Кобрын: ціск на шматдзетную маці і больш за 800 подпісаў за педыятра

У Кобрыне на Берасцейшчыне ціснуць на Марыну Жук, якая адна выхоўвае трох дзяцей.

Сустрэча Юліі Рафаловіч пасля зняволення


24 сакавіка пасля 23 гадзін супрацоўнікі крымінальнага вышуку Кобрынскага РАУС, сярод якіх сведкі ў судзе Уладзіслаў Світыч і Уладзіслаў Кабарыха, затрымалі пяцярых кобрынак, у тым ліку трох пенсіянерак. Паводле слоў жанчын, яны былі на шпацыры дзеля ўпрыгожвання гарадскога парку імя Аляксандра Суворава напярэдадні Дня Волі. Грамадзянкам інкрымінавалі распаўсюд бел-чырвона-белых стужак і ўлётак з заклікам «Кобрын, выходзь! Беларусь будзе вольнай!», а таксама фатаграфаванне гэтых улётак. Міліцыянты канфіскавалі ў затрыманых пакет папяровых цыліндраў белага колеру з чырвонай паласой.

26 сакавіка суддзя Вадзім Здановіч пакараў чацвярых затрыманых жанчын: трох — штрафам у 10 базавых велічынь, адну — сямісутачным арыштам. А 31 сакавіка была пакараная пятая кобрынка — шматдзетная маці Марына Жук. Яна была аштрафаваная на 100 базавых велічынь (2900 рублёў) за паўторнае цягам году такое правапарушэнне.  

Як паведаміла НЧ спадарыня Марына, напярэдадні Дня Волі пракурор Кобрынскага раёна Сяргей Мяшэчка папярэдзіў яе, што пры наступным затрыманні за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапраемстве будзе хадайнічаць аб пастаноўцы сям’і Марыны Жук (15-гадовай Аляксандры, 6-гадовага Уладзіслава і 4-гадовага Ігара) на ўлік тых, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. «Такім чынам, пракурор пагражаў паставіць нашу сям’ю на ўлік за маю грамадзянскую пазіцыю супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў, бо аніяк не падпадае пад сацыяльна-небяспечнае становішча маіх дагледжаных ва ўсіх адносінах і выхаваных дзяцей, якія жывуць ва ўтульнай чатырохпакаёўцы», — падкрэсліла Марына Жук.

Марына Жук 


Паводле яе, пагроза пракурора пачынае здзяйсняцца, бо ўжо тэлефанавала сацыяльны педагог школы №7, дзе вучыцца дачка, і паведаміла, што разам з калегай са школы №8, дзе вучыцца старэйшы сын, збіраюцца наведаць іх сям’ю.

Марына Жук нарадзілася ў Казахстане, куды напрыканцы 1930-х гадоў былі сасланыя з Беларусі яе раскулачаныя продкі. «Можа, таму былі раскулачаныя і сасланыя, што ў нашай сям’і заўсёды паважалі працавітасць, сумленнасць, справядлівасць, адказнасць і міласэрнасць», — зазначыла жанчына.

Сярод іншых затрыманых увечары 24 сакавіка ў гарадскім парку была вядомая ў Кобрыне дзіцячая доктарка Юлія Рафаловіч, пакараная сямісутачным арыштам.

Для яе гэта ўжо трэцяя адміністрацыйная справа за выказванне сваёй нязгоды з фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалтам сілавікоў. Ранейшыя затрыманні лекаркі суправаджаліся пагрозамі яе звальнення з працы, завядзення на жанчыну крымінальнай справы, праблем мужу на працы, адмовы сыну Аляксею, які вучыцца ў Польшчы, права перасекчы мяжу ды вярнуцца на радзіму. 10 жніўня 2020 году ў Кобрыне сын Юліі Рафаловіч быў затрыманы, збіты і асуджаны на 15 сутак.

Грамадзян асабліва занепакоіла інфармацыя, што вядомага педыятра, які вылучаецца сваімі дзелавымі і чалавечымі якасцямі, збіраюцца звальняць з працы. Таму неабыякавыя кобрынцы пачалі збор подпісаў супраць звальнення спадарыні Юліі.

У адкрытым лісце на імя галоўнага доктара Кобрынскай цэнтральнай раённай лякарні Міколы Брашко падпісанты выказваюць катэгарычную нязгоду з намерам кіраўніцтва лякарні звольніць Юлію Рафаловіч за яе сумленную грамадзянскую пазіцыю.

Сустрэча Юліі Рафаловіч пасля зняволення


Кобрынцы высока ацэньваюць 23-гадовую бездакорную працу спадарыні Юліі, партрэт якой упрыгожваў Дошку гонару лякарні, шчыры клопат педыятра пра маленькіх кобрынцаў у любы час сутак, а не толькі ў працоўны. «Сваімі падаткамі мы аплочваем працу работнікаў аховы здароўя і маем права самі вырашаць, каму давяраць здароўе і жыццё нашых дзяцей», — падкрэсліваецца ў лісце.

Яго падпісанты звяртаюць увагу, што грамадзянская пазіцыя спадарыні Юліі, яе нязгода з гвалтам і несправядлівасцю ў краіне ніякім чынам не ўплываюць на выкананне доктаркай сваіх прафесійных абавязкаў. А асуджэнне педыятра на 7 сутак за ўпрыгожванне дрэў стужкамі да Дня Волі кобрынцы ўвогуле лічаць «абуральным і недапушчальным».

Грамадзяне просяць Міколу Брашко падтрымаць зварот, пад якім стаіць больш за 800 подпісаў (з іх 513 — на платформе Petitions.by), і не дазволіць звальнення выбітнай доктаркі, якую любяць шматлікія маленькія пацыенты і іх ўдзячныя сваякі, шчыра паважаюць калегі і ўсе кобрынцы, што маюць гонар быць знаёмымі з гэтай сапраўднай лекаркай і грамадзянкай.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: