Кіраўніцтва Рагачоўскага МКК абвяргае інфармацыю пра магчымае скарачэнне рабочых

Кіраўніцтва ААТ «Рагачоўскі МКК» абвяргае распаўсюджаную некаторымі сайтамі інфармацыю аб запланаваным масавым скарачэнні рабочых і эканамічных праблемах на прадпрыемстве. 



У прыватнасці рэгіянальны сайт vrogacheve.ru паведамляў пра планы кіраўніцтва завода скараціць 300 рабочых, перайсці на чатырохдзёнку, пра запаўненне складоў згушчаным малаком.
 
 
«Спецыяльна чуткі распускаюць. Прыйшоў на завод новы дырэктар, дык трэба бударажыць калектыў. Людзей ніхто скарачаць не будзе», — пракаментаваў сітуацыю першы намеснік генеральнага дырэктара Мікалай Кацянкоў.
 
 
Абвяргае ён інфармацыю і пра чатырохдзённы працоўны тыдзень. «Як мы можам перайсці на чатыры дні працы, калі нам малако вязуць кожны дзень? Гэта дзіцячы лепет», — дадаў першы намеснік гендырэктара.
 
 
Разам з тым Кацянкоў прызнаў, што з рэалізацыяй згушчанага малака «ёсць пытанні», таму што ў снежні 2014-га — студзені 2015 года былі праблемы з пастаўкамі гэтага прадукту ў Расію.
 
 
У лютым 2015 года завод узначаліў новы кіраўнік — Іван Калупаха, які раней кіраваў КЖУП «Светач» у Светлагорску, а ў 2006—2009 гадах — гарналыжным комплексам «Мазыр».
 
 
У Мазыры ў дачыненні да дырэктара гарналыжнага комплексу распачыналася крымінальная справа, ён абвінавачваўся ў неналежным выкананні службовых абавязкаў, якое пацягнула масавае траўмаванне грамадзян. На курорце атрымалі розныя траўмы, у тым ліку цяжкія, з 2007 года 82 чалавекі. Крымінальная справа ў дачыненні да дырэктара была распачатая ў чэрвені 2007 года, але затым прыпыненая. У маі 2009 года расследаванне было завершанае. Крымінальны пераслед спынілі ў сувязі з тым, што дырэктар гарналыжнага комплексу з'яўляецца пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС і трапіў пад амністыю.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: