Кіраўніца Саюза палякаў Анжаліка Борыс атрымала 15 сутак за арганізацыю кірмашу рамеснікаў

Старшыню не прызнанага беларускімі ўладамі (але прызнанага польскімі) Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак. Прычына затрымання Борыс — арганізацыя традыцыйнага свята рамеснікаў «Гродзенскія Казюкі-2021».


Анжаліку Борыс затрымалі 23 сакавіка. Яна паспела напісаць у сваім Facebook, што едзе ў Ленінскі РАУС. На волю адтуль яна не выйшла, да суда яе пакінулі ў ІЧУ, нагадвае TUT.BY.

Сёння, 24 сакавіка, у судзе Ленінскага раёна была разгледжаная адміністрацыйная справа па факце парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Анжаліка Борыс атрымала 15 сутак арышту. Гэтае рашэнне суда яна будзе абскарджваць.

Справа ў тым, што ў Гродне ў сакавіку ўжо некалькі гадоў паралельна праводзяцца два святы рамеснікаў «Казюкі». Адно арганізоўвае зарэгістраваны ў Беларусі Саюз палякаў. Кірмаш праходзіць на галоўнай вуліцы горада — Савецкай або на плошчы Савецкай, як гэта было сёлета. Сюды прыязджаюць шмат рамеснікаў з розных гарадоў Беларусі.

Другое свята праводзіць не прызнаная ўладамі арганізацыя. Гэты кірмаш мае камерны фармат.

На затрыманне Анжалікі Борыс ужо адрэагавала МЗС Польшчы, якое заклікае «пакласці канец пераследам польскай меншасці». Пра гэта гаворыцца ў заяве, размешчанай на афіцыйным сайце знешнепалітычнага ведамства.

У заяве адзначаецца, што МЗС выказвае сваю нязгоду з затрыманнем Анжалікі Борыс, кіраўніцай Саюза палякаў Беларусі. Пра гэта было заяўлена часоваму паверанаму ў справах Беларусі, якога ў аўторак вечарам выклікалі ў польскае знешнепалітычнае ведамства.

Прадстаўнік беларускай дыпламатыі атрымаў недвухсэнсоўнае паведамленне аб тым, што дзеянні беларускіх улад супярэчаць міжнародным абавязацельствам Беларусі па абароне нацыянальных меншасцей і двухбаковым польска-беларускім абавязацельствам па абароне польскай меншасці.

У МЗС паказваюць, што дзейнасць Саюза палякаў у Беларусі накіраваная на культываванне польскай культуры і традыцый, падтрымку польскай адукацыі і вывучэнне польскай мовы. Арышт кіраўніцы арганізацыі раўназначны выгнанню польскай ідэнтычнасці, наносіць удар па адносінах паміж краінамі і па традыцыйным беларускім мультыкультуралізме.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: