Колькі беларусаў працаўладкавалі «дармаедскія» камісіі?

Які сэнс у працы паўтары сотняў камісій, калі яны дапамагаюць знайсці працу адзінкам?
Фота: TUT.by

Фота: TUT.by

За першае паўгоддзе ў камісіі звярнулася 4 тысячы чалавек. Гэта «дастаткова пазітыўны сігнал», лічыць старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка.

Але калі прыгледзецца, то 4 тысячы тых, хто звярнуўся ў 150 камісій. — гэта вельмі мала. Атрымліваецца, што ў сярэднім у кожную камісію за паўгода звярнулася па 27 чалавек або каля 4,5 чалавек у месяц. Нават калі не ўсе камісіі працавалі з пачатку года, 4 тысячы чалавек — гэта 1,6% ад 239 тысяч беспрацоўных, зарэгістраваных у Беларусі па класіфікацыі Міжнароднай арганізацыі працы.

Камісіі забіраюць працу ў цэнтраў занятасці?

Улічваючы, што сутнасць працы створаных у Беларусі 150 камісій па садзейнічанню занятасці практычна цалкам паўтарае функцыі цэнтраў занятасці — дапамагчы чалавеку знайсці працу або прайсці перанавучанне — а вынікаў іх працы пакуль не відаць, эфектыўнасць абранага метаду садзейнічання занятасці наўрад ці перавышае затраты на яго арганізацыю, лічаць эксперты.

Больш за тое затраты на працу камісій могуць нашмат пераўзыходзіць карысць ад іх працы. Стварыць камісіі на паперы выглядае танна, але гэта працоўны час дзяржслужачых, якія працуюць за грамадскія грошы, падкрэслівае дырэктар Школы маладых менеджэраў публічнага адміністравання SYMPA Наталля Рабава.

— Як найменш мы гаворым пра працоўны час, які праведзены на выкананне не першачарговых функцый, па-другое, можа ісці гаворка пра камандзіровачных, калі членам камісій трэба дабірацца да раёнаў, таксама ёсць абавязковая праца па пратакаляванню дзейнасці камісіі, напэўна, ёсць нейкая каардынацыя з цэнтрамі садзейнічання занятасці. На ўсё гэта ідуць працоўны час і працоўныя рэсурсы, — тлумачыць эксперт.

Праца камісій больш падобная на элемент ручнога кіравання чалавечымі жыццямі. І людзі туды звяртаюцца, у першую чаргу, каб не лічыцца «дармаедамі», а не ў разліку на сур'ёзную падтрымку ў пошуку працы, адзначае кіраўнік SYMPA.

— Калі наведаць любы цэнтр садзейнічання занятасці, убачыце, што там натоўп народа. Значыць, тыя, хто стаяць на ўліку як беспрацоўныя, ацэньваюць працу цэнтраў як больш эфектыўную, чым працу камісій, — лічыць Наталля Рабава.

Атрымліваецца, замест стварэння камісій, можна было б павысіць эфектыўнасць работы цэнтраў занятасці. Хоць і іх прэстыж цяпер занадта нізкі, як і вера ў падтрымку дзяржавы ў выпадку страты працы. Гэта пацвярджаюць лічбы: зарэгістраванае беспрацоўе ў краіне 0,4%, а фактычнае — больш за 5%, гэта значыць у 12,5 разоў вышэй.


Ці можна перастаць рэшатам ваду насіць?

Ствараць дадатковыя структуры толькі таму, што існуючыя не працуюць, нерацыянальна, робяць выснову эксперты.

 Замест таго, каб стварыць «мыліцы», трэба было б рэфармаваць падтрымку беспрацоўных у цэлым, — адзначае сацыёлаг Алена Арцёменка.

Людзі не рэгіструюцца на біржы працы, і гэта пацвярджае, што статус беспрацоўнага не прыносіць ніякай падтрымкі і якаснай дапамогі ў працаўладкаванні. Вось чаму няма сэнсу ў стварэнні дадатковых механізмаў да існуючай службы занятасці ў выглядзе камісій, адзначае эксперт.

— Памер дапамогі па беспрацоўі і выдаткі на тое, каб стаць на ўлік на біржы працы дэматывуе людзей гэта рабіць, — дапаўняе эксперт Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Марыя Акулава.

Казаць аб дапамозе і абароне з боку дзяржавы можна будзе, калі дапамога па беспрацоўі вырасце хоць бы да ўзроўню пражытачнага мінімуму, лічыць эксперт.

Беспрацоўных перш за ўсё цікавіць акурат фінансавая падтрымка ў выглядзе дапамогі, якая дазволіла б на час пошуку працы хаця б ўтрымліваць сябе. Важная і магчымасць прайсці перакваліфікацыю.

— Гэта было б значным напрамкам падтрымкі беспрацоўных. Мы бачым доўгатэрміновую тэндэнцыю па скарачэнні дзяржаўнага сектара. Гэтыя кадры таксама трэба працаўладкоўваць, даваць ім магчымасці дадатковай адукацыі ў сумежных сферах, — кажа Алена Арцёменка.

Калі ўявіць, што дзеючая сістэма службы занятасці будзе адказваць за дапамогу для беспрацоўных, то дадатковай мерай падтрымкі беспрацоўных сталі б інстытуты, якія дапамагаюць прайсці прафесійныя курсы і перакваліфікацыю, адзначае сацыёлаг. Прычым адукацыйныя магчымасці варта было б максімальна рэкламаваць.

Выгадней і больш эфектыўна, чым праца камісій, было б правесці шырокую інфармацыйную кампанію з прапановамі ад Мінпрацы людзям, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі, прыйсці ў тыя ці іншыя арганізацыі, прайсці пэўную адукацыю, атрымаць ваўчар на перанавучанне або доступ да бізнес-літаратуры, каб людзі маглі стаць самазанятымі, прапануе Марыя Акулава.

— Такая маральная афарбоўка атрымала б водгук у людзей, таму што яны б убачылі, што ім сапраўды хочуць дапамагчы, падтрымаць, і дзяржорганы зацікаўлены ў тым, каб яны ў будучыні ўкладваліся ў эканамічны рост краіны, — лічыць эксперт.

Распрацоўваючы палітыку садзейнічання занятасці, варта было паглядзець на ключавыя рэчы: «дармаедамі» нярэдка становяцца тыя людзі, якія не могуць знайсці працу, якая адпавядае іх кваліфікацыі або якая дазваляе забяспечыць сябе, а не таму што людзі не хочуць працаваць.

— Колькасць «дармаедаў» больш высокая ў самых бедных рэгіёнах Беларусі. Гэта сведчыць аб тым, што, хутчэй за ўсё, адна з прычын іх з'яўлення — эканамічныя праблемы ў канкрэтным горадзе, вёсцы ці райцэнтры, — падкрэслівае Марыя Акулава.

Даследаванне BEROC «Ацэнка колькасці працаздольнага насельніцтва, не занятага ў эканоміцы, і эканамічнае развіццё рэгіёнаў Беларусі за 2007-2015 гады» пацвярджае, што колькасць незанятых у эканоміцы беларусаў залежыць ад узроўню развіцця рэгіёну, магчымых даходаў на мясцовых прадпрыемствах, нізкага ўзроўню сацыяльных стандартаў.

Больш за ўсё так званых «дармаедаў» аўтары даследавання знайшлі ў асобных раёнах Брэсцкай, Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцях — гэта значыць блізка да межаў з Украінай і Расіяй. Эканамічныя ўмовы вымушаюць мясцовых жыхароў з'язджаць на заробкі ці падпрацоўваць неафіцыйна.


Паводле zautra.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць