Класкоўскі: «Напружанне ў грамадстве не рассмокчацца»

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі разважае пра фінальную фазу выбарчай кампаніі і перспектывы.

Аляксандр Класкоўскі. Фота baj.by

— Паказальна, што ў інтэрв'ю Дзмітрыю Гардону Лукашэнка назваў затрыманых вагнераўцаў не салдатамі і не хлопцамі, як у іншых прамовах, а «бандытамі», — піша Аляксандр Класкоўскі. — Умее працаваць на мэтавую аўдыторыю, у дадзеным выпадку на ўкраінскую.

Пры гэтым ён акуратна спусціў на тармазах тэму нібыта пранікнення яшчэ аднаго атрада баевікоў на поўдзень Беларусі (якую сам жа і спарадзіў, калі выступаў з пасланнем).

Па-першае, маўляў, гэта ўкраінскія спецслужбы далі такую інфармацыю. А па-другое: «Я, праўда, не вельмі веру, што сапраўды там 30 чалавек перасеклі мяжу. Мы б іх ужо выявілі». Гэта значыць, пытанне як бы закрытае.

Так, і яшчэ прагучала: «Я не паруся ужо занадта з нагоды пратэстаў. Я ж разумею, што за мяне заўсёды 20–21 працэнт ад тых, хто прыйшоў, не галасавалі».

Падобна, гэта той максімум, які ўлады гатовыя адшкадаваць — па версіі Цэнтрвыбаркама — усім альтэрнатыўным кандыдатам разам. А тое і менш дадуць.

Як адрэагуюць на гэта прыхільнікі Ціханоўскай — пытанне адкрытае. А вось рэакцыю ўладаў на магчымыя пратэсты, наадварот, прадбачыць лёгка. Сілавікі цяпер падрыхтаваліся, напэўна, больш грунтоўна, чым у 2010-м.

Зрэшты, прагназаваць, што будзе адбывацца ў Беларусі 9–10 жніўня, — справа вельмі няўдзячная, паколькі гаворка ідзе пра ўплыў мноства вельмі дынамічных, у тым ліку суб'ектыўных фактараў.

Відавочна толькі тое, што напружанне ў грамадстве не рассмокчацца. Нязменны прэзідэнт не збіраецца трансфармаваць выбудаваную ім сістэму, якая відавочна не спраўляецца з выклікамі часу. Не дэманструе гатоўнасць да дыялогу, кампрамісу з незадаволенымі беларусамі, якія хочуць пераменаў (якіх смешна маляваць марыянеткамі замежных лялькаводаў).

Таму, з якім бы афіцыйным вынікам ні абвясцілі Лукашэнку пераможцам выбараў, глыбокі грамадскі канфлікт на перспектыву проста запраграмаваны.

Паводле gazetaby.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: