе археалагічныя знаходкі, пазней атрымае музей пасля дадатковай навуковай апрацоўкі. Хоць экспанаты і захоўваюцца ў нас, але інстытут павінен даць дазвол, і толькі тады экспанаты афіцыйна перададуць нам. А гэта працяглы працэс, на жаль.

Пётр Лысенка ўважліва сочыць за будаўнічымі працамі ў гістарычным цэнтры горада над Пінай. Ён перакананы, што дзядзінец палескай сталіцы захоўвае шмат таямніц.

Вельмі сімвалічна, бо шабля будзе захоўвацца ў будынку, каля якога яе знайшлі, і верагодна, што тут жа загінуў яе ўладальнік у час змагання за Пінск у палове 17-га стагоддзя. Жыхары горада над Пінай падтрымалі паўстанне казацкага гетмана Багдана Хмяльніцкага. Крыніцы сведчаць, што менавіта ў езуіцкім калегіуме казакі трымалі моцную абарону. Святлана Лазюк гэтаму не здзіўляецца. Будынак будавалі з улікам магчымых вайсковых падзей:

Рэч у тым, што калегіум будаваўся не толькі як школа манахаў, кляштар, але і фартыфікацыйнае збудаванне. Бо ўсе каменныя збудаванні 1618 стагоддзяў — гэта і фартыфікацыйныя збудаванні. У выпадку вайны, асады яны  маглі прымаць асаду.

Паводле Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: