Клапы, галадоўка, добрая кампанія і ветлівасць спецлюдзей: як я сядзеў у ІЧУ Брэста

Наш берасцейскі карэспандэнт быў, як ён піша, "адвольна і даволі смешна затрыманы, пакінуты без веласіпеда, аддадзены клапам. Таму галадаваў. Пазнаёміўся з цудоўнымі і не вельмі людзьмі, атрымаў і аддаў шмат інфармацыі, нечакана выйшаў на волю". Вось яго расповяд.


Падпалкоўнік не вытрымаў

У нядзелю, 25 кастрычніка я паабедзе сеў на велік і паехаў па сваіх справах у Брэст. Заехаў на рынак, паглядзеў грыбы. На вуліцы Савецкай — адразу сакавітая карцінка. Стаіць мажны святар у расе, вакол гурток людзей, а збоку яму штось выгаворвае чалавек у міліцэйскай форме. На пагонах дзве зоркі пры дзвюх палосах.
Прыставіў на вуліцы ровар, зашчапіў замок, і пайшоў.

Народу было даволі многа, рух быў, збольшага, да помніка 1000-годдзю Брэста. Дай, думаю, прайду яшчэ крыху. Літаральна праз пару крокаў, насустрач руху пераважна маладых людзей — дзядуля, зусім старэча, ідзе паўкрокамі, калені разам, ногі перасоўвае. А ў руках — букет кветак. Іх ён працягвае насустрач людзям — яўная прапанова, маўляў, купіце, калі ласка. Доўга не думаў, дастаў фотаапарат, кажу: «А ці можна Вас сфатаграфаваць?» Дзядуля дазваляе.

Шчоўкаю кадр і адчуваю лютую агрэсію. Яе выток за дзядулем — аказалася, у кадр трапіла група міліцыянтаў, на чале іх колішні падпалкоўнік. Падымаю руку, крычу заспакаяльна, што не хацеў яго ў кадр, што зараз пагашу, зраблю сабе яшчэ. Фатаграфую дзядулю ў іншым ракурсе, крыху гутару з ім. Пачым кветкі, чаму прадаяцё. Ён адказвае, што пенсіі яму даволі, але трэба хадзіць, рухацца. Падумаўшы, спытаўся, колькі яму гадоў? Аказалася, 84.


Зычу старэнькаму прадаць кветкі, раблю пару крокаў, і тут мяне цвёрда ўзялі з двух бакоў пад локці: «Пройдёмте!».

Азіраюся: два міліцыянты. Пруць наперад. Паперадзе тры мікрааўтобусы і «касманаўты». Садзяць мяне ў бус, падсядае колішні падпалкоўнік. Што адбываецца, кажу, я ж паабяцаў што выдалю, а там з папом, дык гэта звычайная сітуацыя… «Гэта не поп, гэта служыцель культа грэка-каталіцкага абраду, варожага нам», — адказвае ён. Пытаю, ці сам верыць у Бога. «Так, я праваслаўны». А ці будзе змагацца за веру? «А як жа. Калі трэба, то і са зброяй». «Дык што рабіць мне, атэісту? — пытаю. — Я ж таксама хачу абараніць сваё нявер’е. А калі ваяўнічы іслам?» Потым кажу, што на вуліцы застаўся мой ровар.

Але гутарка была для падпалкоўніка збольшага баўленнем часу. Нехта патэлефанаваў, і ён адмахнуў: «В Ленинский РОВД!». А ровар, пытаю. Спецчалавек хвіліну думаў, потым параіўся з замаскаваным міліцыянтам: а можа згрузіць у Брэсцкі? (гэта паблізу, РАУС Брэсцкага раёна, там стаяў вялікі блок-пост з людзьмі ў чорным). Але потым вярнуўся да ранейшага рашэння: «Нет, в Ленинский!» Дык ровар жа скрадуць — заяўлю прэтэнзію, кажу. «В Ленинском разберутся, отпустят», адказвае. Як толькі прагучала гэтае «отпустят», зразумеў, што не адпусцяць.

«Стакан», ізалятар

Тармазнулі мы ля блок-паста. Там мяне перагрузілі ў аўтазак, запіхнулі ў «стакан» — гэта такая маленькая загонка з жалеза, іх у аўтазаку шэсць ці восем. Мая была на два месцы. Хутка да мяне запіхнулі маладога чалавека. Яшчэ ў адну наперадзе запіхнулі некага. Той крычаў: «За што?», біў у дзверы нагамі. Яшчэ з аднаго «стакана» азваўся нехта, казаў, дыхаць няма чым, у яго астма і боязь замкнёнай прасторы. У вакенца бачны быў амапавец у балаклаве — аніякай рэакцыі.

Стаялі мы так ладную гадзіну. Адзін сядзелец папрасіўся ў прыбіральню, у адказ: «Ждите, скоро поедем». Прыйшоў нейкі старшы, загадаў даць паветра. Адкрылі люк зверху. Хлапца з клаўстрафобіяй вывелі ў калідорык, пасадзілі на лаўку.

У прыцемках нас прывезлі ў Ленінскі РАУС. Пакуль стаялі там, старшы задаволіў просьбы, некалькіх вывелі ў прыбіральню.

Нас выгрузілі, і цераз «калідор» міліцыянтаў прагналі ўнутр. Там ужо стаялі пры сценах чалавек з трыццаць, амаль выключна моладзь. Маёр пісаў пратаколы затрымання. «Дзе нарадзіліся?» А гэта пры чым, пытаю. Той пагартаўся ў смартфоне, запісаў нешта. Закончыў. Падпісвайце, кажа. Дайце пачытаю, адказваю. Во, ёсць дзе я нарадзіўся. Значыць, у вашай базе даных? Маёр ківае. Што, не стрымаўся я, усіх беларусаў пад калпак хочаце? Потым пярэчу яшчэ: «Тут няма, што было». «Дык гэта пратакол затрымання, падазрэнне на артыкул 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве)», — адказвае афіцэр. «Але ж там напісана “Обоснование: ст.23.34”», — кажу. «Можаце не падпісваць», — кажа ён. А чаму не па-беларуску? «Можаце не падпісваць.» «Ваша прозвішча неразборліва, “С.В.Степ…”. Бо вы ж мяне з ног да галавы апісалі». Маўчыць, потым кажа напаўпагрозліва-стомлена: «Давайце, падпісвайце хутчэй або не, набралося тут…». Падпісваю пратакол з заўвагай: «Не згодзен».

Кажу пра ровар. Зноў ігнаруюць.

Вывелі на двор і павялі. Ведаю, куды: у дальнім куце ў падвале ізалятар. Там я сядзеў за пікет гадоў з 25 таму.
У памяшканні яшчэ тры чалавекі. З’яўляецца новы, бамжаватага выгляду і відавочна моцна п’яны. Міліцыянты як адзін ускідваюцца: «Рома! А што ты тут згубіў? Гэта ж не па тваім профілі!». Той тлумачыць: не сышоў з месца «хапуна». «Мне говорили. Но не успел. Дурак». Сядае на адно з трох крэслаў у зборнай батарэі і занурваецца ў думкі.

Тэлефон у мяне не забралі: набіраю дачку. Кажу, што мяне затрымалі, дзе я, і каб прыехала забрала ключы ад кватэры і ровара. Міліцыянты глядзяць на мяне, як на марсіяніна: «Вам нельзя…» Памкнуліся забраць тэлефон. «Маю права на тэлефанаванне», — адказваю.

У мяне забіраюць пад вопіс усе рэчы. Ці ёсць якія асаблівыя пажаданні? Кажу, не куру. «У нас ёсць такая камера, але там усе месцы занятыя». Вядуць унутр, кажуць, каб узяў матрас, даюць бялізну, вядуць у камеру.

Клапы

Камера вельмі адрозніваецца ад той, дзе сядзеў колісь. Няма «сцэны» з дошак пасярэдзіне, замест яе ляжанкі з дошак на таўшчэзных жалезных кранштэйнах у два паверхі, з аднаго боку дзве, з другога чатыры. Перад вакном пасярэдзіне — нягеглы стол з жалезнага вугалка на так-сяк прыляпаных зваркай да стальніцы трубах. Вакно ў сцяне закратаванае і забранае плексігласам з дзіркамі. Дзіркі заторкнутыя закарэлым ужо хлебным мякішам. Пад вакном у нішы батарэя, злёгку цёплая. Сцены страшныя, усё пашэрганае. І надпісы. 2017 год — нейкі «Джур Максим Малорита». Ёсць і свяжэйшыя, пазнавальныя. «Инна Постолюк Восток Каменец 23.10.20». «Гнаук Елена 23.10».

Затрыманых прыводзяць яшчэ, і яшчэ, і яшчэ. Васьмярых насавалі праз нейкую гадзіну. Двое на падлозе. Знаёмімся. Рабочы Дзіма, тэхнік з будаўнічай арганізацыі Яўген, муляр Віталь, бізнесовец Андрэй, «рабацяга» Яўген, студэнт Багдан. Амаль усе кураць.

У Ромы не забралі карты. Сядаюць да стала, і неканцэнтравана перакідваюцца ў дурня. Уся ўвага на размовах пра затрыманні на пратэснай акцыі. Двое ці трое ўцякалі ад «касманаўтаў», але не ўцяклі. Яўген здзіўляецца, адкуль яны «нарысаваліся, па пяцёра з двух бакоў, так раптам». Андрэя забралі з кавярні: «А мог бы цераз службовы ўваход сысці». Некаторыя трапілі ў другі раз, таму мяркуюць крыху са скрухай, «пятнашка гарантаваная». Распавядаюць пра першае сядзенне. Дзіма кажа, што ў СІЗА было лепш: «Там увесь следчы ізалятар вызвалілі ад крымінальнікаў, 9 жніўня. Набіта нашых як селядцоў было. 28 чалавек у камеры на 10. Але вокны там звычайныя, камеры светлыя». Але самы светлы яго ўспамін, што вызвалілі датэрмінова — прыйшла тысяча людзей, скандавалі: «Вызваляй, вызваляй».

Яўген згадвае, што малацілі люта: «Что тебе скотина свободы захотелось? Да? Так получай!» І па нагах, і па рэбрах дубіналам…

Заўважаюць мышоў. Тыя спусціліся ў вакно і жывяцца ад хлебных затычак.

Бліжэй да ночы размовы заціхаюць. Мы амаль заснулі, як тут Віталь на верхняй шконцы з крыкам спахопліваецца: «Клапы!» Прыкмеціў і я, што бегаюць. Пачынае часацца цела. Найнепрыемнейшая дрэнь. Да таго ж, не так задушліва цёпла, як было тут 25 гадоў таму. Коўдры не далі, нацягваю штаны і куртку і спрабую заснуць.

А шостай раніцы ў «кармушку» (жалезную адкідушку ў дзвярах) дзяжурны гаркае «Пад’ём!» Прыбіраемся, мыемся. Крычым дзяжурнаму, што клапы. Ляпае «кармушка»: «Чево?» Закрываецца. Падыходжу, грукаю. Крокі, зноў адкрываецца. Кажу ў вочка-«шпіён»: «У вас тут клапы».

Знізу раздаецца: «Так на вас клопы. Вон ползёт. И вон». Мяне перасмыкае: на левым плячы маёй белай паўсвітэркі і насамрэч перамяшчаецца чырвоная невялікая пачварка. «Гэта вашы клапы», — кажу. Раптам мне прылятае з «кармушкі»: «Нет, это вы их принесли сюда». Нагінаюся, пільна гляджу ў вочы над чорнай маскай. Яны нахабныя, пэўныя. «Што-што? За 26 гадоў вы не змаглі нават турму нармальную паставіць», — прамаўляю ў вочы, і ўжо ведаю, што буду рабіць далей.

Гэта проста ахоўнік. Праз хвілін пяць грукаю, патрабую дзяжурнага. Той доўга не ідзе. Патрабую паперу і чым пісаць. «Навошта? Заявіць пра клапоў?», — «Так, і пра клапоў у тым ліку».

Праз нейкі час ізноў грукаю. «Кармушка» адкрываецца. Зноў патрабую сваё. Але там іншая маска: «Усе на выхад, з вопраткай і прадуктамі. Будзе дэзінфекцыя. Прапарым камеру. Рэчы прасмажым». Дэзінфектар аглядае нас на прадмет пакусаў. Некаторыя вельмі пацярпелі. Я аказаўся «нясмачным». Верхнюю вопратку пільна правяраем і рэзка страсаем клапоў на падлогу.

Пасля прасмажвання рэчаў нас рассоўваюць па іншых камерах. Я трапляю ў цэлю для непалячых.

Тут клапоў няма

Тут публіка крыху іншая. Адзін — вядомы брэсцкі архітэктар, выкладчык тэхуніверсітэта, альпініст і прагрэсіст Віктар Антонавіч Бобрук. Сівыя кудзеркаватыя валасы да плячэй амаль, праніклівыя вочы, гучны голас. Гэта ён дабіўся, каб была камера для непалячых. Вельмі дбае пра людскае стаўленне ўсіх да ўсіх. Яму налічылі 15 сутак, потым яшчэ 15, потым яшчэ… «Падпісваеш пратакол наўпрост у тамбуры. У суд хутка, туды-назад. Усё фармальна». За што? «Трапіў ім у кадр на Савецкай. Стаяў з калегам».

Бобрук мае адваката: «Той кажа, што можна было прызнаць віну, і тады штраф. Але ў чым віна?»

У «Антонавіча» ёсць папера, стрыжань, шахматы. У шахматы ён іграе з праграмістам Пашам. У іх ужо нейкі лік па турнірах. Раней у камеры былі збольшага сапраўдныя крымінальнікі, і Бобрук пераказвае дэталі. Бачна, што ён чалавек энцыклапедычных ведаў, можа гаварыць глыбока і аргументавана амаль на любую тэму. І добры паэт. Дэкламуе напамяць свае амаль выключна афарыстычныя чатырохрадковікі дзясяткамі, чым вельмі ўздымае настрой.

У камеры яшчэ архітэктар Андрэй (як потым аказалася, яго бацька вучыўся у адной групе з Бобрукам). Яшчэ адна асоба, да таго ж мне знаёмая –— «афганец» Аляксандр Сахарук, кранаўшчык Брэстжылбуда, актывіст прафсаюза РЭП. Яго «павязалі» 25-га на подступах да помніка 1000-годдзю Брэста. Але судзіць будуць за эпізод яшчэ са жніўня. Так сказалі на «разборцы палётаў» — у панядзелак кожнаму паведамілі, што мае супраць яго міліцыя. Віна Аляксандра палягала ў тым, што ён перад шэрагам АМАПаўцаў заклікаў не ўжываць зброю. Відэа круцілі нядаўна на БТ, з чым канваіры-міліцыянты віншавалі рабочага. Маўляў, стаў тэлезоркай.

У гэтай камеры клапоў няма. Затое болей мышак, і яны не толькі на вакне, але і ўнутры. Віктар Бобрук засведчыў пра максімум шэсць: «Бегаюць па дыяганалі. Калі шмат было затрыманых, спалі на падлозе, дык і па іх. Хлеб ім кладзем. Калі многа іх збяжыцца, то нават б’юцца за хлеб, спрачаюцца».

Паперы і асадкі мне зноў не даюць, але са мной дзеляцца. Напісаў заяву на імя начальніка ІЧУ, што зрання 26-га (а фактычна з нядзелі, бо тады толькі лёгка паабедаў) галадаю ў знак пратэсту супраць клапоўства і звязанага з ім хамства супрацоўніка, на што патрабую рэакцыі. Пішу, што быў затрыманы адвольна, што пратакол складзены, і хадайнічаю, каб адпусцілі да суда, на які абавязуюся з’явіцца.

Галадоўка

Я раней меў досвед галадавання — у студэнцкі час, дзеля здаровага ладу жыцця і каб праверыць, ці магчыма пражыць на адну стыпендыю.

Што да галадоўкі праз амаль паўвека, то паспеў набрацца тэорыі правільнага галадавання. Па-першае, не адмаўляўся ад гарбаты, якую (мілілітраў дзвесце ў алюмініевым кубку) даюць у ІЧУ шторанку. Па-другое, піў увечары злёгку разбаўлены апельсінавай мякаццю вар. І вар, і апельсінавая разбаўка былі заслугай напірыстага архітэктара Бобрука. Той пераканаў раздатчыкаў ІЧУ, што вечарам зняволеным без гарачай вадкасці аніяк (належыць чамусьці толькі другое, гатаваная страва з гарнірам), і яны прыносілі чайнік вару ды разлівалі праз «кармушку» ў пластыкавыя (жалезных, керамічных і шкляных — нельга) кубкі або ў бязверхія пластыкавыя бутэлькі з-пад пітной вады. На другі дзень зняволення дачка прынесла перадачку, у ёй бутэлька вады, то і яе піў. Стараўся лішне не рухацца, праз гадзіну-дзве мыў пад кранам рукі, асвяжаў твар і шыю.

Зусім хутка адчуў, што пусты, як восеньская муха. Другой начы пачало тахкаць сэрца. Не, страху не было, яно ў мяне трэніраванае. Назаўтра ўдзень пульс нармалізаваўся. На трэцюю ноч без праблем. У апошні дзень (да суда, паводле закону, маюць права трымаць толькі трое сутак) адчуванне было цалкам сабе нічога, толькі запаволілася рэакцыя і пачалі халадзець ногі. Але нават выйшаў на гадзінны шпацыр, — нарэшце вывелі. У выніку страціў за тры з паловай дні галадоўкі чатыры кілаграмы. І ні грама годнасці.

Пратаколы і папярэджанні

Аднаго за адным нас выклікалі для складання асноўнага пратакола. Мне шэнціла на маёраў. Чарговы хатне так выглядаў. Пытае мае персаналіі, дзе жыву. «А вы хто?» — цікаўлюся. «Участковы». На дзіва, голас роўны. «Наш?» — пытаю. «Нет, с другого участка.». Працягвае мне аркушы. Там нейкія падборкі законаў. «Провёл беседу…». Ага, дык прачытаю, і лічыцца, што вы мяне азнаёмілі, здагадваюся. Маёр ківае. «А чаму не па-беларуску?» «Няма, так склалася. Я сам беларус». Гучыць замірэнча. Чытаю. «Але як мне падпісваць? — кажу. — Ваш жа старшы сказаў, што законы адмянілі. А мне што, выконвай?». Маёр кажа: «Можаце не падпісваць». Гэта неяк неадэкватна, разважаю ўслых. Таму пішу: «Не з усім згодзен», і стаўлю подпіс.

Другі пратакол мы аформілі хутка. Таксама напісаў заўвагу, што не па-беларуску. А што парушэння няма, то гэта ж бачна з апісання.

Абсурды белзасценка

Як толькі ты трапіў у іх ізалятар, — махні на цывільнае жыццё рукой. Вывелі з камеры — тварам да сцяны, рукі на мур над сабой, ногі шырэй плеч. Цябе агледзяць: абмацаюць з рук да галавы, абчуйнуюць адмысловым металашукальнікам, ці не нясеш заточку або лязо. Зняў туфлю, аддаў спецчалавеку на прадмет абсветкі прыборам падэшвы, сагнуўшы у калене максімальна плоска паднёс яму пад прыбор ступак нагі. Другая нага — тое самае.

Адразу згадваецца іх недатыкальны нават у часы пасля краху ідэі кумір, бронзавы на сёння Ілліч. Як вядома, ленінцы дабіліся ад царскай ахранкі, што «палітычныя» мелі вольнасці, якія амаль раўнялі іх з неарыштаванымі грамадзянамі. Бо якія там заточкі ды гвалт, калі яны ідэйныя? Цікава, што да нашых гэта ніяк не дайшло. Чаму? Гэта ж так проста. Хай сабе Мінск амаль заруку дае нейкай ананімнасці. Але іншыя гарады — яны ж даволі цесныя. Усе ўсіх ведаюць. Узялі на нейкай мірнай акцыі твайго суседа. І вось ты яго дручыш: «А ну ноги правильно поставил, чувырло. Что тебе говрю, б…! Убрал живенько! Быстрей давай! Руки за спину, к стене!» Неўзабаве чалавек выходзіць, і ты з ім сутыкаешся, ранкам… Дзіч якая, сорамна авой!

Або такі момант. Прыйшоў мне ліст, унутры канверт, маркіраваны, з надпісаным атрымальнікам адказу. Хуценька адказаў, потым пагрукаў, падаю ў «кармушку» нераскрыты канверт, каб працэнзуравалі ды адаслалі. Не, кажа, ужо позна. Дык калі? Заўтра зрання. Зрання тыцкаў разы два. Не. Вывелі на ранішні шмон (абавязковае, зноў «рукі да сцяны», у камеры ўсе ўверх дном), дзяжурны рэзка кідае, ці ёсць пытанні. Ліст, кажу, адашліце, з учора ляжыць. «Позже немного». Зноў у камеру, час ідзе. Выводзяць на шпацыр. Бяру канверт. Да сценкі, агляд. Тварам на калідор, сталі ў калону. Падаю спецчалавеку канверт, маўляў адпраўце. «Нет». «Дык у камеру пакладу.» «Берите с собой». Гэта ўжо цераз край.

Што вы канцлагер тут зладзілі, кажу, з вечара тыцкаю, дзяжурны сёння казаў, што забярэ. Маю права на перапіску, а не цягаць яго з сабой. І тарнуюся пакласці назад у камеру. Спецчалавек чартыхаецца, адбірае ў мяне канверт, ідзе сам у камеру. Бландзінка ва ўніформе крыху спачувальна заўважае: «А што вы думалі, курорт вам тут?» «Абраза гэта, каб цягаў канверт на шпацыр, і вашая заўвага, — кідаю ёй на гэта. — Вы ж вучылі юрыспрудэнцыю. Буду скардзіцца». «Вашае права», — адказвае жанчына і раптам дадае: «Пасля прагулкі з вамі пра гэта пагаворым». «Добра», — кажу. Праўда, падазраю, што яна мне там будзе казаць пра дысцыпліну, рэжым і статус.

Згадаю адну знакавую прыгоду, пра якую тымі днямі распавёў двум спецлейтэнантам. Здарылася мне паездка ў Германію, з прыватнага запрашэння, гадоў дваццаць таму. Гаспадары зладзілі для мяне экскурсію ў турму, якая праславілася тым, што з яе не было ніводнага пабегу. Не таму, што яна неяк адмысловым чынам умацаваная. Найперш таму, што туды набралі персанал, які меў абавязак і мог ставіцца да зняволеных дружалюбна, быць іх сябрамі. Яны — ахоўнікі і зняволеныя — называлі адзін аднаго па імені! Сакрэт просты: гэтыя людзі мусяць праз нейкі час выйсці не зламанымі, а сагрэтымі, абуджанымі да людскасці, каб лягчэй сацыялізавацца пасля часам доўгай страты волі, што само па сабе для нармальнага а і нават не зусім нармальнага чалавека агромністае пакаранне.

Па-другое, там унутры выдатных карпусоў, ззяючых свежай фарбай, была школа прафесійнага навучання з навейшымі на той час станкамі. Гэта каб даць маладым і не вельмі «сядзельцам» моцны шанец уладкавацца ў жыцці пасля турмы.

Як цяпер перад вачыма яшчэ адна карцінка. Шлэпае ў хатніх сланцах мужчына сярэдняга веку, развозіць на каталцы па засеках кнігі. Бібліятэкар. Забіў жонку, тут восем гадоў ужо, засталося яшчэ два. А мы тут, у Брэсцкім ІЧУ акурат ЛЕНІНскага РАУС, неяк удвая больш апушчаныя, або і ўтрая, калі ўлічыць жахлівы стан гэтай ніцай спаруды. Прытым што і суда яшчэ не было, наша віна не даказаная.

Ды не ўсё так блага. Ёсць нават пэўны сэрвіс. Паслуга нумар адзін: штогадзіны «кармушка» адчыняецца, і бадзёры голас пытае «Спички? Зажигалку?» Віктар Бобрук сказаў, што раней тых, хто паліць, выводзілі, але цяпер абумовілі, каб палілі пры дзвярах, і абносяць чым прыкурыць. Па-другое, маску ад СОVID’у даюць, спытаўшы, ці няма сваёй. Потым, бялізна — гэта ж таксама сэрвіс! Як і рэгулярная ежа. Казалі, што каштуе гэты гатэль з усім яго наборам паслуг 13.50 у дзень. Фактычна гэта яшчэ адно пакаранне за парушэнне. Як дадатковае, яно не забаронена Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, але неяк цынічна выглядае з маральнага боку.

Ровар

Высветлілася: звязку ключоў дачцы не перадалі. Толькі назаўтра зрання прыйшоў дзяжурны, сунуў у «кармушку» паперу і ручку, пішыце заяву на імя начальніка ІЧУ, што можна аддаць з вопісу ключы. Потым сказала, што іх аддалі ёй толькі на трэці дзень. Мне пашэнціла: увесь гэты час мой ровар прастаяў без нагляду. Добра, што не проста прыклаў велазамок, а надзейна яго замкнуў.

Адзінства рознага

У «непалячай» цэлі трое былі старэйшага пакалення, трое ўдвая маладзейшыя. Кожны меў разнастайную інфармацыю, і тыя, хто браў удзел у беларускіх акцыях пратэсту рэгулярна, і тыя, каго прыхапілі проста так, «рандомна», як выразіўся праграміст Паша. Падымалі настрой нейкія жыццёвыя гісторыі. Аказалася, што Аляксандр Сахарук фактычна гатовы аўтар кнігі ўспамінаў пра Афганістан, а былы грузчык Дзіма можа на прыватных прыкладах раскласці, чаму ў нас не ладзіцца з малым бізнесам. Трое з нас аказаліся знаўцамі ды аматарамі року. І — на трэці дзень мы заспявалі! Праграміст ведаў «Тры чарапахі», кранаўшчык «Разбуры муры» ў рускай версіі, літаратар (гэта я) і кранаўшчык змаглі да канца «Магутны Божа».

Нашы спевы відавочна моцна паўплывалі на спецлюдзей спецустановы. Масіў адразу распаўся. Хто быў чорным, той не пабялеў. Але другія пацяплелі, інтанацыі зусім іншыя. Некаторыя нават па-беларуску нешта пачалі ўстаўляць.

Было б нясціплым напяльваць на сябе першынства. Першымі заспявалі жанчыны. Па голасу распазналі Зінаіду Міхнюк, кіраўнічку Брэсцкага аддзялення прафсаюза РЭП. Значыць, і яе затрымалі 25-га.

Ветлівыя спецлюдзі

З затрыманымі гутарылі не толькі ўніфармаваныя, але і двое маладых людзей, гадоў 23-25.

Інфармацыя пра клапоў іх уразіла. Спытана было пра масавыя выступы ды акцыі, то назваў адну з іх прычын, нагадаў пра збіццё людзей на Акрэсціна ў жніўні «а ля фашыстоўская Германія ўзору 1935 года». Было прынятае да ведама маё цытаванне звароту літаратараў Брэсцкага аддзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў да мясцовых уладаў з прапановай перамоваў паміж уладамі і пратэстоўцамі, каб пачаць шукаць выйсце. Хочаце прыбраць людзей з вуліц — дык пачніце размаўляць з імі, як з людзьмі! Даволі простае рашэнне.
Што да пытання пра адну з акцый у Брэсце з блакаваннем вуліц і прымяненнем вадамёту, то паўтарыў сваю версію, што гэта магла быць пастаноўка мясцовых «сілавікоў» з мэтай атрымаць падставу для брутальных разгонаў наступных пратэстаў. Відаць было, што маладыя людзі, камандзіраваныя з Мінску, уважліва вычыталі ўсё, што «Новы Час» пісаў пра Брэст, і я іх не здзівіў.

Што на выхадзе?

Мы ўнутры ІЧУ ўжо ў першы дзень даведаліся, што 25-га затрымана было 78 чалавек. Гэта вельмі шмат. Пенітэнцыярная друзлая машына працавала з перагрузкамі, рыпеннем. Магчыма, гэтым тлумачацца не зусім роўныя паводзіны спецлюдзей.

Службовец, які конадні насіў мой ліст подбегам у камеру, мармычучы па дарозе, як я пачуў, «а штоб оно сгорело», — у сераду тыцнуў мне ліст назад у «кармушку» са словамі: «Отдадите сами вечером дома». Нібыта нейкая радасць прачувалася ў яго голасе. Ці здзек? Мы пераглянуліся. Ён што, суддзя? Але ён казаў праўду. Праз якую гадзіну мне «с вещами на выход».

Ля брамы ІЧУ стаяў людскі тлумік. З радасцю і абдымашкамі родныя сустракалі тых, хто выйшаў на волю. Падыйшлі бацькі Андрэя, архітэктара. Параспытваліся. Хоць галава крыху плыла, знайшоў чым іх парадаваць. У іх выдатны сын.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: