Кіраўнік страйкама «Беларуськалія»: праз хлорку ў ІЧУ захварэў. Кашаль такі, што здаецца, выплюнеш лёгкія

Кіраўнік страйкама «Беларуськалія» Анатоль Бокун распавёў «Салідарнасці» пра перамовы з нарвежскай кампаніяй «Yara» і ціск, які адчуваюць удзельнікі страйку.

За ўвесь перыяд пасля выбараў да нацыянальнага страйку далучыліся 138 салігарчан — сярод іх работнікі «Беларуськалія», будтрэста № 3, «Шахтаспецбуда», аўтапарка і іншых прадпрыемстваў.

Паводле слоў Анатоля Бокуна, колькасць сутак, на якія былі арыштаваныя ўдзельнікі страйку па адміністрацыйных справах, перавышае 800.

— У каго галава вышэй, той першы пад ударам, — распавядае Анатоль. — Цяпер у салігорскім ІЧУ адбывае 25 дзён арышту страйкамавец Канстанцін Дзецееў, свой дзень нараджэння ён сустрэў за кратамі.

Косцю разам з іншымі актывістамі затрымалі 28 лютага ў лесапаркавай зоне. Пры затрыманні працаваў АМАП, ужылі сілу і распылілі газ, людзей білі. Да суда медыцынскую дапамогу яму не аказалі, «хуткую» выклікалі толькі пасля сустрэчы з адвакатам. У бальніцы Канстанціну паўторна аперыравалі апендыцыт, а пасля выпіскі адправілі на «суткі».

Анатоль адзначае, што да страйку далучаліся людзі з розным фінансавым становішчам.

— Мы нікога не кідаем, дапамагаем тым, у каго ёсць цяжкасці. Тым не менш, не кожны гатовы прымаць дапамогу. Некаторыя хлопцы збіраюцца з'язджаць у Польшчу, Літву, Германію. Вязуць свае сем'і.

Сам Анатоль з'язджаць з Беларусі не хоча:

— У мяне тут бацькі ва ўзросце, якім патрэбна дапамога. Я не разглядаю такі варыянт.

Удзельнікам страйку дапамагае дыяспара беларусаў Нью-Ёрка, якая адкрыла збор сродкаў, і INeedHelpBy — арганізацыя, якая дае прадуктовыя наборы.

Гаворачы пра ўмовы ў ізалятарах, дзе давялося пабываць на сутках, Анатоль Бокун адзначае, што з камерамі, залітымі хлоркай, хлопцы ў Салігорску сутыкаліся яшчэ ў кастрычніку мінулага года.

— З-за гэтага ў мяне ўзнікла хранічнае захворванні лёгкіх. Кожную раніцу ў мяне такі кашаль, што здаецца, выплюнеш лёгкія. Некалькі разоў звяртаўся да ўрачоў у гарадскую паліклініку. Медыкі ставяцца з разуменнем і спачуваннем, нават тыя, хто адкрыта не выказвае сваю пазіцыю.

Акрамя хларавання камер, у салігорскім ІЧУ да арыштантаў ужываюць катаванні моцным гукам, распавядае Анатоль.

— Я прапрацаваў 20 гадоў ва ўмовах з павышаным шумам, страціў частку слыху, а мяне ў родным горадзе ў камеры глушылі гукам, такім, што затыкаеш туалетнай паперай вушы — і не дзейнічае. Уключалі Саладуху, гімн, «Саня застанецца з намі». За што? За тое, што я 20 гадоў іх карміў?

Усе, хто там працуюць, ведаюць, што адбываецца. З іх маўклівай згоды катуюць тых, хто адстойвае лепшую будучыню нашых дзяцей.

Сустракаліся людзі, якія казалі, што лепш бы мы пазнаёміліся з вамі ў парку, але не тут. Але калі вы прысутнічаеце пры бязмежжы пад кіраўніцтвам «гаспадара горада» і маўчыце…

Спосабаў здзекаў з чалавека на «сутках» хапае. Можна не вадзіць на шпацыр або ў душ. Мне не давалі зрэзаць пазногці. Пакуль я не сказаў, што, «хлопцы, у мяне пры сабе ёсць колюча-рэжучыя». Пасмяяліся і далі нажніцы.

Калі ты баішся адстойваць свае правы ці не ведаеш, як гэта зрабіць правільна, з табой будуць рабіць усё, што заўгодна. Трэба не баяцца, пісаць заявы, звяртацца. Прынамсі, яны неяк на гэта рэагуюць.

Мне ўдалося нават зубы палячыць на сутках. Я толькі прыехаў на 25 сутак ва Уздзенскі ІЧУ, і ў тую ж ноч разбалеўся зуб. Мы пачалі лячыць, а ў наступныя 15 сутак скончылі.

Дарэчы, я даведаўся ад супрацоўнікаў РАУС, што з 9 па 12 жніўня падчас правядзення масавых мерапрыемстваў ва Уздзе да жыхароў не ўжывалі фізічную сілу. Гэта шмат пра што гаворыць. У іх шмат людзей выходзілі на плошчу, і нікога за гэта не збілі.

— Некалькі месяцаў вы вядзеце перамовы з кіраўніцтвам нарвежскай кампаніі «Yara», якая з'яўляецца найбуйнейшым партнёрам «Беларуськалія». Страйкам заклікае кампанію спыніць любыя дзелавыя адносіны з «Белкаліем» да ўрэгулявання ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі і выканання патрабаванняў страйкавага камітэта. На якой стадыі цяпер перамовы?

— З «Yara» пытанне не вырашана. Кіраўніцтву кампаніі паведамлена пра ўсё, што адбываецца. Я спытаў гендырэктара Свейна Тура Холзетера, што трэба, каб яшчэ адбылося, каб вы зразумелі, што нічога ў лепшы бок не зменіцца. Ён сказаў, што не трэба, каб нешта адбывалася, яны бачаць сітуацыю і будуць на яе ўплываць. Але ў выніку ніякіх канкрэтных рычагоў уплыву задзейнічана не было.

З-за сістэмы, якая склалася на «Беларуськаліі» і ў цэлым на прадпрыемствах у краіне, пытанні аховы працы вырашыць немагчыма. Я называю гэта сістэмнай памылкай, з-за якой парушаецца ахова працы і людзі гінуць на вытворчасці.

Прысутнасць «Yara» не ўплывае на развіццё сітуацыі. Падчас іх аўдыту па ахове працы з 9 па 12 сакавіка, на жаль, адбыўся чарговы выпадак траўматызму на вытворчасці — яго схавалі.

Трэба разумець, што тыя выпадкі, якія рэгіструюцца, — гэта тое, што замяць немагчыма. А так людзі трапляюць пад прэс і не па сваёй волі хаваюць інфармацыю. З пачатку года на «Беларуськаліі» адбылося 8 зарэгістраваных выпадкаў вытворчага траўматызму. Гэта катастрофа.

Я працаваў механікам. Прывяду прыклад, як закупляюцца запчасткі для абсталявання. Пішу заяўку на чатырох старонках. Кіраўніцтва ўразае пазіцыі на 70 адсоткаў.

Далей мой начальнік ідзе да гендырэктара з астатнімі ў спісе пазіцыямі і абгрунтаваннем. Там ён чуе, што замест пяці рэдуктараў закупляюць два.

Начальнік здзіўляецца: як два, калі трэба пяць? І ў адказ чуе: ні аднаго!

Лінейны інжынерна-тэхнічны персанал сядзіць на парахавой бочцы. Молімся, каб ніхто не пацярпеў. Калі б жыццё і здароўе чалавека былі на першым месцы, то першапачатковая заяўка павінна быць у поўным аб'ёме задаволеная.

...Калі я кажу кіраўніцтву «Yara» аб тым, што нашы грамадзянскія правы парушаюцца, людзей затрымліваюць, судзяць і садзяць на суткі, чую ў адказ: «Ну, вы ж разумееце, мы не палітыкі». Рэальных дзеянняў ніякіх.

Пасля нашых апошніх перамоў з гендырэктарам «Yara» прайшло больш за месяц. Пакуль ад іх няма ніякіх звестак. Мы, у сваю чаргу, працягваем інфармаваць кампанію аб тым, што адбываецца.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: