Кіраўнік мінскай міліцыі: пратэстоўцы напалі на Цэнтральнае РУУС

Кіраўнік ГУУС Мінгарвыканкама Іван Кубракоў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» заявіў, што мэтай пратэстоўцаў было заняць праспект Незалежнасці «з усімі яго плошчамі», паведамляе TUT.BY.



Фота Аляксандра Зяньковіча

Таксама па словах Івана Кубракова, быў здзейснены напад на Цэнтральнае РУУС — у памяшканні разбілі вокны.

— Мэты пратэстоўцаў нам, канечне, былі вядомыя: сёння ў сталіцу з'ехаліся больш агрэсіўныя і актыўныя пратэстоўцы, мэта іх была адна — заняць цэнтр горада Мінска, а калі сказаць дакладна, то праспект Незалежнасці з усімі яго плошчамі, — распавёў Кубракоў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1». — Мы трымалі ўсё пад кантролем і пры чарговай спробе прарвацца да Плошчы сцяга пратэстоўцы пачалі паводзіць сябе агрэсіўна, а менавіта закідваць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў камянямі, затым натоўп рушыў у спальныя раёны.

Са слоў Кубракова, пратэстоўцы напалі на Цэнтральнае РУУС Мінска, пачалі кідаць камяні ў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Сілавікі прынялі «меры па спыненні супрацьпраўных дзеянняў» — спецсродкі і фізічную сілу.

 Кадр з праграмы тэлеканала «Беларусь 1»

 Кадр з праграмы тэлеканала «Беларусь 1»

— У выніку міліцыя не дазволіла ўзяць пад кантроль цэнтр горада Мінска, — заявіў Кубракоў. — Супрацоўнікамі органаў унутраных спраў былі затрыманыя актыўныя ўдзельнікі, якія нападалі менавіта на Цэнтральнае РУУС, а таксама тыя, хто зладзіў бясчынствы ў раёне спальных раёнаў і вуліцы Нававіленскай.

У эфіры тэлеканала паказалі разбітае акно, а таксама камень, які ляжаў на падваконні. Відэа, дзе паказалі б момант нападу, у сюжэт не трапіла.

Кубракоў паведаміў, што толькі ў Мінску затрымалі каля 120 чалавек. «Пры спыненні супрацьпраўных дзеянняў» пацярпелі двое «праваахоўнікаў».

Між тым, у спісах праваабаронцаў на 23 гадзіны — каля 270 затрыманых па ўсёй Беларусі.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: