Галоўнае ў прафесіі журналіста — жаданне дасканаліцца і рабіць цікавыя і шчырыя рэпартажы

Калі «Настоящее время» вяло рэпартаж пра вызваленне з турмы ўдзельніц гурта «Pussy riot», у свеце тры з паловай сотні (!) каналаў спынілі свае перадачы і пачалі рэтрансляцыю кантэнту НВ.

Як рабіць папулярнае інтэрнэт-тэлебачанне, 31 студзеня ў мінскім Прэс-клубе распавёў Кірыл Сухоцкі.

Кірыл Сухоцкі — галоўны рэдактар інфармацыйных праграм кругласутачнага тэлеканала «Настоящее время», сумеснага праекту Радыё Свабода/Радыё Свабодная Еўропа і Голаса Амерыкі.

Галоўны офіс праекту знаходзіцца ў Празе, а Кірыл — ураджэнец Мінска, выпускнік журфака БДУ. З 2002 года ён паспеў папрацаваць на навінных праграмах ВВС, Reuters ды іншых цікавых праектах. «Настоящее время» было запушчана як інтэрнэт-тэлівізія ў 2014-м. Год таму пачало працаваць 24 гадзіны на суткі, і з таго часу зрабілася самай папулярнай сеткай інтэрнэт-вяшчання ў свеце. 400 мільёнаў праглядаў на год! Цікавыя навінавыя агляды (Амерыка, краіны Балтыі, Азіі, усяго свету), аналітычная «Гадзіна Цімура Алеўскага», маса дакументальных праграм і рэпартажаў, 5-хвілінныя навіны, якія абнаўляюцца штогадзінна, плюс шматлікія тэкставыя агляды. Як вынік, найбольш цікавая аналітыка сусветных падзей на беларускіх незалежных сайтах апошнім часам — менавіта з «Настоящего времени!. Хаця ў Беларусі, у адрозненне ад шматлікіх еўрапейскіх і іншых краін, канал не рэтранслюецца ў кабельных сетках. Але даступны ў Facebook, YouTube, Вконтакте, Twitter, Telegram, Instagram і Одноклассниках.

Канал мае свае сусветныя рэкорды. Скажам, калі пару год таму «Настоящее время» вяло рэпартаж пра вызваленне з турмы удзельніц гурта “Pussy riot”, у свеце тры з паловай сотні каналаў адразу спынілі свае перадачы і пачалі рэтрансляцыю іхняга арыгінальнага кантэнту. Пры сучасных тэхналогіях для такога анлайн рэпартажу патрэбныя часам толькі дзве рэчы — быць сваечасова на месцы і мець з сабой айфон з адпаведным праграмным забеспячэннем. Альбо маленькую камеру з дыктафонам.


Як быць паспяховым? Рабіць рэпартажы шчыра, цікава, энергічна-змястоўна, не зацягваючы сюжэт, і быць настойлівым. Два прыклады. Так, Кірылу Сухоцкаму ўдалося дамагчыся каментару па падзеях з тым самым гуртом “Pussy riot” ад славутай Мадоны падчас яе візіту ў Маскву. А зусім нядаўна — літаральна за суткі дамовіцца на інтэрв’ю з беларускім міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем у працэсе яго візіту на саміт Усходняга партнёрства ў лістападзе 2017 года ў Брусэль.

У якой краіне цяжка працаваць? На гэтае пытанне Кірыл адказаў: з 90 краін дзе ён быў — можа, у Іране. Або на Кубе, дзе за журналістамі паўсюль ішлі агенты спецслужбаў. Або ў Беларусі. Але дзе цяжка — там і цікава. Згадзіўся ж Макей на інтэрв’ю з каналам. І 31 студзеня 2018 Сухоцкі паспеў наведаць не толькі роднасны офіс «Радыё Свабода» ў Мінску, але і тое ж Міністэрства замежных спраў Беларусі. А яшчэ — узяць на працу на «Настоящее время» яшчэ аднаго карэспандэнта ў Беларусі. Між іншым, шлях для супрацоўніцтва з каналам адкрыты для ўсіх ахвочых. Хаця бюджэт «Настоящего времени» зусім не такі вялікі, як у ВВС ці іншых медыягігантаў. Затое за інтэрнэт-тэлевізіяй, аператыўнай і аб’ектыўнай, мяркуе Сухоцкі, — будучыня.

Фота аўтара



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: