КДБ: Чыж віну прызнаў і кампенсаваў шкоду

У Камітэце дзяржаўнай бяспекі пацвердзілі інфармацыю аб тым, што бізнэсоўцу Юрыю Чыжу змененая мера стрымання.

Фота: bel.sputnik.by

Фота: bel.sputnik.by


У КДБ адзначылі, што ў дзяржаве існуе адзіны падыход да расследавання фінансавых злачынстваў незалежна ад асобы чалавека. Калі абвінавачаны віну прызнаў і кампенсаваў шкоду, то адпадае неабходнасць яго далейшага ўтрымання пад вартай.

«Усе рашэнні па гэтай крымінальнай справе прыняты ў строгай адпаведнасці з ч.1 арт. 88 (вызваленне ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з добраахвотнымі кампенсацыяй нанесенай шкоды, выплатай даходу, атрыманага злачынным шляхам) Крымінальнага кодэкса Беларусі», — паведаміў кіраўнік прэс-службы КДБ Беларусі Дзмітрый Пабяржын.

Іншых камэнтароў ад Камітэта дзяржбяспекі атрымаць не ўдалося, таксама як ўдакладніць, якая мера стрымання абраная для Юрыя Чыжа — падпіска аб нявыездзе ці хатні арышт.

Нагадаем, напярэдадні стала вядома, што адзін з найбагацейшых людзей у краіне Юрый Чыж выйшаў з СІЗА КДБ і нават ужо паспеў папарыцца ў лазні. Журналісты даведаліся пра гэта на дзень пазней: сам бізнесмен пацвердзіў, што яго выпусцілі 14 верасня пад падпіску аб нявыездзе.

11 верасня Аляксандр Лукашэнка сказаў, што «справа Чыжа» знаходзіцца на кантролі ў прэзідэнта. «І не толькі таму, што ён буйны бізнесмен. Ён недалёка часам быў ад прэзідэнта ... Многія асацыявалі яго паводзіны з імем прэзідэнта. Мне гэта неабыякава, шчыра кажу», — прызнаўся Лукашэнка. Разам з тым ён паведаміў, што бізнэсоўцу ўжо прад'яўленыя абвінавачванні і Чыж гатовы пакрыць шкоду, якая складае «12 ці 13 мільёнаў». Прэзідэнт таксама адзначыў, што «калі ён мяне пра нешта папросіць, я разгледжу ягоную просьбу».

У СІЗА бізнэсмэн знаходзіўся з сакавіка 2016 года. Разам з ім туды трапілі яшчэ пяць чалавек, якія падазраюцца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры. Дарэчы, 23 жніўня на волю выйшаў і шматгадовы партнёр Чыжа па бізнесе Уладзімір Япрынцаў.


Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: