Трэці дзень суда. Кіно і БелТА

Калі папярэднія два дні суда над галоўнай рэдактаркай TUT.BY Марынай Золатавай, хутчэй, нагадвалі цырк, то трэці дзень працэсу можна параўнаць з кіно: і па змесце (у судовай зале дэманстравалі відэа) і па ўзроўню драматургіі, якога дасягалі паказанні сведак.




Пра першы дзень суда над Марынай Золатавай чытайце тут, пра другі дзень — тут.

Колькі словаў пра карпаратыўную культуру

У трэці дзень судовага пасяджэння, дапытвалі супрацоўнікаў TUT.BY. Першай выклікалі гендырэктара ТАА «Тутбай медыя» Людмілу Чэкіну і доўга распытвалі пра структуру і арганізацыю працы ў кампаніі і, прыватнасці, мастацка-рэдакцыйным аддзеле, які ўзначальвае Марына Золатава. Пракурор Юлія Харчэйкіна выпытвала, што азначае слова «падначаленасць» у адносінах паміж Золатавай і яе супрацоўнікамі і яўна спрабавала падвесці да таго, што галоўрэд аддае загады, якія яе падначаленыя абавязаныя выконваць. Але нешта не атрымлівалася. Бо Чэкіна тлумачыла: кіраванне Золатавай выражаецца ў планаванні працы аддзела. У распрацоўцы канцэпцыі партала. У высоўванні прапаноў па ўдасканаленні працы. Распавядала пра тое, што давер, карпаратыўная культура і чалавечныя стасункі вызначаюць працу ў калектыве.

Людміла Чэкіна

Кіраванне аддзелам з боку Золатавай, значэнне якога ўсё ніяк не магла зразумець пракурор, заключаецца не ў адсочванні дзейнасці кожнага супрацоўніка. А ў тым, каб сайт напаўняўся, у навін былі прагляды, запланаваныя праекты рэалізоўваліся. Якім чынам — гэта ўжо галаўны боль не столькі Золатавай, колькі супрацоўнікаў, якія непасрэдна выконваюць пастаўленыя задачы. Увогуле, журналісцкі працэс вельмі складана (а па шчырасці — і не варта) фармалізаваць, заціснуць у жорсткія рамкі дакументаў, загадаў, статутаў. Безумоўна, асноўныя нарматывы рэгулявання журналісцкай дзейнасці быць павінны: той жа закон «Аб СМІ», кодэкс журналісцкай этыкі, статут і ўнутраныя правілы рэдакцыі… Але немагчыма рэгламентаваць працэс выпуску навін.

Як паказала Людміла Чэкіна, ніякім дакументам не замацавана падпарадкаванне супрацоўнікаў усім загадам галоўнага рэдактара. На партале існуюць досыць дэмакратычныя адносіны, і ў выпадку спрэчных пытанняў апошняе слова належыць генеральнаму дырэктару.

«Які тады сэнс увядзення пасады Золатавай?», — здалася пракурор, калі пачула, што ніякага ўзгаднення таго, што публікаваць, а што не, паміж галоўным рэдактарам і выпускаючым не адбываецца. Дзяржабвінаваўцу здзівіла і тое, што ўсе пытанні ўнутры аддзела абмяркоўваюцца калегіяльна, а ўсе 55 супрацоўнікаў мастацка-рэдакцыйнага аддзела вырашаюць час сваіх адпачынкаў без прыцягнення да гэтага галоўнага рэдактара. Што зробіш: у Беларусі прывыклі, што ўсе пытанні — ад павышэння надояў у асобна ўзятай гаспадарцы да знешнеэканамічных сувязяў — звычайна вырашае адзін кіраўнік…

Увогуле падчас допыту Людмілы Чэкінай не мог не кінуцца ў вочы кантраст у параўнанні з допытам кіраўнікоў БелТА і «СБ». Калі героі першых двух дзён працэсу весялілі публіку няўцямнымі адказамі адносна ходу спраў у сваіх кампаніях, то ў выпадку з Чэкінай відавочным было дакладнае веданне арганізацыі працы на партале.

Матэрыялы «падчысцілі», а Золатаву праслухоўвалі беспадстаўна?

На думку Людмілы Чэкінай, супрацоўнікі чыталі белтаўскую стужку па звычцы, якую (разам з паролямі) маглі пераняць з папярэдніх месцаў працы ў дзяржаўных рэдакцыях. 

«Мы лічам, што супрацоўнікі вінаватыя ў гэтым плане, пагасілі шкоду, хаця не згодныя з яе памерам і разлікамі. Мы ацэньваем гэтае правапарушэнне як грамадзянскае, а не крымінальнае», — патлумачыла яна. 

Сведка звярнула ўвагу, што тыя два матэрыялы, якія з’явіліся на TUT.BY раней, чым на сайце БелТА, выклікаюць шмат пытанняў, бо былі апублікаваныя з вельмі вялікай розніцай у часе — дзве гадзіны. Да таго ж гэтыя матэрыялы маюць збой у парадкавых нумарах, што выглядае дзіўна. Цяпер на сайце БелТА гэтыя матэрыялы выдаленыя з архіву, таму немагчыма пабачыць, калі яны насамрэч былі размешчаныя.

Яшчэ адзін важны момант: тэлефонныя размовы Марыны Золатавай праслухоўваліся на незразумелай падставе. Апублікаваны беларускім тэлебачаннем запіс яе размовы з выпускаючым рэдактарам TUT.BY Ганнай Калтыгінай датаваны 19 сакавіка — яшчэ да таго, як ад БелТА паступіла заява ў міліцыю.

Згаданы запіс пацвярджае і тое, што толькі падчас размовы Золатава даведалася аб выкарыстанні Калтыгінай пароляў ад БелТА. Галоўрэд выразіла сваё меркаванне, што гэта «кепска», і суразмоўцы прыйшлі да высновы аб немэтазгоднасці афармлення платнай падпіскі на БелТА. Як адзначыла Чэкіна, Золатава не ведала, што заходы на платную стужку БелТА працягваліся пасля гэтай размовы.

Націснулі?

Сведка Уладзіслаў Кулецкі, былы супрацоўнік TUT.BY, галоўны рэдактар Realt.by, таксама быў фігурантам крымінальнага пераследу па «справе БелТА» і сплаціў выстаўленую шкоду. Ён прызнаўся, што карыстаўся паролем ад платнай падпіскі на БелТА па звычцы, і не бачыў у гэтым нічога крымінальнага. Дадаў, што ніякіх пераваг выкарыстанне платнага кантэнту БелТА не давала, бо яны могуць быць толькі калі журналіст здабыў эксклюзіўную інфармацыю, а не тую, якую бачаць усе падпісанты інфармагенцтва. З гэтым цяжка не пагадзіцца.

Уладзіслаў Кулецкі

Падчас допыту Кулецкі зрабіў сенсацыйную заяву: асобныя паказанні ў ходзе вытворчасці па справе яму навязвалі следчыя. Так, у дасудовых паказаннях Кулецкі сцвярджаў, што супрацоўнікі парталу карысталіся платнай падпіскай на БелТА, і ўсе гэта ведалі, у тым ліку кіраўніцтва. Аднак на судзе ён патлумачыў, што гэтая частка паказанняў была напісана следчым, які пагражаў пачаць ціск на супрацоўнікаў Кулецкага з Realt.by, калі ён не падпіша іх.

«Яны хацелі атрымаць ад мяне звесткі, што менавіта Золатава і Калтыгіна давалі мне гэтыя ўказанні (карыстацца платнай падпіскай на БелТА. — НЧ). Я казаў, што гэтага не было, але запісалі (у пратаколе. — НЧ) па-іншаму», — заявіў Кулецкі.

Суду давялося прадэманстраваць відэа з допыту сведкі ў Следчым камітэце, дзе ён дае паказанні, з якіх вынікае, што Золатава і Калтыгіна ведалі пра выкарыстанне супрацоўнікамі пароляў ад БелТА і не перашкаджалі гэтаму.

«Вядома, на запісе момантаў ціску няма. Калі б я не быў згодны з паказаннямі на відэазапісе, я б адтуль не выйшаў. Быў ціск, што я павінен быў сказаць, што Золатава ведала і давала загад карыстацца паролем», — патлумачыў сведка.

Апроч гэтага, адносна Кулецкага засмучае яшчэ адна дэталь: у датычны да справы перыяд часу (са студзеня 2017 па ліпень 2018-га) ён на TUT.BY ужо не працаваў. Навошта тады яго дапытваць?..

Марына Золатава звярнула ўвагу яшчэ на адно супярэчанне ў паказаннях Кулецкага: з аднаго боку ён выказвае сваё меркаванне аб тым, што галоўрэд ведала пра выкарыстанне пароляў, з іншага кажа, што ніхто ў рэдакцыі аб гэтым не распаўсюджваўся. Сам Кулецкі сцвярджае, што паказанні на відэа — выключна яго меркаванне, а не наяўны факт.

220 долараў за чытанне нататкі

Пасля перапынку судовая драма стала зноў набываць рысы камедыі. Дынамікі пасяджэнню дадала Ульяна Бабаед, вядучы рэдактар TUT.BY, якая таксама па звычцы выкарыстоўвала пароль ад БелТА пасля сыходу з працы ў «КП». Яна звярнула ўвагу, што пасля звальнення ў яе не было ніякіх юрыдычных забарон на выкарыстанне пароля. Як вынікае з матэрыялаў следства, усе навіны з платнай падпіскі БелТА з’яўляліся ў адкрытым доступе значна раней да таго, як Ульяна Бабаед заходзіла ў падпіску.

Ульяна Бабаед

Золатава не мела ніякай тэхнічнай магчымасці ведаць, ці чытала Бабаед падпіску БелТА, бо астатнія навіны апошняя чытала не на працы. Сведка дадала, што яна заплаціла больш за 8 500 рублёў, калі падзяліць гэта на 19 прачытаных ёю нататак, атрымаецца 450 рублёў ці 220 долараў за нататку. Ульяна Бабаед абураная, што Марыну Золатаву абвінавачваюць у тым, што зрабіла не яна і не рэдакцыя (як юрыдычная асоба), а яе супрацоўнікі. Назваць гэта злачынствам ці «несанкцыянаваным доступам» сведка не можа, бо не было дакумента, які забараняў бы выкарыстанне пароля ад платнай падпіскі БелТА.

Пасля гэтага сведка папулярна патлумачыла пракурору значэнне слова «копіпаст», а таксама розніцу паміж асабістымі і працоўнымі інтарэсамі выкарыстання падпіскі БелТА. А потым і ўвогуле адмовілася адказваць на пытанні пазоўніка ад «СБ».

І вось яна — кульмінацыя: Ульяна Бабаед заяўляе, што падчас папярэдняга следства на яе аказваўся ціск. У прыватнасці, кіраўнік следчай групы крычаў на яе, патрабаваў агаварыць Золатаву, абвінавачваў, што яна не асвятляе дзейнасць Лукашэнкі, і ўвогуле ёй не прадаставілі адваката. Пасля гэтага ў судзе прадэманстравалі відэа допыту Ульяны Бабаед, дзе яна кажа, што атрымала на TUT.BY спіс сайтаў, інфармацыю якіх варта выкарыстоўваць для падрыхтоўкі публікацый (у тым ліку БелТА), і Марына Золатава была ў курсе сітуацыі з выкарыстаннем супрацоўнікамі платнай падпіскі інфармагенцтва.

Напрыканцы гэтага дрэннага кіно застаецца дадаць толькі адну дэталь: паказанні Кулецкага і Бабаед, дадзеныя падчас следства, не могуць быць доказамі ў судзе, паколькі самі сведкі тады былі ў статусе абвінавачаных па «справе БелТА». Але ці зверне высокі суд увагу на такую «дробязь»? Даведаемся ў наступных серыях. Працяг серыялу — заўтра, на тым жа месцы ў той жа час.

Фота аўтаркі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!