Колькі палітвязняў было ў Беларусі за 10 гадоў

Свабода нагадвае пра найбольш гучныя справы палітычных вязняў з 2010 па 2020 год.
Форум "Свабоду палітвязням!" у Мінску

Форум "Свабоду палітвязням!" у Мінску

Новы 2020 год сустрэлі за кратамі палітычны вязень Павел Севярынец ды іншыя актывісты, якія ўдзельнічалі ў акцыях супраць інтэграцыі з Расіяй. За мінулыя дзесяць гадоў сотні беларусаў правялі за кратамі дні, гады і месяцы. У спісе, складзеным беларускімі праваабаронцамі на сайце «Свабоду палітвязням», названыя каля 200 беларускіх палітычных вязняў за часы кіравання Аляксандра Лукашэнкі.

Свабода нагадвае пра найбольш гучныя справы палітычных вязняў з 2010 па 2020 год. У гэтым спісе людзі, якіх прызнала палітвязнямі «Міжнародная амністыя», а таксама тыя, каго палічылі такімі беларускія праваабаронцы ды чые справы прызнала палітычна матываванымі беларуская праваабарончая супольнасць. У спісе не ўлічаны палітычна матываваныя адміністрацыйныя арышты, праз якія прайшлі тысячы людзей у Беларусі за апошнія 10 гадоў.

Аліневіч Ігар, анархіст (увязнены 28.11.2010–22.08.2015). У 2010 годзе затрыманы прадстаўнікамі беларускіх спецслужбаў у Маскве і змешчаны ў СІЗА КДБ у Мінску. У траўні 2011 году суд Заводскага раёна Мінска пакараў яго 8 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Абвінавачаны ў злосным хуліганстве ў эпізодах нападу на расійскую амбасаду, а таксама за ўдзел у акцыі каля Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі, нападах на казіно, офіс банку «Масква-Мінск» і турму на завулку Акрэсціна. Адбываў пакаранне ў наваполацкай калоніі і калоніі «Віцьба-3». Вызвалены праз памілаванне.

Асіпенка Уладзімір, прадпрымальнік (увязнены 8.02.2009–5.10.2010). Асіпенка быў зняволены разам з прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам і Юрыем Лявонавым. Абвінавачаны ў наўмысным знішчэнні альбо пашкоджанні маёмасці, а пазней і ў рыхтаванні тэрарыстычнага акту. У траўні 2010 года Вярхоўны суд асудзіў Асіпенку на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за захаванне і перавоз зброі і выбуховых рэчываў. Адбываў пакаранне ў івацэвіцкай калоніі № 22. Вызвалены праз амністыю.

Атрошчанкаў Аляксандар, грамадскі актывіст (увязнены 20.12.2010–14.09.2011). На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года быў прэс-сакратаром штабу Андрэя Саннікава. Затрыманы 20 снежня 2010 года ў сябе дома пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Змешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 2 сакавіка 2011 года суддзя Фрунзенскага раённага суда Мінска Таццяна Чаркас асудзіла яго на 4 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў калоніі «Віцьба-3». Вызвалены праз памілаванне.

Аўтуховіч Мікалай, прадпрымальнік, грамадскі актывіст (увязнены 8.02.2009–8.04.2014). Адзін з арганізатараў Руху ветэранаў баявых дзеянняў «Абаронцы Айчыны» і Камітэту падтрымкі прадпрымальніцтва «Салідарнасць». У лютым 2009 года быў зняволены разам з Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам. Асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за незаконнае захоўванне і перавоз пяці патронаў і паляўнічай стрэльбы. Гэта другое зняволенне (першы тэрмін — 2005–2008). Адбываў пакаранне ў івацэвіцкай калоніі № 5 і турме Гродна. Вызвалены па адбыцці пакарання.

Бандарэнка Зміцер, палітычны актывіст (увязнены 20.12.2010–15.04.2012). Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 года быў актывістам штабу Андрэя Саннікава. Затрыманы 20 снежня 2010 года ў сябе дома пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Змешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, пазней выстаўлена мякчэйшае абвінавачанне — рыхтаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх. 27 красавіка 2011 года суддзя Партызанскага раённага суда Мінска Таццяна Равінская асудзіла яго на 2 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. За кратамі яму зрабілі складаную аперацыю на хрыбетніку. Бандарэнка адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі № 15. Вызвалены праз памілаванне.

Барановіч Святаслаў, прадпрымальнік (увязнены 15.06.2011–29.08.2011). Удзельнік акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 года. Затрыманы ў межах крымінальнай справы аб «масавых беспарадках» толькі 15 чэрвеня 2011 года, калі фактычна справа была ўжо закрытая і прайшлі дзясяткі судоў. Барановіча змясцілі пад варту ў СІЗА № 1, 21 чэрвеня абвінавацілі ўва ўдзеле ў масавых беспарадках. 29 жніўня, у першы дзень судовага працэсу, меру стрымання змянілі на падпіску аб нявыездзе. 12 кастрычніка 2011 года суд Маскоўскага раёна Мінска пад старшынствам суддзі Алены Рудніцкай прыгаварыў Барановіча да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

Буланаў Зміцер, студэнт (увязнены 19.12.2010–14.09.2011). Падчас разгону акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня затрыманы і збіты. Асуджаны на 10 дзён арышту. Пасля вызвалення затрыманы паўторна 12 студзеня 2011 года. Да суда знаходзіўся ў следчым ізалятары на вул. Валадарскага. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 26 траўня 2011 года суддзя Ленінскага раённага суда Мінска Людміла Грачова асудзіла яго на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі № 15. Вызвалены праз амністыю.

Бяляцкі Алесь, праваабаронца (увязнены 4.08.2011–21.06.2014). Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. Узнагароджаны прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава ды іншымі міжнароднымі праваабарончымі прэміямі. Быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію міру ў 2006, 2007 і 2012 гадах. 4 жніўня 2011 года арыштаваны пасля таго, як Літва і Польшча перадалі ўладам Беларусі звесткі пра банкаўскія рахункі на сваёй тэрыторыі. Бяляцкага абвінавацілі ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. 24 лістапада 2011 года асуджаны Першамайскім раённым судом Мінска на 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Сваёй віны не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасць. Краіны Еўразвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнем, а прысуд — палітычна матываваным. Адбываў пакаранне ў жодзінскай турме і бабруйскай калоніі. Вызвалены праз амністыю.

Вазняк Сяргей, палітык (увязнены 20.12.2010–29.01.2011). У часе прэзідэнцкіх выбараў 2010 года працаваў у штабе кандыдата Уладзіміра Някляева. Пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў арыштаваны 20 снежня ва ўласнай кватэры і змешчаны ў СІЗА КДБ. 29 студзеня 2011 года мера стрымання змененая на падпіску аб нявыездзе. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, пазней — у падрыхтоўцы групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзеле у іх. 20 траўня 2011 года суддзя Фрунзенскага раённага суда Мінска Жанна Жукоўская асудзіла яго на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна.

Васілевіч Ілля, студэнт (увязнены 19.12.2010–13.08.2011). За ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 года адседзеў 10 содняў арышту. 5 студзеня 2011 года быў запрошаны ў адміністрацыю політэхнічнага каледжу, дзе яго арыштавалі супрацоўнікі КДБ. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 13 траўня суддзя Партызанскага раённага суда Мінска Наталля Чацвярткова асудзіла Васілевіча на 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі № 19. Вызвалены праз памілаванне.

Васьковіч Яўген, грамадскі актывіст (увязнены 17.01.2011–22.08.2015). Удзельнік Плошчы-2010, за якую быў пакараны — адседзеў 12 содняў на Акрэсціна. Затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. У траўні 2011 года быў асуджаны разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамалотавым на 7 гадоў пазбаўлення волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за спробу падпаліць у ноч на 17 кастрычніка 2010 года будынак Бабруйскага КДБ, у які былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумессю. Адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі № 15, у «крытай турме» Магілёва. Вызвалены праз амністыю.

Вінаградаў Павел, грамадскі актывіст (увязнены 5.01.2011–14.09.2011). У 2008 годзе быў фігурантам «Справы чатырнаццаці», заведзенай за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў, асуджаны на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы. З 2010 году — актывіст кампаніі «Гавары праўду». Пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў арыштаваны 5 студзеня 2011 года. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, а таксама ў знявазе дзяржаўных сімвалаў. 5 траўня суддзя Кастрычніцкага раённага суда Мінска Ала Булаш асудзіла яго на 4 гады зняволенья ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў івацэвіцкай калоніі № 22 «Ваўчыныя норы». Вызвалены праз памілаванне.

Вус Дзмітрый, экс-кандыдат на прэзідэнта (увязнены 26.05.2011–1.10.2011). Кандыдат на прэзідэнта на выбарах 2010 года. Пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 года абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў. 26 траўня 2011 года суддзя Ленінскага раённага суда Мінска Людміла Грачова асудзіла яго на 5 гадоў і 6 месяцаў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі № 19. Вызвалены праз памілаванне.

Гайдукоў Андрэй, грамадскі актывіст (увязнены 8.11.2012–8.05.2014). Лідар незарэгістраванага грамадскага аб’яднання «Саюз маладых інтэлектуалаў». Затрыманы ў Віцебску, паводле афіцыйнай інфармацыі, нібыта «падчас закладкі схованкі са звесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спецслужбы». Цягам амаль 9 месяцаў трымалі то ў мінскім следчым ізалятары КДБ, то ў СІЗА КДБ у Віцебску. Родныя і сябры тлумачылі арышт ціскам спецслужбаў з прычыны апазіцыйных поглядаў хлопца. Судовыя слуханні справы Гайдукова праходзілі ў Віцебскім абласным судзе за зачыненымі дзвярыма. 1 ліпеня 2013 года Гайдукова прызналі вінаватым у спробе завязання кантактаў з супрацоўнікам замежнай спецслужбы без прыкметаў здрады дзяржаве і асудзілі на паўтара года калоніі агульнага рэжыму. Адбываў пакаранне ў калоніі № 19 Магілёва і калоніі «Віцьба-3». Вызвалены пасля адбыцця тэрміну пакарання.

Алег Гнедчык, грамадскі актывіст (увязнены 6.01.2011–1.09.2011). Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 года. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 14 траўня 2011 года суддзя Партызанскага раённага суда Мінска Наталля Чацвярткова асудзіла яго на 3,5 года зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17. Вызвалены праз памілаванне.

Грыбкоў Арцём, рабочы (увязнены 19.12.2010–13.08.2011). Затрыманы 19 снежня 2010 года на акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. У СІЗА ў Жодзіне адбыў 10 содняў. 12 студзеня з месца працы Грыбкова забралі ў мінскі СІЗА на вуліцы Валадарскага. Потым вызвалілі і затрымалі другі раз, трымалі ў СІЗА КДБ. Абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 26 траўня 2011 года суддзя Ленінскага раённага суда Мінска Людміла Грачова асудзіла яго на 4 гады пазбаўлення волі з прымусовым лячэннем ад алкагалізму. Адбываў пакаранне ў бабруйскай калоніі № 2. Вызвалены праз памілаванне.

Даронін Дзмітрый, рабочы (увязнены 14.03.2011–1.09.2011). Пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 года затрыманы на тры гадзіны і адпушчаны. Арыштаваны 14 сакавіка 2011 года на працы. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 12 траўня 2011 года суддзя Маскоўскага раённага суда Мінска Алена Шылько асудзіла яго на 3,5 года зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Адбываў пакаранне ў віцебскай калоніі «Віцьба-3». Вызвалены праз памілаванне.

Дашкевіч Зміцер, палітык (увязнены 18.12.2010–28.08.2013). Актыўны ўдзельнік і арганізатар шматлікіх масавых акцыяў і кампаніяў дэмакратычных сілаў Беларусі. Яго шматкроць прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, каралі арыштамі й штрафамі. У 2006 годзе абвінавачаны ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, асуджаны на паўтара года зняволення. 24 сакавіка 2011 года суддзя Маскоўскага раённага суда Мінска Алена Шылько асудзіла яго на 2 гады зняволення нібыта за хуліганства. Суд прызнаў, што 18 снежня 2010 года Дашкевіч і актывіст «Маладога фронту» Лобаў збілі ў Мінску мінакоў. Дашкевіч і Лобаў назвалі гэта правакацыяй спецслужбаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Дашкевіч адбываў пакаранне ў горацкай калоніі № 9, глыбоцкай калоніі № 13, мазырскай калоніі № 20, «крытай турме» Гродна. 28 жніўня 2012 года ў глыбоцкай калоніі асуджаны зноў — за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі». Суд у закрытым рэжыме дадаў да тэрміну яшчэ адзін год. Вызвалены па адбыцці тэрміну пакарання.

Дашкевіч Наста, грамадская актывістка (увязненая 20.12.2010–7.02.2011). Дзясяткі радоў затрыманая, арыштаваная і аштрафаваная за ўдзел у акцыях і кампаніях «Маладога фронту». Жонка Змітра Дашкевіча. Арыштавалі яе 20 снежня 2010 года пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, змясцілі ў следчы ізалятар КДБ. Абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, а пазней — у арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзеле ў іх. 17 лютага 2011 года адпусцілі з падпіскай аб нявыездзе. 8 сакавіка 2011 года Наста Дашкевіч стала першай беларускай, якая атрымала Міжнародную жаночую прэмію за мужнасць. Узнагароду завочна ўручыла дзяржаўны сакратар ЗША Хілары Клінтан. 20 траўня 2011 года суддзя Фрунзенскага раённага суда Мінска Жанна Жукоўская асудзіла Насту Дашкевіч на 1 год пазбаўлення волі з адкладам пакарання на 1 год.

Дзмітрыеў Андрэй, палітык (увязнены 19.12.2010–3.01.2011). З 2010 года — адзін з стваральнікаў і кіраўнікоў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Начальнік выбарчага штабу Уладзіміра Някляева на прэзыдэнцкіх выбарах. Затрыманы 19 снежня і змешчаны ў СІЗА КДБ. 3 студзеня 2011 года вызвалены з падпіскай аб нявыездзе. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў, пазней у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзеле у іх. 20 траўня 2011 года суддзя Фрунзенскага раённага суда Мінска Жанна Жукоўская асудзіла яго на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады.

Дзядок Мікалай, анархіст (увязнены 3.09.2010–22.08.2015). Затрыманы ў справе аб «нападзе на амбасаду Расійскай Федэрацыі». Абвінавачаны таксама ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі каля Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі. 27 траўня 2011 года ў Заводскім судзе Мінсау суддзя Жанна Хвайніцкая вынесла прысуд — 4,5 года пазбаўлення волі. Адбываў пакаранне ў магілёўскай турме № 4, шклоўскай і бабруйскай калоніях. У лістападзе 2014 года, за 3 месяцы да сканчэння тэрміну, на яго завялі новую крымінальную справу за «парушэнне рэжыму адбыцця пакарання». 26 лютага 2015 года суд працягнуў зняволенне на 1 год і 3 дні. Перавялі ў папраўчую калонію № 9 у Горках. Вызвалены праз памілаванне.

Дрозд Зміцер, гісторык (увязнены 19.12.2010–13.08.2011). У часе выбарчай кампаніі 2010 года быў сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саннікава. За ўдзел у Плошчы-2010 адбыў 10-дзённы арышт. 1 лютага 2011 году арыштаваны і абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 5 траўня суддзя Кастрычніцкага раённага суда Мінска Ала Булаш асудзіла яго на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў бабруйскай калоніі № 2. Вызвалены праз памілаванне.

Жамчужны Міхаіл, праваабаронца (увязнены ў жніўні 2014 — дагэтуль у зняволенні). Заснавальнік цяпер закрытай установы «Платформ інавэйшн», якая займалася пытаннямі парушэння правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі. Жамчужнага арыштавалі праз тыдзень пасля абвяшчэння прысуду кіраўніку «Платформ інавэйшн» Андрэю Бандарэнку ў 2014 годзе. 10 ліпеня 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у наўмысным выдаванні звестак, што складаюць службовую таямніцу, даванні хабару, і прыгаварыў да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Пазней судовая калегія крымінальных справаў Вярхоўнага суда Беларусі прызначыла стражэйшую кару — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі. Адбывае пакаранне ў калоніі № 9 у Горках.

Каваленка Сяргей, палітычны актывіст (увязнены 7.01.2010–26.09.2012). 7 студзеня 2010 года вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на святочнай ялінцы ў цэнтры Віцебска. Пасля інцыдэнту арыштаваны і засуджаны на тры гады ўмоўнага пакарання. У канцы снежня 2011 года зноў арыштаваны і абвінавачаны ў парушэнні рэжыму адбывання пакарання. Трымаў сухое галадаванне за кратамі, яго гвалтоўна кармілі. Прысудзілі 2 гады і 1 месяц калоніі. Пасля прысуду зноў пачаў галадаваць. Перад пераводам у магілёўскую калонію змясцілі ў Рэспубліканскі турэмны шпіталь і псіхіятрычную лякарню ў Навінках. Галадаванні Каваленкі агулам доўжыліся каля 3 месяцаў, за іх час ён схуднеў на 40 кілаграмаў. Вызвалены праз памілаванне.

Сяргей Казакоў, грамадскі актывіст (увязнены 27.01.2011–13.08.2011). Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 года. Арыштаваны 27 студзеня 2011 года. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 12 траўня суддзя Маскоўскага раённага суда Мінска Алена Шылько асудзіла яго на 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў бабруйскай калоніі № 2. Вызвалены праз памілаванне.

Квяткевіч Аляксандр, рабочы (увязнены 19.12.2010–13.08.2011). Адбыў 12-дзённы арышт за ўдзел у акцыі 19 снежня 2010 года. 4 студзеня затрыманы як падазраваны. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА КДБ. 26 траўня суддзя Ленінскага раённага суда Мінска Людміла Грачова прысудзіла яму тры з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі № 22 «Ваўчыныя норы». Вызвалены праз памілаванне.

Кіркевіч Алесь, палітычны актывіст (увязнены 28.01.2011–1.09.2011). Былы намеснік старшыні «Маладога Фронту». Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 года. Арыштаваны 28 студзеня 2011 года пасля ператрусу ў ягонай кватэры і допыту ў гродзенскім КДБ. Змешчаны ў СІЗА КДБ ў Мінску. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 5 траўня суддзя Кастрычніцкага раённага суда Мінска Ала Булаш асудзіла яго на 4 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў наваполацкай калоніі № 10. Вызвалены праз памілаванне.

Класкоўскі Аляксандр, былы міліцыянт (увязнены 21.12.2010–14.09.2011). Апрануўшыся ў міліцэйскую форму, браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 года. Затрыманы ў ноч на 21 снежня ў сябе дома. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. 26 траўня 2011 года суддзя Ленінскага раённага суда Мінска Людміла Грачова асудзіла яго на 5 гадоў зняволеньня ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17. Вызвалены праз памілаванне.

Ігар Комлік, галоўны бухгалтар прафсаюзу РЭП (увязнены 2.08.2017–2.10.2017). Супрацоўнікі дэпартамэнту фінансавых расследаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі 2 жніўня 2017 года правялі ператрус і канфіскацыю кампутараў і фінансавых дакументаў у офісе прафсаюзу РЭП і цэнтральным офісе БНП. Ігар Комлік быў затрыманы і два месяцы ўвязнены ў СІЗА № 1. 24 жніўня 2018 года суд Савецкага раёна Мінска прызнаў яго вінаватымі ва ўхіленні ад сплаты падаткаў і прыгаварыў да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу з пяцігадоваю забаронаю займаць кіроўныя пасады. Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванаю».

Уладзімір Кондрусь, жыхар Рудзенску (увязнены 14.06.2016–26.12.2016). Затрымалі праз пяць з паловай гадоў пасля Плошчы-2010 і абвінавацілі ў межах справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. У СІЗА трымаў доўгатэрміновае галадаванне, пратэстуючы супраць зняволення, што рэзка пагоршыла яго стан здароўя. Кондруся прызналі вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках і прысудзілі да паўтара года «хатняй хіміі» з прымусовым лячэннем і наглядам. Вызвалены ў залі суда.

Ліхавід Мікіта, грамадскі актывіст (увязнены 19.12.2010–14.09.2011). Затрыманы 19 снежня на плошчы Незалежнасці падчас акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Асудзілі на 15-дзённы арышт, пазней перавялі ў статус абвінавачанага ў справе аб удзеле ў масавых беспарадках. 29 сакавіка 2011 года суддзя Партызанскага раённага суда Мінска Наталля Пыкіна асудзіла яго на 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў наваполацкай калоніі № 10. Абвяшчаў галадаванне супраць несправядлівага прысуду. У калоніі называў сябе «незаконна асуджаны Мікіта Ліхавід». За гэта не раз трапляў у штрафны ізалятар, яго змяшчалі на 3 месяцы ў памяшканне камернага тыпу. Вызвалены праз памілаванне.

Лобан Уладзімір, інжынер (увязнены 19.12.2010–14.09.2011). Арыштаваны пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 года. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 12 траўня 2011 года суддзя Маскоўскага раённага суда Мінска Алена Шылько асудзіла яго на 3 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Адбываў пакаранне ў калоніі № 17 у Шклоўскім раёне. Вызвалены праз памілаванне.

Лобаў Эдуард, грамадскі актывіст (увязнены 18.12.2010–18.12.2014). Затрыманы 18 снежня 2010 года разам з лідарам «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам. Іх абвінавацілі ў хуліганстве — нібыта яны збілі мінакоў. Віны не прызналі і заявілі, што гэта была правакацыя спецслужбаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. 24 сакавіка 2011 года суддзя Маскоўскага раённага суда Мінска Алена Шылько асудзіла Лобава паводле артыкулу «асабліва злоснае хуліганства» на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў калоніі № 22 «Ваўчыныя норы» ў Івацэвіцкім раёне. На волю выйшаў, цалкам адбыўшы тэрмін пакарання.

Лябедзька Анатоль, палітык (увязнены 20.12.2010–6.04.2011). Былы старшыня АГП. За ўдзел у палітычнай дзейнасці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў затрыманы ў ноч на 20 снежня 2010 года ў Мінску і змешчаны ў СІЗА КДБ. Выставілі абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. 6 красавіка 2011 года вызвалілі з СІЗА КДБ з падпіскай аб нявыездзе. 23 жніўня крымінальная справа супраць яго спыненая.

Малчанаў Аляксандр, грамадскі актывіст (увязнены 6.01.2011–14.09.2011). Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 года. Затрыманы 6 студзеня 2011 года ў сябе дома ў Барысаве. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў знявазе дзяржаўнага сцяга, які ён сарваў з будынку КДБ. 2 сакавіка суддзя Фрунзенскага раённага суда Мінска Таццяна Чаркас асудзіла яго на 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў калоніі № 15 Магілёва. Вызвалены праз памілаванне.

Марцалеў Сяргей, палітычны актывіст (увязнены 23.12.2010–16.05.2011). На прэзідэнцкіх выбарах 2010 году кіраваў выбарчым штабам Міколы Статкевіча. Уначы 23 снежня зняты з цягніка, якім ехаў у Варшаву. Арыштаваны, змешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў. 4 красавіка абвінавачанне змянілі на мякчэйшае — арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Да суду знаходзіўся ў следчым ізалятары КДБ. 16 траўня 2011 года суддзя Заводскага раённага суда Мінска Жанна Брысіна асудзіла яго на 2 гады пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам 2 гады.

Мацукевіч Віталь, актывіст (увязнены 21.03.2011–13.08. 2011). Незадоўга да абароны дыплому, 21 сакавіка 2011 года, арыштаваны за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 12 траўня суддзя Маскоўскага раённага суда Мінска Алена Шылько асудзіла яго на 3 гады зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Адбываў пакаранне ў наваполацкай калоніі № 10. Вызвалены праз памілаванне.

Мірзаянаў Фёдар, грамадскі актывіст (увязнены 19.12.2010–14.09.2011). Падчас выбарчай кампаніі быў у камандзе кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука. Пасля акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту ў следчым ізалятары ў Жодзіне. 25 студзеня зноў арыштавалі і абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 13 траўня 2011 году суддзя Партызанскага раённага суда Мінска Наталля Чацвярткова асудзіла яго на 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў івацэвіцкай калоніі № 22. Вызвалены праз памілаванне.

Міхалевіч Алесь, палітык, экс-кандыдат на прэзідэнта (увязнены 20.12.2010–19.02.2011). Кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. 20 снежня арыштаваны, абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў. 19 лютага 2011 года адпушчаны з СІЗА КДБ з падпіскай аб нявыездзе і неразгалошванні таямніцы следства. Зрабіў заяву пра катаванні ў следчым ізалятары КДБ, а таксама пра тое, што ён разарваў дамову аб супрацоўніцтве з КДБ, якую вымушана падпісаў, каб выйсці з турмы. Уцёк з Беларусі, атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. У 2015 годзе вярнуўся ў Беларусь.

Някляеў Уладзімір, паэт, палітык (увязнены 19.12.2010–20.05.2011). Кандыдат на прэзідэнта ў выбарах 2010 года. 19 снежня збіты да непрытомнасці ў цэнтры Мінска. З чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Праз некалькі гадзінаў яго адтуль выкралі супрацоўнікі спецслужбаў. Апынуўся ў СІЗА КДБ, абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў. З моманту збіцця 19 снежня да пераводу пад хатні арышт 29 студзеня перанёс чатыры гіпертанічныя крызы і не меў магчымасці сустрэцца з адвакатам. 30 сакавіка 2011 года абвінавачанне замянілі на мякчэйшае — арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх. 20 траўня 2011 года суддзя Фрунзенскага раённага суда Мінска Жанна Жукоўская асудзіла яго на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на 2 гады.

Пазняк Андрэй, рабочы (увязнены 19.10.2010–26.05.2011). Затрыманы 19 снежня 2010 года на плошчы Незалежнасці пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Пакараны штрафам, а потым арыштаваны. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Трымалі пад вартай у следчым ізалятары на вул. Валадарскага ў Мінску. 26 траўня 2011 года суддзя Ленінскага раённага суда Мінска Людміла Грачова асудзіла яго на 2 гады «хіміі» без накіравання ў папраўчыя ўстановы.

Паліенка Зміцер, анархіст (увязнены 20.03.2019–25.10.2019). Актывіста анархісцкага руху Змітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка 2019 года за тое, што ён распыліў газ з балончыка ў твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэнне на лесвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што скарыстаў балончык для самаабароны, калі на яго напаў п’яны мужчына). На знак пратэсту супраць закрытага працэсу анархіст спрабаваў перарэзаць сабе жылы ў судзе, у выніку працэс зрабілі адкрытым. Пазней следчыя выставілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачанняў. 25 кастрычніка 2019 года суддзя Пётр Арлоў з Мінскага гарадскога суда прызнаў Паліенку вінаватым у асабліва злосным хуліганстве і асудзіў на тры гады «хатняй хіміі», мінус адзін год па амністыі.

Пальчыс Эдуард, блогер (увязнены з студзеня 2016 па 28.10.2016). Блогер і публіцыст, спачатку вядомы пад псеўданімам Jhon Silver. Раскрыў сваё імя ў 2015-м, калі яго затрымалі спачатку беларускі КДБ, а пасля расійскія спецслужбы — за ананімную антыкрамлёўскую публіцыстыку на ягоным сайце 1863x.com. Зазнаў тры месяцы зняволеньня ў турмах Бранску і Смаленску, экстрадыцыю ў Беларусь і суд. У жніўні 2016 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкімі 9 матэрыялаў сайту 1863x.com. Пракурор патрабаваў для Пальчыса 3,5 года турмы. У выніку ён быў засуджаны да аднаго году дзевяці месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову і вызвалены ў залі суда.

Парфянкоў Васіль, грамадскі актывіст (увязнены 4.01.2011–13.08.2011). Удзельнік абароны Курапатаў у 2001–2002 гадах. Яго неаднакроць затрымлівалі і адміністрацыйна каралі за грамадскую актыўнасць. Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 года. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Да суда знаходзіўся ў следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. 17 лютага 2011 года суддзя Фрунзенскага раённага суда Мінска Вольга Комар асудзіла яго на 4 гады зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Таксама ён мусіў кампенсаваць страты — 14 мільёнаў 700 тысяч рублёў за нібыта пашкоджаны будынак. Грошы на штраф сабралі салідарныя людзі. Адбываў пакаранне ў аршанскай калоніі № 8. Вызвалены праз памілаванне.

Пачобут Андрэй, журналіст (увязнены 6.04.2011–5.07.2011). За грамадска-палітычную і журналісцкую дзейнасць быў неаднаразова караны штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі. Гродзенская абласная пракуратура пачала супраць яго крымінальную справу за абразу і паклёп на кіраўніка Беларусі. Судовы працэс быў закрытым. 5 ліпеня 2011 года суддзя Ленінскага раённага суда Гродна Віталь Ляцко прысудзіў яму тры гады пазбаўлення волі за паклёп на кіраўніка дзяржавы з адтэрміноўкай на два гады. Паводле артыкулу, які датычыў абразы прэзідэнта, журналіст быў апраўданы. Вызвалілі ў зале суда.

Пракапенка Арцём, актывіст (увязнены 17.01.2011–22.08.2015). Арыштаваны паводле падазрэння ў спробе падпаліць будынак КДБ у Бабруйску. У справе праходзіў разам з Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым. Суд прызнаў яго вінаватым у злосным хуліганстве і пашкоджаньні маёмасці ў асабліва буйным памеры і асудзіў на 7 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў магілёўскай папраўчай калоніі № 15. Вызвалены праз амністыю.

Пратасеня Андрэй, праграміст (увязнены 9.02.2011–1.09.2011). Быў валанцёрам у выбарчай камандзе кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука. 19 снежня 2010 гоау браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Затрыманы і абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 5 траўня 2011 года суддзя Кастрычніцкага раённага суда Мінска Ала Булаш пакарала яго 3 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў бабруйскай калоніі № 2. Вызвалены праз памілаванне.

Радзіна Наталля, журналістка, палітычная актывістка (увязненая 20.12.2010–28.01.2011). Яе неаднаразова арыштоўвалі і збівалі падчас асвятлення апазыцыйных акцыяў. Затрымалі ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 года пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Трымалі ў следчым ізалятары КДБ. Абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. 28 студзеня 2011 года вызвалілі з падпіскай аб нявыездзе і накіравалі ў Кобрын, на месца яе рэгістрацыі. 30 сакавіка выехала з Кобрына, каб з'явіцца на допыт у Мінск, але замест гэтага ўцякла з Беларусі. Чатыры месяцы правяла ў Расіі, пасля чаго ў жніўні з'ехала ў Літву, дзе атрымала палітычны прытулак, потым пераехала ў Польшчу. 23 жніўня 2011 года крымінальную справу супраць яе спынілі ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства.

Рубцоў Юрый, грамадскі актывіст (увязнены 6.10.2014–23.08.2015). Асуджаны на два гады пазбаўлення волі ў калоніі за «ўхіленне ад пакарання». Раней яго каралі абмежаваннем волі на паўтара года нібыта за абразу мінскага суддзі Кірыла Палулеха. На «хіміі» ў Купліне Пружанскага раёна Рубцоў згаджаўся працаваць толькі пры ўмове атрымання абвешчанага сярэдняга заробку ў краіне ў памеры 500 долараў. Пераслед гомельскага актывіста пачаўся яшчэ ў 2013 годзе, калі ён прыязджаў у Мінск на акцыі апазіцыі ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». Некалькі разоў Рубцова саджалі ў ізалятар. Актывіст абвяшчаў галадаванні і абскарджваў судовыя рашэнні. Адбываў пакаранне ў бабруйскай папраўчай калоніі. Вызвалены праз памілаванне. Папрасіў палітычнага прытулку ў Нямеччыне.

Віталь Рымашэўскі, палітык (увязнены 19.01.2010–1.01.2011). Кандыдат на прэзідэнта на выбарах 2010 года. 19 снежня падчас акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў збіты спецназам. Затрыманы падчас разгону акцыі, змешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. Выпушчаны ў ноч на 1 студзеня 2011 года з падпіскай аб нявыездзе, пасля таго як напісаў тлумачальную запіску на імя А. Лукашэнкі. 30 сакавіка абвінавачанне перафармулявалі на арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх. 20 траўня суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Жанна Жукоўская прысудзіла яму 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна.

Сакрэт Яўген, грамадкі актывіст (увянены 19.12.2010–13.08.2011). Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года быў сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саннікава. Затрыманы 19 снежня пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, адбыў 10-дзённы арышт. Паўторна затрымалі яго 18 студзеня 2011 года. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 12 траўня суддзя Маскоўскага раённага суда Мінска Алена Шылько асудзіла яго на 3 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі № 15. Вызвалены праз памілаванне.

Саннікаў Андрэй, дыпламат, палітык (увязнены 19.12.2010–14.04.2012). Кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Арыштаваны 19 снежня 2010 года пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і змешчаны ў сьледчы ізалятар КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў. 13 траўня 2011 года суддзя Партызанскага раённага суда Мінска Наталля Чацвярткова асудзіла Саннікава на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў наваполацкай калоніі № 10, бабруйскай калоніі № 2, калоніі «Віцьба-3». Вызвалены праз памілаванне пад ціскам санкцыяў ЕС і ЗША.

Севярынец Павел, палітык, пісьменнік (увязнены 20.12.2010–19.10.2013). Шмат разоў быў затрыманы, арыштаваны, штрафаваны за актыўны ўдзел і арганізацыю акцый пратэсту. У 2005 годзе абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і рэферэндуму 2004 года і асуджаны на тры гады абмежавання волі, з улікам амністыі тэрмін быў скарочаны да двух гадоў. Адбываў пакаранне ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёна. У 2007 годзе суд прыняў рашэнне пра ўмоўна-датэрміновае вызваленне Севярынца. У часе прэзідэнцкіх выбараў 2010 года быў у штабе кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага. Арыштаваны пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 20 снежня 2010 года і змешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, пазней справу перакваліфікавалі: арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. 16 траўня 2011 года суддзя Заводскага раённага суда Мінска Жанна Брысіна асудзіла яго на 3 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу — гэтак званай «хіміі». Адбываў пакаранне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна. Цалкам адбыў тэрмін пакарання.

Статкевіч Мікола, палітык (увязнены 19.12.2010–22.08.2015). У 2005 годзе быў асуджаны на тры гады абмежавання волі за арганізацыю ў 2004 годзе вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. Па амністыі тэрмін быў скарочаны на год. Кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Затрыманы 19 снежня 2010 года пассля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і змешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. 26 траўня 2011 года суддзя Ленінскага раённага суда Мінска Людміла Грачова асудзіла яго на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў магілёўскай «крытай турме» і шклоўскай калоніі № 17. Вызвалены праз памілаванне.

Сырамалотаў Павал, актывіст (увязнены 17.01.2011–27.09.2012). Арыштаваны па падазрэнні ў спробе падпаліць будынак КДБ у Бабруйску. У справе праходзіў разам з Яўгенам Васьковічам і Арцёмам Пракапенкам. Суд прызнаў яго вінаватым у злосным хуліганстве і пашкоджанні маёмасці ў асабліва буйным памеры і асудзіў на 7 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў калоніі № 19 у Магілёве. Вызвалены праз памілаванне.

Федаркевіч Алег, грамадскі актывіст (увязнены 19.12.2010–14.09.2011). У сярэдзіне 90-х стаў сябрам Партыі БНФ, браў удзел у выбарчых кампаніях, мітынгах, масавых акцыях. Арыштаваны пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 года. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 12 траўня 2011 года суддзя Маскоўскага раённага суда Мінска Алена Шылько асудзіла яго на 3,5 года зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі № 19. Вызвалены праз памілаванне.

Францкевіч Аляксандр, грамадскі актывіст (увязнены 3.09.2010–3.09.2013). 24 траўня 2011 года асуджаны Заводскім судом Мінска на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў тым, што здымаў на відэа напад на апорны пункт міліцыі ў Салігорску. Гэта была акцыя пратэсту супраць дзеянняў, якія давялі да самагубства праваабаронцу Яну Палякову. Таксама яго вінавацілі ў нападах на будынкі прафсаюзаў і Генеральнага штабу ў Мінску. Адбываў прысуд у івацэвіцкай калоніі «Ваўчыныя норы». Цалкам адбыў тэрмін пакрання.

Фядута Аляксандр, палітолаг, літаратуразнаўца (увязнены 20.12.2010–8.04.2011). У часе прэзідэнцкіх выбараў 2010 года працаваў у штабе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Быў арыштаваны 20 снежня 2010 года ва ўласнай кватэры і змешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, пазней — у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзеле ў іх. 8 красавіка 2011 года адпушчаны з падпіскай аб нявыездзе. 20 траўня суддзя Фрунзенскага раённага суда Мінска Жанна Жукоўская асудзіла яго на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавалным тэрмінам 2 гады.

Халіп Ірына, журналістка (19.12.2010–16.05.2011). У дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года яе затрымалі па дарозе з плошчы Незалежнасці і змясцілі ў СІЗА КДБ. Абвінавацілі ва ўдзеле і арганізацыі масавых беспарадкаў, пазней — у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзеле ў іх. Жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава; падчас яе ўвязнення ў СІЗА КДБ улады спрабавалі забраць з сям’і трохгадовага сына. 29 студзеня 2011 года меру стрымання змянілі на падпіску аб нявыездзе з хатнім арыштам. 16 траўня 2011 года суддзя Заводскага раённага суда Мінска Жанна Брысіна асудзіла яе на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на 2 гады.

Хамічэнка Уладзімір (увязнены 19.12.2010–11.08.2011). Арыштаваны пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 года. Асуджаны на 15 содняў арышту. Пасля яго адбыцця пераведзены пад варту ў СІЗА на вул. Валадарскага ў Мінску і абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 5 траўня 2011 года суддзя Кастрычніцкага раёна Мінска Ала Булаш асудзіла яго на 3 гады зняволення. Тэрмін адбываў у калоніі № 19 каля Магілёву. Вызвалены праз памілаванне.

Яроменак Уладзімір, палітычны актывіст (увязнены 20.12.2010–13.08.2011). Асуджаны на адміністрацыйны арышт пасля акцыі салідарнасці з затрыманымі 19 снежня, што праходзіла на другі дзень пасля разгону Плошчы, 20 снежня 2010 года. Адседзеў у турме ў Жодзіне 15 дзён. Пасля допыту ў КДБ змешчаны ў турму на завулку Акрэсціна для адбыцьця 7-дзённага арышту ўжо за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. 13 траўня 2011 году суддзя Партызанскага раённага суда Мінска Наталля Чацвярткова асудзіла Яроменка на 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў віцебскай калоніі «Віцьба-3». Вызвалены праз памілаванне.

«Справа патрыётаў» ці «Белага легіёну»

Крымінальная справа аб стварэньні незаконнага ўзброенага фармавання была распачатая пасля таго, як 21 сакавіка 2017 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэнаваліся ў лагерах са зброяй». Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 31 затрыманага. Гэта былыя актывісты спартова-патрыятычнага клубу «Белы легіён» (арганізацыя спыніла дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клубу «Патрыёт» і «Маладога фронту», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада). 30 лістапада 2017 года ўлады паведамілі пра спыненне справы. Беларускія праваабаронцы прызналі затрыманне і пераслед палітычна матываванымі. У справе праходзілі:

Абрамаў Аляксей — 101 дзень за кратамі
Бяляўскі Андрэй — 67 дзён за кратамі
Борстак Сяргей — 10 дзён за кратамі
Васільеў Раман — 10 дзён за кратамі
Громаў Сяргей
Грэк Ілля — 11 дзён за кратамі
Гурын Юры — 10 дзён за кратамі
Дашкевіч Зміцер — 11 дзён за кратамі
Данілаў Віктар — 100 дзён за кратамі
Дукшт Вячаслаў — 11 дзён за кратамі
Дундукоў Андрэй — 101 дзень за кратамі
Зімніцкі Аляксандр — 99 дзён за кратамі
Кавальчук Іван — 101 дзень за кратамі
Комлік-Ямацін Андрэй — 101 дзень за кратамі
Крамянецкі Дзмітрый — 10 дзён за кратамі
Кулініч Сяргей — 41 дзень за кратамі
Кунцэвіч Сяргей — 90 дзён за кратамі
Лазоўскі Міраслаў — 102 дні за кратамі
Леўчанка Арцём — 11 дзён за кратамі
Мароз Віктар — 90 дзён за кратамі
Міхалькоў Мікалай — 56 дзён за кратамі
Міхалькоў Ян — 39 дзён за кратамі
Новік Дзмітрый — 101 дзень за кратамі
Паўтаржыцкі Яўген — 62 дні за кратамі
Пальчэўскі Сяргей — 20 дзён за кратамі
Пашкевіч Цімур — 11 дзён за кратамі
Румянцаў Уладзімір — 100 дзён за кратамі
Саскевіч Аляксей
Стрыбульскі Сяргей — 99 дзён за кратамі
Сцяпанаў Максім — 10 дзён за кратамі
Фёдараў Уладзімір — 99 дзён за кратамі
Яроменак Уладзімір — 11 дзён за кратамі
Яўдаха Аляксандр — 100 дзён за кратамі

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: