Кіраўнік Федэрацыі хакея Баскаў нечакана напісаў заяву на звальненне

Кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў напісаў заяву аб звальненні. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на беларускае тэлебачанне.

«У сваім рашэнні я кіраваўся адным: беларускі хакей не павінен пацярпець», — заявіў Баскаў ў тэлеэфіры.

Выданне нагадвае, што 8 верасня Міжнародная федэрацыя хакея прыняла рашэнне накласці санкцыі на адыёзнага кіраўніка беларускай федэрацыі Дзмітрыя Баскава. Яго абвінавачваюць у злоўжыванні службовым становішчам, ціску на спартоўцаў і датычнасці да смерці Рамана Бандарэнкі. Адразу пасля абвяшчэння дыскваліфікацыі ФХБ заяўляла, што Баскаў застанецца кіраўніком федэрацыі.

Рашэнне аб дыскваліфікацыі Баскава было прынятае пасля 10 месяцаў расследавання.

ІІHF паведамляе, што 25 лістапада распачала расследаванне па магчымым дачыненні Баскава да інцыдэнта са смерцю Рамана Бандарэнкі. Федэрацыя атрымала справаздачы ад Беларускага фонда спартовай салідарнасці і даручыла незалежнай даследчай фірме правесці аналіз агульнадаступнай інфармацыі на гэты конт.

«Грунтуючыся на ацэнцы паведамленняў СМІ, аўдыёзапісаў і фатаграфій, фірма прыйшла да высновы, што, хоць нельга выключаць прысутнасць Баскава на мерапрыемстве, яна не знайшла доказаў актыўнага ўдзелу Баскава ў нападзе на Бандарэнку, — гаворыцца ў паведамленні. — Акрамя таго, фірма ўказала, што Баскаў лічыцца заўзятым прыхільнікам Аляксандра Лукашэнкі і ўдзельнічаў у палітычных мітынгах у падтрымку Лукашэнкі ў 2020 годзе.

У чэрвені 2020 года Баскаў напісаў адкрыты ліст з крытыкай спартсменаў, якія падтрымліваюць апазіцыйны рух Беларусі. Фірма таксама згадала пра паведамленні, што Баскаў у якасці спартовага кіраўніка звольніў некалькі «ненадзейных» спартсменаў і трэнераў».

Таксама ІІHF адзначыла, што беларускі НАК не абараніў належным чынам спартсменаў ад дыскрымінацыі па палітычных поглядах. Таму Міжнародны алімпійскі камітэт выключыў з членаў НАК Аляксандра Лукашэнку і Дзмітрыя Баскава.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: