Конкурс эсэ ад Лятучага ўніверсітэту

Лятучы ўніверсітэт абвяшчае конкурс эсэ «Пад уплывам тэхналогій: контуры новага грамадства», накіраваных на асэнсаванне новых сацыяльных і культурных з’яваў, што праяўляюцца пад уплывам тэхналагічных інавацый.

“Пакаленне Z”, “крэатыўны клас”, “трансгуманізм” – словы-маркеры, праз якія праяўляецца імкненне зразумець новую сацыяльную і культурную рэальнасць, што паўстае пад уплывам інавацый і развіцця тэхналогій. Ці заўважалі вы, як змяняецца беларускае грамадства? Думалі аб тым, што адбываецца са стасункамі паміж групамі, этычнымі і культурнымі нормамі, як перафарматуюцца гіерархіі, сацыяльныя інстытуты і структуры? Як змяняюцца бізнэсовыя практыкі і індывідуальныя звычкі, лад жыцця і паўсядзённасць? Калі гэтыя пытанні непакояць ваш розум і штурхаюць да даследавання і аналізу, запрашаем падзяліцца сваімі развагамі і вынікамі ў межах конкурса эсэ “Пад уплывам тэхналогій: контуры новага грамадства”.

Мэта конкурса – зрабіць заўважнымі і прадставіць для шырокага асэнсавання новыя сацыяльныя і культурныя з’явы, што праяўляюцца ў жыцці беларускага грамадства пад уплывам тэхналагічных інавацый.

Тэматычныя рамкі конкурса:

  • “Новыя класы” – групы, супольнасці, слаі, што ўзнікаюць у беларускім грамадстве і пачынаюць уплываць на сацыяльную структуру і стасункі;
  • “Новая этыка” – пераасэнсаванне і ўсталяванне новых грамадскіх, культурных і этычных нормаў, якое адбываецца пад уплывам інавацыяў;
  • “Новая няроўнасць” ці праблемы правоў, дасяжнасці і інклюзіі, што паўстаюць з развіццём тэхналогій;
  • “Новы лад жыцця” і змены ў паўсядзённасці.

Да ўдзелу запрашаюцца даследчыкі, журналісты, аналітыкі, грамадскія і культурніцкія актывісты, якія цікавяцца наступствамі тэхналагічных зменаў для беларускага грамадства.

Па выніках конкурса аўтары 3-х найлепшых прац атрымаюць магчымасць стаць спікерамі Форума “Месца сустрэчы: будучыня” (лістапад 2019 года). Усе працы, адабраныя журы, будуць апублікаваныя на старонках “Беларусского журнала”, “Thinktanks.by” і сайта Лятучага ўніверсітэта.

Да разгляду прымаюцца арыгінальныя аўтарскія эсэ, якія раней не публікаваліся, прысвечаныя аналізу, рэфлексіі, канцэптуалізацыі зменаў у беларускім грамадстве, звязаных з тэхналагічным развіццём. Тэксты павінны быць напісаны на рускай альбо беларускай мовах, памер тэкстаў ад 10 да 25 тысяч знакаў.

Склад журы:

Уладзімір Мацкевіч, метадолаг, філосаф, заснавальнік Лятучага ўніверсітэта;

Таццяна Шчытцова, філосаф, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта;

Іван Сухій, медыя-эксперт, футуролаг, сузаснавальнік і першы галоўны рэдактар E-xecutive.ru;

Таццяна Вадалажская, сацыёлаг, метадолаг, праграмны каардынатар Лятучага ўніверсітэта;

Яся Каралевіч-Карцель, рэдактарка гарадскога сайту Citydog.by.

Асноўнымі крытэрамі ацэнкі дасланых эсэ будуць: даследчы падыход, смеласць і крытычнасць думкі, абгрунтаванасць выказванняў і зварот да беларускай рэальнасці.

Дасылаць свае працы трэба ў электронным выглядзе з пазнакай “На конкурс” на адрас: flyuniby@gmail.com да 15 кастрычніка 2019 года.

Паводле adukacyja.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!