«Кібер Партызаны» абяцаюць «хістаць рэжым», пакуль не ўпадзе

«Кібер Партызаны» распавялі ў інтэрв'ю «Еўрарадыё», што дзяржсайты — гэта так, забава.



«Кібер Партызаны» навялі шораху ў беларускім сегменце інтэрнэту. Хакеры спрабуюць «пакласці» інфармацыйныя сістэмы розных дзяржорганаў і ўжо аб'яўлялі аб атаках на мытны камітэт, сістэму АРІП, сайт МУС і іншыя інфармацыйныя рэсурсы.

Хто гэтыя людзі, ці ёсць у іх кіраўнік, адкуль яны «працуюць»? Усе гэтыя пытанні пакуль што застаюцца без адказу. Еўрарадыё ўдалося раскруціць «Кібер Партызан» на невялікае інтэрв'ю.

Еўрарадыё: Як бы вы вызначылі сябе?

Партызан: Вызначэнне нас — супраціў, віртуальны пратэст, кіберфронт. Мэта — аднавіць справядлівасць, націснуць на рэжым Лукашэнкі, каб той хутчэй вызваліў нашу краіну.

Еўрарадыё: Якія вашыя далейшыя намеры? Калі вы зразумееце, што час згортвацца?

Партызан: Мы збіраемся сфармаваць кіберсуполку, з якой не зможа даць рады састарэлая сістэма «саўка». Актыўнасць будзе павялічвацца. Калі мы даможамся змены ўлады, то пераключым тумблер у рэжым стварэння.

Еўрарадыё: Як доўга вы плануеце «хістаць рэжым»?

Партызан: Пакуль не ўпадзе. Нас пакуль не ўспрымаюць сур'ёзна, але ўсё ідзе сваім парадкам. У адваротным выпадку мы дойдзем да грашовых аперацый, а пакуль былі толькі папярэджанні.

Еўрарадыё: Супраць каго накіраваны вашыя атакі? Як вы выбіраеце мэты?

Партызан: Некарэктнае пытанне. Выбіраем паслядоўна.

Еўрарадыё: Ці варта шараговым грамадзянам Беларусі баяцца кіберпартызан?

Партызан: Не, не варта, і мы адчуваем падтрымку большасці. Нават калі мы прыносім нязручнасці, то яны часовыя.

Еўрарадыё: Як бы вы ацанілі абарону сайтаў беларускіх дзяржорганаў?

Партызан: Калянулявая. Дзяржаўныя сайты — гэта так, забава.

Еўрарадыё: Як, па-вашаму, улада, якая змагаецца за выжыванне, будзе рэагаваць на кібератакі?

Партызан: Адкажу пытаннем на пытанне: а як яна можа рэагаваць?

Еўрарадыё: Ці сустрэлі вы нейкі сур'ёзны супраціў з боку дзяржаўных кіберабаронцаў?

Партызан: Не, не сустрэлі. Нават паклалі іх сайты ў тым ліку.

Еўрарадыё: Хочаце яшчэ што-небудзь дадаць?

Партызан: Так. БелТА будзе нашай.

Паводле інфармацыі Еўрарадыё, на актыўнасць «партызан»  ужо звярнулі ўвагу ў Кіраўніцтве справамі прэзідэнта. Орган улады падрыхтаваў «план мерапрыемстваў» па абароне сваіх сайтаў у сувязі з «узнікненнем у апошні час шкоднага ўздзеяння на афіцыйныя сайты дзяржаўных органаў і арганізацый».

euroradio.pl 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: