Колькасць насельніцтва ў Беларусі працягвае скарачацца

У Беларусі працягвае скарачацца колькасць насельніцтва. За першы квартал гэтага года колькасць людзей, якія пражываюць у нашай краіне, зменшылася на 9 912 чалавек, паведамляе Белстат. Гэта значыць натуральнае змяншэнне (перавышэнне смяротнасці над нараджальнасцю) не змагла перакрыць міграцыя.
Колькасць насельніцтва скарацілася за студзень-сакавік ва ўсіх рэгіёнах, за выключэннем Мінскай вобласці (прырост за кошт міграцыі). Менш стала пражываць людзей нават у Мінску. А калі паглядзець на дэмаграфічную сітуацыю ў разрэзе раёнаў, то колькасць народжаных перавысіла колькасць тых, хто памёр, толькі ў Мінскім і Нараўлянскім. Прыкметней за ўсё смяротнасць перавысіла нараджальнасць у Аршанскім, Барысаўскім і Полацкім раёнах.

Міграцыйны прырост у цэлым па краіне ў першым квартале гэтага года склаў 795 чалавек, натуральнае змяншэнне — 10 707 чалавек. У студзені-сакавіку ў Беларусі нарадзілася 21 519 дзяцей. Гэта на 2 016, або на 8,6%, менш, чым за аналагічны перыяд 2018 га. Колькасць памерлых склала 32 226 чалавек — на 76 чалавек менш, чым годам раней.

У плюс па колькасці насельніцтва ў першым квартале ўдалося выйсці толькі Мінскай вобласці. Аднак «прыбаўка» апынулася нязначнай — 69 чалавек. Рост колькасці быў забяспечаны ў вобласці за кошт міграцыі насельніцтва. Пры гэтым натуральнае змяншэнне (перавышэнне колькасці памерлых над колькасцю народжаных) у студзені-сакавіку ў вобласці склала 1827 чалавек, а міграцыйны прырост — 1896.

У некаторых абласных цэнтрах у першым квартале адзначаўся прырост насельніцтва. Да прыкладу, у Брэсце — на 122 чалавека, у Гродне — на 109. А вось у Магілёве мінус — 178 чалавек, Гомелі — на 329, Віцебску — на 227.

А вось у Мінску за першы квартал колькасць насельніцтва скарацілася на 1 145 чалавек. Натуральнае змяншэнне ў сталіцы (перавышэнне колькасці памерлых над колькасцю народжаных) у студзені-сакавіку склала 689 чалавек, а міграцыйная змяншэнне — 456 чалавек. Гэта значыць, у Мінску не толькі смяротнасць перавышае нараджальнасць, але і з'язджаць са сталіцы сталі часцей, чым прыязджаць на пастаяннае месца жыхарства.

Нагадаем, у Мінску на 1 студзеня гэтага года пражывала 1 мільён 992,8 тысячы чалавек. Гэта на 10,4 тысячы больш, чым год таму. Гэта рэкордны паказчык. Так, на пачатак 2018 году ў сталіцы было 1 мільён 982,4 тысячы чалавек, на пачатак 2017 году — 1 мільён 974,8 тысячы жыхароў, а на пачатак 2016 году — 1 мільён 959,8 тысячы.

За мінулы год колькасць беларусаў вырасла толькі ў Мінску і Мінскай вобласці, у астатніх рэгіёнах — скарацілася.

Па прагнозах дэмографаў, насельніцтва Беларусі будзе змяншацца і далей. Як раней паведамлялі ў НДІ працы Мінпрацы, без уліку міграцыйных працэсаў колькасць насельніцтва Беларусі у 2030 годзе можа скласці 8 млн 964 тысяч 600 чалавек.

У Беларусі ў 2050 годзе колькасць насельніцтва складзе 8 млн 571 тысяч чалавек. Гэта на 897 тысяч менш у параўнанні з 2017 годам. Такія дадзеныя ўтрымліваюцца ў дакладзе ААН «Перспектывы сусветнага народанасельніцтва», які размешчаны на сайце арганізацыі.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: