Кажанаполіс зноў адкрывае дзверы. Рукакрылых чакае на зімоўку ўтульная лядоўня

Другі сезон запар праект «Кажанаполіс» дапамагае беларусам ратаваць рукакрылых, прямаючы ад насельніцтва небарак-кажаноў, што залятаюць у пад’езды ці нават жылыя квартэры.

Гэтым годам валанцёры праекту планавалі распачаць прыём кажаноў са снежня, але надвор’е ўнесла ў планы ратаўнікоў свае карэктывы.

Звычайна сезон зімовага сну ў кажаноў пачынаецца з надыходам маразоў. Засынаючы, яны зніжаюць тэмпературу да тэмпературы навакольнага асяроддзя.

«Кажаны вісяць на сцяне ці сядзяць, забіўшыся ў шчыліну. У Беларусі яны не спяць у дуплах, бо яны прамярзаюць узімку да тэмпературы навакольнага асяроддзя. Таму калі прыйдуць маразы да -20С, то яны гінуць. І кажаны выбіраюць больш стабільныя месцы — штучныя падзямеллі: падвалы, шчыліны, — распавядае навукоўца Аляксей Шпак. — Ім падабаюцца месцы, дзе няма чалавека, але ў нас няма натуральных падзямелляў, гор і пячор. Таму ў нас кажаны вымушаныя зімаваць у так званых антрапагенных сховішчах. Не тое каб яны жылі ў сімбіёзе з чалавекам, але чалавек стварае для іх сховішча.

Узімку яны часта трапляюць у вельмі небяспечныя сітуацыі: пачынаюць зімаваць побач з чалавекам і не знаходзяць для гэтага месца. Шмат кажаноў знаходзіць месца у пад’ездах, на вуліцы, у снезе.

Людзі, якія знаходзяць кажаноў, звычайна тэлефануюць у МНС, Мінпріроды, камітэты Мінпріроды — і звычайна ўсе гэтыя званкі перанакіроўваюцца да мяне. Мы прыязджаем да людзей і забіраем жывёл».

 

Актывісты праекту нагадваюць, што калі вы знайшлі на вуліцы ці ў хаце кажана, то можна неадкладна паведаміць пра гэта па тэлефоне +375 29 213 92 57 (МТС, Viber, WhatsApp) і ў жывёлы з'явіцца шанец перажыць зіму.


Дарэчы, першы кажан апынуўся ў лядоўні ў першы ж дзень другога сезону працы “Кажанаполіса”.

“Кажанаполіс” шукае валанцёраў, якія б дапамагалі даглядаць за рукакрылымі. Стаць валанцёрам можа любы жадаючы, які мае трохі вольнага часу і шмат цікаўнасці да кажаноў.

Паводле greenbelarus.info


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!