Кіраўнік СК: падчас салюту 3 ліпеня частку зарадаў механічна «дапрацавалі»

Старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч далажыў Аляксандру Лукашэнку аб ходзе расследавання справы аб трагедыі 3 ліпеня, калі ў час святочнага салюту загінула 64-гадовая мінчанка і пацярпелі 10 чалавек.

Па словах Наскевіча, следства пацвердзіла асноўную версію: пры запуску салюту выкарыстоўваліся няякасныя зарады — частку з іх механічна «дапрацавалі» перад зараджаннем, частка былі са скончаным тэрмінам прыдатнасці, піша газета «Звязда».

Прызначаны некалькі экспертыз, іх праводзяць Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, Нацыянальная акадэмія навук, спецыялізаваныя прадпрыемствы.

— Яны павінны нам даць адказ: ці знаходзяцца ў прамой прычыннай сувязі няякасны характар ​​гэтых вырабаў, а таксама механічнае ўздзеянне на іх з выбухамі, якія адбыліся падчас салюту. На думку следства, такая сувязь ёсць. Але мы не маем права без заключэння экспертызы рабіць высновы, — падкрэсліў старшыня Следчага камітэта.

Вядома, што Мінабароны закупіла вырабы ў расейскай кампаніі «Піра-Рос», праблема адбылася з зарадам калібра 195 мм. Абвінавачванне па справе прад'яўлена двум супрацоўнікам (ч. 2 арт. 299 КК — «Парушэнне правілаў абыходжання з выбуханебяспечнымі рэчывамі, піратэхнічнымі вырабамі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека»), яны знаходзяцца ў СІЗА. Два беларусы, якія мелі дачыненне да запуску салюту, праходзяць падазраванымі па справе, раней заяўлялі ў СК.

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!