Кіраўніцтва ПВТ сцвярджае, што «з ІТ усё ОК». Лічбы гэта абвяргаюць

Кіраўнік Парку высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі называе мінулы год «рэкордным па выніках працы». «Свабода» падлічыла, колькі спецыялістаў з'ехалі за той год.

Усевалад Янчэўскі падвёў вынікі працы Парка высокіх тэхналогій за мінулы год: «Экспарт вырас да 2,7 мільярда долараў, з'явіліся сотні новых рэзідэнтаў».

Пры гэтым ёсць іншыя лічбы, якіх кіраўнік ПВТ не згадаў.

Тэмп росту запаволіўся на 27%

За 2018 год рост экспарту паслуг ПВТ вырас на 38%, за 2019 год — на 52%. За 2020 год рост экспарту паслуг, паводле слоў Янчэўскага, склаў 25%. То-бок, тэмп росту знізіўся на 27% у параўнанні з 2019 годам і на 13% — у параўнанні з 2018 годам.

У дыскусіі з экспертамі ІТ-галіны, якую ладзіла «Свабода», многія зважалі на тое, што «ў 2020 годзе беларускія ІТ-кампаніі працавалі па дамовах і кантрактах, заключаных раней». Таму эфект ад палітычнага крызісу і хвалі рэлакацый па выніках 2020 году ацэньваць зарана.

Толькі Польшча выдала 2500+ віз беларускім айцішнікам

Пасля выбараў у Беларусі і гвалту, які пачаўся потым, Польшча запусціла ў верасні праграму рэлакацыі для беларускіх айцішнікаў. Паводле даных на сярэдзіну сакавіка, паслугамі гэтай праграмы скарысталіся больш за 2500 беларускіх айцішнікаў.

Гэта шмат ці не? Гэта больш, чым працуе ў беларускай кампаніі «Itransition», адной з найбуйнейшых (2050 чалавек).

Больш за 10 буйных ІТ-кампаній з Беларусі адкрылі офісы за мяжой

Паводле даных за люты, ужо больш за 10 буйных беларускіх ІТ-кампаній адкрылі свае офісы за мяжой.

Сярод самых буйных:

«Itransition». 2050 супрацоўнікаў. Зарэгістравалі офіс у Літве.

«iTechArt Group». 1590 супрацоўнікаў. Зарэгістравалі офіс у Польшчы.

«Coherent Solutions». 1200 супрацоўнікаў. Зарэгістравалі офіс у Літве.

«LeverX». 650 супрацоўнікаў. Зарэгістравалі офіс у Варшаве.

«Elinext». 350 супрацоўнікаў. Зарэгістравалі офіс у Варшаве.

17 кампаній з Беларусі зарэгістравалі свае офісы ў Латвіі.

Больш за 40% айцішнікаў плануюць пераезд

15% ІТ-спецыялістаў ужо не працуюць у Беларусі — такія даныя апытання парталу Dev.by на канец студзеня. У верасні партал праводзіў падобнае апытанне; тых, хто з'ехаў, тады было 4%. У апошнім апытанні ўзялі ўдзел 1150 спецыялістаў, большасць — супрацоўнікі аўтсорсінгавых кампаній, траціна — прадуктавых.

40% апытаных заявілі, што маюць планы з'ехаць з Беларусі. Яшчэ ў верасні палова апытаных у падобным апытанні казалі, што пакуль не плануюць пераезд.

70% кіраўнікоў ІТ-кампаній чакаюць пагаршэння ўмоў працы

Такія вынікі апытання, у якім узялі ўдзел 142 кіраўнікі беларускіх ІТ-кампаній. Апытанне праводзілася ў рамках прафесійнай супольнасці «Belarus IT Companies Club» (BICC) у студзені гэтага года і было прысвечана ўплыву на IТ-галіну павышэння падаходнага падатку з 9% да 13%.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: