Кнышы, галкі і шупеня ў цэнтры Мінска (фота)

Ужо ў 20 раз у Мінску праходзіць Тыдзень беларускай кухні. Пяцьдзесят устаноў рознага фармата, аб'яднаныя ідэяй папулярызацыі нацыянальнай кухні і развіцця культуры харчавання, запрашаюць пакаштаваць пяць розных страў па прымальным кошце. 

Усе стравы ў рамках Тыдня гатуюцца па адзіных рэцэптурах, распрацаваных з удзелам пераможцы гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства «Мінскі майстар-2019», і рэалізуюцца па аднолькавых коштах.

Меню гэтага тыдня выглядае наступным чынам:

— агурочны халаднiк — 2,5 руб.
— галкi рыбныя — 10 руб.
— шупеня са свiнiнай — 7,5 руб.
— кнышы з бульбай i грыбамi — 4,5 руб.
— сырнiкi са смятанна-макавым соусам — 5 руб.

Такім чынам, каб пакаштаваць усе стравы, агулам давядзецца выдаткаваць амаль 30 рублёў.

«Новы Час» наведаў установы, якія ўдзельнічаюць у Тыдні, каб даведацца, што такое беларуская кухня і з чым яе ядуць.

Агурочны халаднiк, «Авіньон»

Агурочны халаднiк, «Авіньон»


Да халадніка з агурка і шчаўля лепш пасуюць кнышы, якія вырабляюцца з цеста.

Кныш — невялікі круглы піражок з запечанымі ўнутры (або выкладзеным на паверхні, паміж прыўзнятымі краямі) тварагом або іншай начынкай. Раней існаваў звычай пячы кнышы на Дзяды. Беларускае кныш, хутчэй за ўсё, паходзіць ад ням.: knitschel — галушка з мукі.

Кнышы з бульбай i грыбамi, «Авіньон»

Кнышы з бульбай i грыбамi, «Авіньон»


Галкі рыбныя — аналаг клёцак, але не з бульбы, а з рыбы, інакш — рыбная вараная катлета. У рамках Тыдня давялося пачаставаць галкі з шчупака.


Шупеня — патраўка ці рагу на аснове груцы і скварак ці мяса, вядомая ў беларуска-літвінскай і ўкраінскай кухнях. На Беларусі распаўсюджаная ў межах гістарычнай Літвы. Лявон Патоцкі апісвае шупеню ў «Мэмуарах пана Камэртона» як улюбёную страву жамойтаў, якую гатавалі на вяселле ці хрэсьбіны. Раней шупеня гатавалася вельмі густой, свіны хвост, які яе ўпрыгожваў, можна было ўторкнуць вертыкальна. Гэта, дарэчы, служыла знакам гатоўнасці дзяўчыны прыняць сватаўство: хвост, які ляжаў на паверхні шупені гарызантальна, азначаў адмову — даволі празрыстая эратычная алюзія. Прынамсі, так было прынята ў Жамойці.

Шупеня са свiнiнай, «Карчма Старавіленская»

Шупеня са свiнiнай, «Карчма Старавіленская»


Падчас тыдня беларускай кухні раім абіраць установы з вышэйшым узроўнем абслугоўвання, якасцю прыгатавання блюд і іх дэкорам, арыгінальным інтэр'ерам. Не бойцеся «пампезных» устаноў — у межах Тыдня кошты на беларускія стравы будуць паўсюль аднолькавыя.

Тыдзень беларускай кухні працягнецца да 25 жніўня. Поўны спіс устаноў, якія ў ім удзельнічаюць, можна даведацца тут. Адведаўшы такія стравы, адчуваеш сябе сапраўдным шляхцічам XIX стагодзя! 

Смачна есці!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!