Кобрын: іншадумцы — у кожнай сям’і

Затрыманні, закратаванні і штрафы ў Кобрыне не спыняюць грамадзянаў, нязгодных з фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалтам сілавікоў.
Марш 11 кастрычніка. Фота Марата Гаравога

Марш 11 кастрычніка. Фота Марата Гаравога


Паглядзім храналогію падзеяў. Так, 11 кастрычніка каля сотні гараджанаў паўдзельнічалі ў нацыянальным Маршы гонару, нягледзячы на жорсткія дзеянні міліцыянтаў і затрыманні пратэстоўцаў. Усе яны да суду былі закратаваныя ў ізалятары часовага утрымання (ІЧУ) Кобрынскага РАУС на тэрмін ад сутак да трох.  

Ужо 12 кастрычніка за ўдзел у нядзельнай акцыі пачаліся суды. Суддзя Вадзім Здановіч аштрафаваў на 10 базавых велічынь Аляксандру Шляпіну, Ірыну Парфенюк і Алега Пішчыка, а суддзя Аляксей Кміта пакараў Кацярыну Ануфрыюк на 10 базавых велічынь, Валерыю Шэршуновіч на 2 базавыя велічыні, а доктарку-педыятра Юлію Рафаловіч на 5 базавых велічынь.

У перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў гэта ўжо другі прысуд вядомай у горадзе лекарцы за яе актыўную грамадзянскую пазіцыю. Першы — штраф у 20 базавых велічынь ад суддзі Алеся Бабаскіна жанчына атрымала 15 верасня за ўдзел у маршы 23 жніўня.
У зале суда 15 кастрычніка

Юлія Рафаловіч выказала абурэнне цынічным затрыманнем міліцыянтамі на падыходзе да крамы вечарам 11 кастрычніка, заявамі прадстаўнікоў сілавых структураў, якія ў рэзкай форме пагражалі педыятру звальненнем з працы, завядзеннем на яе крымінальнай справы, праблемамі мужу, які валодае крамай ў Кобрыне, а таксама ў адмове іхнаму сыну, які вучыцца ў Польшчы, права перасекчы мяжу і вярнуцца на Бацькаўшчыну. Усе гэтыя пагрозы Юлія Рафаловіч назвала праявамі псіхалагічнага гвалту, як і адсутнасць нармальных санітарна-гігіенічных умоваў утрыманьня грамадзянаў у ІЧУ, а таксама накладанне арышту на мабільны тэлефон лекаркі. Яна падкрэсліла, што такімі дзеяннямі праваахоўныя органы пазбаўляюць доктарку сувязі, у тым ліку мажлівасцяў аказання кансультацый сваім пацыентам.

Суддзя Аляксей Кміта параіў Юліі Рафаловіч тэрмінова аплаціць штраф, узяць ў судзе адпаведную даведку і адразу звярнуцца ў РАУС, каб вярнуць свой мабільнік. Нягледзячы на тое, што ўсе гэтыя захады педыятр зрабіла адразу ў дзень суду, свой тэлефон атрымала толькі на наступны дзень.  
Злата і Раман Дзмітрукі

12 кастрычніка на Рамана і Наталлю Дзмітрукоў быў складзены пратаколы аб удзеле іхнай 12-гадовай дачкі Златы ў нядзельным шэсці. На гэтыя пратаколы маці дзяўчынкі Наталля адрэагавала так: “Беззаконие працягваецца! Чарговая выдумка незаконнага рэжыму, спроба запужаць, “закрыць рот”, пакараць падлеткаў, нязгодных з сістэмай гвалту і хлусні. Цяпер інспектараў па справах непаўнагадовых ганяюць дапытваць бацькоў школьнікаў, якія заўважаныя на вуліцы з неаабыякавымі людзьмі. Абсалютна бяздумнае “нацягванне” артыкулаў кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях на бацькоў пра тое, што мы, нібыта, “не выконваем абявязкі па выхаванню дачкі”. Зараз рэжым займаецца ня тымі падлеткамі, хто паліць і ўжывае спіртныя напоі, а вольнадумнымі дзяўчынкамі і хлопчыкамі. Аднак мы па-добраму ганарымся сваёй дачкой! Таму ў адказ на гэтыя пратаколы мы молімся аб поўным краху гэтай хлуслівай, баззаконнай і гвалтоўнай сістэмы, што правіць 26 гадоў. Жыве Беларусь!”.

Тлумачэнне 12-гадовай Златы Дзмітрук

Тлумачэнне 12-гадовай Златы Дзмітрук


13 кастрычніка працягнуліся суды над удзельнікамі нядзельнага маршу. Суддзя Ала Богнат пакарала Марыну Жук штрафам у 10 базавых велічынь, а суддзя Алесь Бабаскін аштрафаваў на гэтую ж суму вядучага спецыяліста па абароне інфармацыі мясцовай фабрыкі лялек “Палессе”, падпалкоўніка запасу Алеся Папова, які перад судом адсядзеў у няволі двое сутак. А 30-гадовага вадзілу Арцёма Бойку, які быў на маршы з
дзевяцімесячным дзіцём у калясцы, суддзя Аляксей Кміта пакараў штрафам аж у 30 базавых велічынь.
Марына Жук (злева)

14 кастрычніка суддзя Вадзім Здановіч пакараў трыма суткамі затрымання пенсіянера Васіля Куцэвіча, які да суду адсядзеў свой тэрмін у ІЧУ.
Аўдзій Самулевіч

Апроч таго, 12 кастрычніка Вадзім Здановіч аштрафаваў на 15 базавых велічынь музыку Аўдзія Самулевіча, які з малым барабанам ад сваёй ударнай устаноўкі прыняў удзел ў маршы 6 верасня. Гэта ўжо другое пакаранне музыкі за ягоную грамадзянскую пазіцыю. Раней ён быў аштрафаваны суддзёй Таццянай Каберскай на 15 базавых велічынь за ўдзел у маршы 13 верасня. Прычым, музыка быў затрыманы і трое сутак знаходзіўся ў ІЧУ да судоў

Паводле спадара Аўдзія, у няволі яго спрабавалі прынізіць, часам пакрыквалі, звярталі ўвагу, што на вуліцы выходзяць ня больш за паўпрацэнты кабрынчанаў. “Аднак ад міліцыянтаў пачуў, што ў іхных сем’ях няма згоды па сітуацыі ў краіне. Такім чынам, сілавікі самі сведчаць, што іншадумцы ёсць у кожнай сям’і. Таму тых, хто выступае супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў нашмат болей, чым паўпрацэнты”, — падкрэсліў музыка.

Пасля заканчэння Берасцейскага музычнага каледжу імя Рыгора Шырмы ён працуе канцэртмайстрам па класу ўдарных інструментаў Кобрынскага раённага цэнтру дзіцячай творчасці, дзе калегі падтрымліваюць Аўдзія Самулевіча і перажываюць за яго. Музыка зазначыў, што прыдзецца набываць новы малы барабан, бо ягоны коштам каля 500 рублёў далучаны да матэрыялаў справы і знаходзіцца ў судзе.
Алесь Мандра з жонкай перад пачаткам суда

13 кастрычніка за удзел у маршах 30 жніўня і 13 верасня суддзя Таццяна Каберская наклала на Алеся Мандру штраф у 20 базавых велічынь. Прычым, спадар Алесь быў затрыманы і з 25 верасня па 1 кастрычніка шэсць сутак знаходзіўся ў ІЧУ. Мужчына — будаўнік па адукацыі, бацька чацвярых дзяцей ва ўзросце ад пяці да васемнаццаці гадоў. Разам з жонкай працуе на мясцовай фабрыцы лялек “Палессе”.

Самавітага Алесю Мандру паважаюць у горадзе за ягоную працавітасць, грунтоўнасць і надзейнасць. З-за сваёй грамадзянскай пазіцыі страціў некаторых старых сяброў, але набыў шмат новых. Спадар Алесь не шкадуе за свой удзел у акцыях і пакаранне немалым штрафам. Мужчына абураны фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, гвалтам сілавікоў і прававым бязмежжам дзяржавы, якая не служыць народу. “Так, на сваім прыкладзе я ўпэўніўся, што суды з’яўляюцца прыдаткам сістэмы Міністэрства ўнутраных справаў”, — зазначыў Алесь Мандра. Ён выказаў намер зноўку выйсці на вуліцу, калі гэтага запатрабуюць абставіны.

Урэшце, за ўдзел ў маршы амаль двухмесячнай даўніны 16 жніўня суддзі Аляксей Кміта і Таццяна Каберская адпаведна 13 і 15 кастрычніка пакаралі дырэктара турыстычнай фірмы “Цэнтар-Тур” Алеся Брыштэна на 10, а аўтара гэтага артыкулу — на 15 базавых велічынь. Раней суддзя Аляксей Кміта наклаў на Алеся Брыштэна штраф у 20 базавых велічынь за ўдзел у акцыі 10 жніўня на пляцы імя Уладзіміра Леніна ў Кобрыне.
У розных кутках гораду людзі выяўляюць сваю грамадзянскую пазіцыю

Фота Марата Гаравога



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: