Колькі насамрэч каштуюць «залатыя прыбіральні»?

У распараджэнне gomel.today трапіў дакумент, які дае нам дакладнае ўяўленне, колькі ж каштуе будаўніцтва на набярэжнай Гомеля грамадскіх прыбіральняў. Тых самых, якія ў народзе завуць «залаты туалет» або «туалет за мільён».


Першапачаткова інфармацыя аб небывала дарагім будаўніцтве трапіла ў прэсу ў выніку азнаямлення журналістаў з тэндэрнымі дакументамі. Зыходзячы з першай інфармацыі, кошт узвядзення аб'екта арыентыровачна складаў 1,5 мільёна беларускіх рублёў, ці амаль 750 тысяч долараў ЗША. Тады людзі пачалі казаць пра «прыбіральні амаль за мільён», што плаўна трансфармавалася ў несмяротны мем «туалет за мільён».

Аднак пазней паўстала некаторая блытаніна, паколькі аказалася, што аб'ект — гэта будаўніцтва «пад ключ» на набярэжнай не адной, а адразу дзвюх прыбіральняў, якія ў дакументацыі фігуруюць як «першая чарга» і «другая чарга». Паколькі афіцыйныя лічбы нідзе не публікаваліся і не называліся ў каментарах прадстаўнікамі ўладаў, з'явіліся розныя версіі таго, колькі ж каштаваў адзін, той самы, які спешна дараблялі да прыезду ў Гомель кіраўнікоў Беларусі і Украіны Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі.

Цяпер, здаецца, можна зарыентавацца ў пытанні з пэўнай ступенню дакладнасці. У распараджэнне «Моцных новостей» патрапіла «Дадатковае пагадненне № 15 да дамовы на выкананне работ па будаўніцтве аб'екта "пад ключ" № 477/18 ад 2018/02/23 "Грамадскія прыбіральні на набярэжнай р. Сож у г. Гомелі"» паміж Упраўленнем капітальнага будаўніцтва горада Гомеля (Заказчык) і Гомельскім домабудаўнічым камбінатам (выканаўца).

Дадатковае пагадненне № 15 змяшчае шэраг змяненняў, якія ўносяцца ў дагаворы і пагадненні па будаўніцтву, падпісаныя раней.

Так, у прыватнасці, у першым пункце пагаднення гаворыцца, што ліміт фінансавання на 2019 г. складае 1 770 867 рублёў і 6 капеек. Ільвіная доля гэтых сродкаў ідзе на будаўніцтва «першай чаргі» — гэта яшчэ недабудаваная прыбіральня каля Кіеўскага спуску. На яе пойдзе 1 597 741 рубель і 40 капеек.

На даробкі ўжо пабудаванага туалета («другая чарга») пойдзе «ўсяго» 173 125 рублёў і 66 капеек.

У другім пункце пагаднення знаходзіцца больш абагульненая інфармацыя, з якой можна рабіць пэўныя высновы. Там, у прыватнасці, гаворыцца, што «Кошт будаўніцтва аб'екта "пад ключ" па канчатковым разліку складае 3 314 725,64 рублёў».

Нагадаем, што «аб'ект» — гэта два туалета. На набярэжнай недалёка ад кампазіцыі «Маяк» і ля Кіеўскага спуску.

З дакумента таксама становіцца зразумелым крыніца фінансавання «будоўлі стагоддзя» — абласны бюджэт.

Такім чынам, атрымліваецца, што кожная з дзвюх прыбіральняў абыйшласся падаткаплатнікам ніяк не менш, чым у $ 820 тысяч па сённяшнім курсе.

Грошы, скажам так, не маленькія. Для таго, каб зразумець усю маштабнасць і значнасць узвядзення гэтага помніка эпосе, дастаткова толькі сказаць, што на кансервацыю Крэўскага замка (першага ў Беларусі каменнага абарончага збудавання, легендарнага месца ў гісторыі краіны) у 2018 годзе было выдзелена 880 тысяч беларускіх рублёў (каля 440 тысяч долараў). Гэта значыць, у два разы менш, чым на адзін гомельскі туалет.

Паводле gomel.today

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!