КДК: энергетыкі трацяць грошы на дарагія машыны, і гэта адбіваецца на тарыфах

Значны аб’ём фінансавання «Белэнерга» накіроўвала «на мэты, не звязаныя з павышэннем надзейнасці і эканамічнасці энергасістэмы», адзначыў старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў, паведамляе «Радыё Свабода».



Калегія Камітэту дзяржаўнага кантролю разгледзела вынікі праверкі абгрунтаванасці выдаткаў, што ўключаюцца ў сабекошт вытворчасці цеплавой і электрычнай энергіі арганізацыямі Міністэрства энергетыкі, паведамляе сайт Дзяржкантролю.

Праверка, якую праводзіў Камітэт дзяржкантролю, паказала, што мадэрнізацыя цепласетак у Беларусі праводзіцца нізкімі тэмпамі. Як правіла, гэта тлумачаць дэфіцытам сродкаў, але пры тым значны аб’ём фінансавання накіроўваецца «на мэты, не звязаныя з павышэннем надзейнасці і эканамічнасці энергасістэмы», адзначыў старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў.

У якасці прыкладу Анфімаў прывёў будаўніцтва сяміпавярховага офіснага будынка плошчай 7 тысяч квадратных метраў у цэнтры Мінску для размяшчэння апарату ДВА «Белэнерга», у якое ўжо ўкладзена каля 2,9 мільёна долараў (у цэлым жа кошт праекту — каля 9 мільёнаў долараў).

«Але сродкі трацяцца на набыццё дарагіх легкавых аўтамабіляў, у тым ліку праз заліковыя схемы з даўжнікамі за спажытыя энергарэсурсы», — заявіў старшыня Камітэту дзяржкантролю.

Арганізацыі энергасістэмы накіроўваюць грашовыя сродкі на ўтрыманне апарату Дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Белэнерга» за нібыта аказаныя кансультацыйныя паслугі, якіх фактычна не было. У 2017 годзе па такой схеме «Белэнерга» атрымала на сваё ўтрыманне каля 7 мільёнаў беларускіх рублёў.

Чытайце таксама:

7 млн за кансультацыі, якіх не было. КДК расказаў пра карупцыю ў Мінэнерга

У цэлым па выніках праверкі па розных кірунках у энергетыцы выяўлены нявыкарыстаныя рэзервы зніжэння выдаткаў на агульную суму больш як 120 мільёнаў долараў, адзначыў Леанід Анфімаў.

Год таму Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў у Камітэта дзяржкантролю разабрацца з фармаваннем тарыфаў у энергетыцы.

«Вы глядзелі, як яны (энергетыкі. — рэд.) фармуюць свае тарыфы, колькі прыбытку закладваюць? Разбярыцеся, якія вызначаны ім заробкі, за што ўтрымліваюць свае крутыя санаторыі, базы і іншае. Жыраваць за кошт грошай людзей недапушчальна ні для кога! І калі такія факты будуць выяўленыя да наступнага вашага ўдакладнення тарыфаў, міністру трэба шукаць іншую працу», — сказаў тады Лукашэнка.

У пачатку траўня 2018 году Лукашэнка звольніў міністра энергетыкі Уладзіміра Патупчыка.

Паведамлялася, што пры падтрымцы міністра быў арганізаваны сямейны бізнес у пастаўках будматэрыялаў па завышаных цэнах. Міністэрства энергетыкі некалькі месяцаў заставалася без міністра, толькі 31 жніўня на гэтую пасаду прызначылі Віктара Каранкевіча.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: