Кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі дамаўляюцца аб цэнах на нафту

Прэм’ер-міністры Расеі і Беларусі Міхаіл Мішусцін і Сяргей Румас праводзяць перамовы ў Маскве. Абмяркоўваюцца пастаўкі расейскіх энерганосьбітаў, у тым ліку нафты, двухбаковы гандаль і развіццё еўразійскай інтэграцыі.
Сітуацыя з сусветнымі цэнамі на нафту збліжае пазіцыі Расеі і Беларусі ў перамовах аб пастаўках сыравіны, заявіў старшыня беларускага ўраду Сяргей Румас.

«Адно з пытанняў, якое трэба абмеркаваць, гэта пастаўкі энерганосьбітаў. Я думаю, тая рынкавая сітуацыя, якая ёсць сёння з цэнамі на нафту, збліжае нашы пазіцыі і памяншае існуючыя лічбавыя разыходжанні», – цытуе «Інтэрфакс» Сяргея Румаса.

У сваю чаргу, Міхаіл Мішусцін падчас пратакольнай сустрэчы акцэнтаваў увагу на неабходнасці далейшага паглыблення інтэграцыі ў рамках дамовы аб «саюзнай дзяржаве».

Найбольш праблемным момантам у двухбаковых адносінах двух краінаў застаецца адсутнасць ад 1 студзеня кантрактаў на пастаўку нафты на беларускія НПЗ. Бакі ня здолелі вырашыць рознагалоссі па цане на сыравіну. Менск дамагаўся адмены прэміі да цаны бяспошлінных паставак нафты ў Беларусь, матывуючы гэта падаражэннем сыравіны ў сувязі з падатковым манеўрам Расеі ў нафтавай сферы. Расейскія кампаніі прапаноўвалі захаваць умовы 2019 году, бо кошт нафты для Беларусі і так складае 83% ад сусветнага кошту.

Масква гэтаксама настойвае, што цэнавае пытанне – камерцыйнае, урад ня можа ў яго ўмешвацца, бо галіна працуе па рынкавых умоваў.
Часовым рашэннем праблемы стала заключэнне кантракту з кампаніямі бізнесоўца Міхаіла Гуцырыева – «Русснефть» і «Нефтиса». Яны фактычна адзіныя пастаўшчыкі нафты з Расеі.

У сярэдзіне лютага Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком «Раснафты» Ігарам Сечыным – дагэтуль кампанія была асноўным пастаўшчыком нафты. Тым ня менш, рэгулярныя пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь да гэтага часу не аднавіліся.

Улады Беларусі неаднаразова заяўлялі, што ня бачаць сэнсу працаваць над «дарожнымі картамі» па паглыбленні інтэграцыі з Расеяй, пакуль ня будуць вырашаныя пытанні з пастаўкамі нафты.


svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: