Кобрын: пагрозы, прыніжэнне і спробы вярбоўкі грамадзян

Затрыманні, пагрозы, прыніжэнне і псіхалагічны ціск сілавікоў зазналі нядаўна грамадскія актывісты ў Кобрыне.



Танцавальны флэшмоб "Ерусалім"

Чацвёра з іх, у тым ліку дзве жанчыны, правялі за кратамі 72 гадзіны, адна — перажыла ператрус і двое сутак зняволення ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) Кобрынскага РАУС, яшчэ дзве жанчыны прайшлі праз так званую «прафілактычную гутарку», прычым адну з іх трымалі ў аддзеле міліцыі больш за сем гадзінаў.   

Міліцыянты шукалі сярод гэтых грамадзян, большасць якіх раней былі асуджаныя паводле артыкулу 23.34 КаАП, удзельнікаў танцавальнага чэленджу «Ерусалім», што адбыўся ў горадзе і ягоным наваколлі каля трох тыдняў таму.

Карэспандэнт НЧ сустрэўся з некаторымі пацярпелымі.


Алесь Мандра (бацька чацвярых дзяцей) 

— Пасля закратавання на 72 гадзіны ў ІЧУ Кобрынскага РАУС са мною за трое сутак амаль тры з паловай гадзіны камунікавалі 8 сілавікоў. Першым «размаўляў» высокі начальнік — кіраўнік адной са структураў мясцовай міліцыі. Пра гэтую «размову» нават брыдка ўзгадваць, бо яна складалася выключна з ляманту, пагрозаў, прыніжэнняў з ужываннем нецэнзурнай лексікі.

Потым за мяне ўзяліся два спецслужбоўцы ў цывільным, як я зразумеў, з Брэста. Яны паводзілі сябе даволі стрымана, але пагражалі крымінальнай адказнасці за распальванне варожасці ў грамадстве, калі я буду працягваць пратэставаць. На што я адказаў, што абвастрэнне супрацьстаяння ў грамадстве выклікана не пратэстоўцамі, а выключна фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалтам з боку сілавікоў, а таксама створанай у краіне сістэмай матэрыяльных ільготаў і прывілеяў дзяржслужбоўцаў за кошт іншых грамадзян ды прававой недатыкальнасцю супрацоўнікаў сілавых структураў.

Падчас абмеркавання праблемы экстрэмальных дзеянняў я выказаў да іх сваё адмоўнае стаўленне. У адказ атрымаў прапанову пра супрацоўніцтва са спецслужбоўцамі, калі мне стане вядома пра падрыхтоўку дзеянняў такога кшталту. Але ад гэтай прапановы я ўхіліўся, бо маю іншую сістэму каштоўнасцяў.     

Зміцер Дамасевіч (бацька трох дзяцей, чакае чацвёртага)

— 5 лютага мяне затрымалі і прывезлі ў Кобрынскае РАУС, дзе каля чатырох гадзінаў разам з мясцовымі міліцыянтамі мяне дапытвалі сілавікі з Брэста — усяго сем чалавек. Крычалі, каб прызнаўся, што на відэа з запісам танцавальнага чэленджу «Ерусалім» менавіта я танчу ў касцюме Дзеда Мароза, папракалі мяне і жонку, што ад дзяржавы мы маем ільготную кватэру і атрымліваем сістэматычную дапамогу на ўтрыманне дзяцей, хоць мы 12 гадоў стаялі на чарзе і за сваю кватэру да гэтага часу выплачваем крэдыт. Апроч таго, бяздоказна ўпікалі, што на гэтых відэа хтосьці зарабляе, у тым ліку і ўдзельнікі здымак. Яны спыталі: «Чаго вам не хапае?». Я адказаў, што не задаволены фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, гвалтам сілавікоў і прававым бязмежжам дзяржавы.

Апроч таго, я двойчы звярнуў увагу міліцыянтаў, што, калі б задаволілі маё патрабаванне на медычны агляд, мяне павінны былі вызваліць ад зняволення як хранічна хворага на цукроўку. 

Дарэчы, разам са мной у камеры свае 15-суткавае адміністрацыйнае пакаранне за выкарыстанне гістарычнага нацыянальнага бел-чырвона-белага сцягу адбываў 45-гадовы грузчык з Брэста Віктар Якімчук, бо ІЧУ абласнога цэнтру былі перапоўненыя.  

Марына Жук (маці трох дзяцей) 

— Спачатку афіцэры міліцыі з розных структураў Кобрынскага РАУС, у тым ліку з аддзелу крымінальнага вышуку, прыкладна тры з паловай гадзіны безупынна спрабавалі мяне пераканаць у справядлівасці дзеянняў уладаў супраць пратэстоўцаў. На гэта адказала, што да гэтага часу ніхто з сілавікоў не пакараны за гвалт над грамадзянамі, якія мірна выступалі за справядлівыя выбары і прыстойны ўзровень жыцця, у тым ліку за новыя працоўныя месцы і прымальны ўзровень дапамогі па беспрацоўю.

Апроч таго, мне пагражалі, што зняволяць на 15 сутак, калі дзе-небудзь пройдзе інфармацыя пра мой удзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту, нягледзячы на тое, што я маці трох дзяцей. Разам з тым, сілавікі схілялі мяне да супрацоўніцтва, аднак я адмовілася, бо гэта супярэчыць маім маральным прынцыпам.

Трэба дадаць, што калі закратоўваюць грамадзянаў па «народным артыкуле» (арт. 23.34 КаАП – М.Г.), сваякі і сябры павінны мець мажлівасць перадаць зняволеным усё самае неабходнае, у тым ліку вопратку, лекі, ежу, пітво і сродкі асабістай гігіены. Але на справе атрымліваецца, што сваякі і сябры зняволеных безвынікова стаяць каля ІЧУ, а адкуль — толькі маўчанне ці кароткі адказ, што арыштантам «ничего не положено». З-за такога стаўлення чалавек не можа трымаць сябе ў нармальным стане — у чысціні і цяпле. У XXI стагоддзі такое стаўленне да людзей папросту не прымальнае.  

 

Кобрынка, якая пажадала не называць сябе:

— З 12 супрацоўнікаў РАУС, якія цягам амаль шасці гадзінаў апытвалі і гутарылі са мною ў райаддзеле міліцыі, толькі тры назвалі сябе, свае пасады і матывацыю сваіх дзеянняў. Пры гэтым усе сілавікі аказвалі моцны псіхалагічны ўціск на мяне, каб я прызналася (невядома ў чым), пакаялася (невядома за што), а таксама назвала склад удзельнікаў нейкіх сакрэтных чатаў у тэлеграм-канале. Пры гэтым сілавікі ўжывалі падман, хітрасць і грубасць, сваімі адносінамі падкрэслівалі, нібыта я ўчыніла цяжкае крымінальнае злачынства, усяляк ігнаравалі мой пол і ўзрост.

У камеры ізалятару — непрымальныя ўмовы ўтрымання (вельмі холадна, у тым ліку з-за скразняку ад шчылін у аконным праёме, мерзлі рукі і твар. Адсутнічалі элементарныя гігіенічныя прыстасаванні і сродкі — быў толькі кран з халоднай вадой з вельмі непрыемным пахам. І толькі на трэці дзень зняволення дазволілі перадаць цёплую вопратку, але адмовілі нават у пітной вадзе, якой я шмат ужываю. Разам з тым, супрацоўнікі ізалятару паводзілі сябе даволі карэктна.

Холад, голад (апроч кіпеню з хлебам, усё астатняе немажліва было есці), смага, псіхалагічны ціск на доўгіх допытах, бясконцыя выклікі на «размовы», поўная ізаляцыя, адсутнасць інфармацыі, хваляванні за сям’ю, стрэсу ад зняволення і невядомасці… Усе 72 гадзіны, што была ў знявоненні, я не магла спаць. Асабліва цяжка было з-за адсутнасці свежага паветра, а таксама з-за пастаяннага электрычнага асвятлення камеры, якое не выключалася.

Аднак ніхто з міліцыянтаў ні разу не спытаў, як я сябе пачуваю, і не прапанаваў хоць бы вады папіць. Перад вызваленнем сілавікі нават адмовіліся дапамачы зарадзіць мой мабільны тэлефон, каб у мароз колькі кіламетраў не ісці пешшу да хаты, а выклікаць сваякоў з машынай. Я аніяк не магу зразумець такое негуманнае стаўленне да людзей з боку міліцыянтаў. У гэтай сітуацыі я вельмі ўдзячная сваім сябрам, якія праявілі сапраўдную людскую салідарнасць і чакалі мяне на выхадзе з прагрэтым аўто. 

    

ххх

 

Да гэтых сведчанняў трэба дадаць, што 8 лютага суддзя суду Кобрынскага раёна Вадзім Здановіч пакараў на 15 базавых велічынь кобрынца Юрася Кашталянчыка за рэпост інфармацыі з тэлеграм-каналу, які прызнаны ў краіне экстрэмісцкім.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: