Кобрынскія замалёўкі: З клопатам пра блізкага

У Батчынскім сельсавеце Кобрынскага раёну пачалася рэалізацыя праекту «З клопатам пра блізкага».

Гаворка ідзе пра стварэнне ў шэрагу населеных пунктаў сельсавета (вёсках Андронава, Батчы, Літвінкі, Паляцічы і Шыповічы, катэджавым пасёлку Фруктовым) 11 крытых прыпыначных пунктаў для чакання аўтакрамаў і пляцовак камунікацыі мясцовых жыхароў — у асноўным людзей паджылога ўзросту, а таксама зоны адпачынку са сцэнай і навесам у пасёлку Птушкафабрыкі.

Ініцыятар справы — грамадскае аб’яднанне «Кобрынскі клуб дзелавых жанчын «Бона» здзяйсняе свой праект пры падтрымцы Еўрапейскай асацыяцыі мясцовай дэмакратыі ALDA (Страсбург, Францыя) і айчыннага асветніцкага грамадскага аб’яднання «Фонд імя Льва Сапегі» ў межах праграмы «Тандэм IV» («Устойлівая супраца няўрадавых арганізацый і мясцовых органаў улады для актывізацыі ўдзелу грамадзянаў у мясцовым самакіраванні і развіцці мясцовых супольнасцяў у Рэспубліцы Беларусь»).

На працоўнае паседжанне ў выканкаме Батчынскага сельсавету былі запрошаныя прадстаўнікі мясцовай улады, у тым ліку старасты вёсак, а таксама тутэйшыя жыхары.

Удзельнікі паседжання дамовіліся пра арганізацыю сустрэчаў з жыхарамі вёсак, дзе будуць стварацца адмысловыя прыпыначныя пункты. На гэтых сустрэчах мяркуецца зацвердзіць індывідуальныя праекты пляцовак для камунікацыі мясцовых жыхароў. Затым для кожнага прыпыначнага пункту будзе вылучаны неабходны мінімум будаўнічых матэрыялаў, у тым ліку металічных труб, профіляў і лістоў. Усё астатняе — праца фантазіі і рук мясцовых валанцёраў пры магчымай падтрымцы прадпрыемстваў і навучальных установаў Кобрынскага раёну.

Мяркуецца, што кожны прыпыначны пункт будзе абсталяваны стэндамі для віншавання юбіляраў і з неабходнай даведачнай інфармацыяй пра славутую мінуўшчыну адпаведных населенных пунктаў Батчынскага сельсавету, кішэнямі для турыстычных праспектаў, а таксама ўпрыгожаны ў адпаведнасці з мясцовымі народнымі традыцыямі аздаблення грамадскіх збудаванняў.  

Сярод запланаваных валанцёрскіх акцый праекту — конкурс на лепшае афармленне прыпыначных пунктаў, іхны мантаж, абсталяванне і азяляненне, добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый, урачыстае адкрыццё з фестывалем народнай творчасці і ўзнагароджаннем найбольш актыўных удзельнікаў праекту, а таксама выданне і распаўсюд адмысловых насценных каляндароў «З клопатам пра блізкага».

На створанай ў пасёлку Птушкафабрыкі крытай сцэне з навесам мяркуецца праводзіць дзяржаўныя і традыцыйныя народныя каляндарныя святы, спартыўныя спаборніцтвы, канцэрты і творчыя сустрэчы, а таксама выкарыстоўваць гэты аб’ект для працы летняга кінатэатру.

Па выніках праекту запланаваны круглы стол і стварэнне адмысловага відэафільму.  

Нагадаем, што летась клуб «Бона» пры падтрымцы Еўрапейскай асацыяцыі мясцовай дэмакратыі (ALDA) і Фонду імя Льва Сапегі разам з Батчынскім сельсаветам і тутэйшымі жыхарамі пры падтрымцы Кобрынскага райвыканкаму, прадпрыемстваў і ўстановаў гораду стварылі каля вёскі Андронава цудоўную спартова-гульнявую пляцоўку «Выспа дзяцінства».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!