Кошт пытання – жыццё. Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу братоў Косцевых

Калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах 22 траўня разглядае апеляцыйную скаргу жыхароў Чэрыкава братоў Станіслава і Іллі Косцевых. Суд можа пакінуць прысуд без зменаў і тады юнакоў чакае растрэл.


10 студзеня на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда ў Чэрыкаве былі вынесеныя адразу два смяротных прысуды ў дачыненні да двух братоў 19-гадовага Станіслава і 21-гадовага Іллі Косцевых. Іх абвінавацілі ў забойстве настаўніцы, якая жыла па суседстве, і падпале яе дома. Прысуд аб прызначэнні вышэйшай меры пакарання — расстрэлу, вынес суддзя Міхаіл Мельнікаў.

Ганна Косцева ў Вярхоўным судзе

Ганна Косцева ў Вярхоўным судзе


Па прычыне адбыцця пакарання ва ўстанове адкрытага тыпу (“хімія”) маці Станіслава і Іллі — Наталлі Косцевай не дазволілі прысутнічаць на судзе, каб убачыцца са сваімі дзецьмі.

У залі прысутнічаюць сястра братоў Косцевых Ганна, сваякі забітай настаўніцы муж — Аляксандр Кастрыца і Вера Гардзіновіч, шматлікія журналісты. За судовым працэсам назірае каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакаранння" Андрэй Палуда.

У судзе прадугледжаныя дадатковы меры перасцярогі ў сувязі з пандэміяй каранавіруса: многія прысутныя ў масках, апроч суддзяў, захоўваецца дыстанцыя.

Сваякі забітай настаўніцы.

Сваякі забітай настаўніцы.



Адвакатка Іллі Косцева Таццяна Падрэцкая просіць далучыць да матэрыялаў справы характарыстыку Іллі з СПЦ Чэрыкава, іншыя дакументы: ад выхавацеля дзіцячага дома сямейнага тыпу, аб атрыманні адукацыі, аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў маіх маці, а таксама інфармацыю з Чэрыкаўскага райвыканкама аб знаходжанні Іллі ў прытулку (2014 год). Тады Іллі было 15 гадоў.

Выхавацель дома сямейнага тыпу напісала ў характарыстыцы: "вельмі любіў свайго малодшага брата, аберагаў яго і вялікім аўтарытэтам для яго была сястра Ганна. Ставіўся да ўсіх з павагай, не крыўдзіў малодшых, выконваў распарадак дня. За час знаходжання адміністрацыйных правапарушэнняў не было. Аднак мог хітрыць, падманваць (былі недахопы)".

Суду прадстаўлены звесткі пра дату смерці бацькі Косцевых, Мікалая, які памёр у 2001 годзе.

Адвакатка Станіслава Косцева Людміла Казак таксама (раней, да суда) падала звесткі з сацыяльна-педагагічнага цэнтра аб адабранні з сям'і Стаса. Характарыстыка: "адкрыты, але не можа весці за сабой, залежны, настойлівы ў дасягненні мэты, крыўдлівы, схільны да канфліктаў. Да вучобы не мае цікавасці, несамастойны, патрабуе кантролю з боку дарослых".

У 2011 быў адабраны з сям'і, якая была прызнаная ў сацыяльна-небяспечным становішчы (СОП). Потым маці была пазбаўленая бацькоўскіх правоў.

Нейкі час пражываў у прыёмнай сям'і. Вакацыі праводзіў па месцы жыхарства. Не заўсёды мог спраўляцца са сваімі эмоцыямі. Выхавальніца з прыёмнай сям'і напісала пазітыўную характарыстыку. Але ў той жа час адзначыла, што мог хітрыць і падманваць.

Хадайніцтвы адвакатаў аб далучэнні матэрыялаў Косцевы падтрымліваюць, пацярпелыя — супраць. Судовая калегія вызначыла хадайніцтвы адвакатаў задаволіць. Пракурор пагадзіўся з усімі хадайніцтвамі акрамя аднаго: аб псіхолага-псіхіятрычнай экспертызе.

Суд задаволіў усе хадайніцтвы, акрамя двух: аб выкліку маці Косцевых ў суд, а таксама аб экспертызе.

Якія аргументы прыводзілі адвакаты?

Адвакат Таццяна Падрэцкая адзначае, што пры вынясенні прысуду не былі ўлічаны многія абставіны.

Пакаранне не з'яўляецца справядлівым, таму што прычын для помсты Косцеў не меў. Намеру на знішчэнне маёмасці агульнанебяспечным спосабам не было. Крадзеж мабільнага тэлефона не здзяйсняў. Таму пакаранне па ч. 1 арт. 15 і ч. 3 арт. 218 лічыць празмерна строгім. Суд не ўлічыў малады ўзрост, няпростыя жыццёвыя абставіны, з якімі ён сутыкнуўся. Ілля Косцеў садзейнічаў органам, чыстасардэчна раскаяўся, прынёс прабачэнні, была яўка з павіннай.

Падчас разбіральніцтва і і следства было парушанае права на бесстаронняе судовае разбіральніцтва.

Адвакатка Казак заяўляе са свайго боку, што прысуд з'яўляецца несправядлівым.

Не знайшоў доказу факт таго, што забойства Кастрыцы было ажыццёўлена ў рамках яе выканання доўгу па Дэкрэце № 18. У кола яе афіцыйных абавязкаў не ўваходзіў кантроль за выкананнем СОП.

Таксама з прысуду варта выключыць пункт аб сумесным удары нажом.

Не прадстаўленыя доказы аб намеры знішчэння дома і прыдамавой тэрыторыі.

Магілёўскі абласны суд не даў аб'ектыўнай ацэнкі асобы Станіслава. Варта таксама ў якасці змякчэння пакарання ўлічыць яго малады ўзрост і цяжкія сямейныя акалічнасці.

Судом не забяспечана справядлівае разбіральніцтва, парушана права на абарону.

Пра што казалі ў судзе браты Косцевы?

Ілля Косцеў прызнаў віну па ч.2 арт 295 КК, не пагадзіўшыся з абвінавачваннем па ч.2. арт 206 і пунктам 10 ч. 2 арт. 139 КК (паколькі помсты па ягоных словах не было).

“Мы шкадуем з братам пра тое, што зроблена, пра тое, што асабіста я сваімі рукамі зламаў лёс свайго брата. Я кожную раніцу прачынаюся з думкай, што можна было б змяніць той дзень. Але нічога нельга змяніць. Я прашу быць больш гуманным нават не ў адносінах да мяне, а да майго брата, бо ён яшчэ дзіця. Кожны чалавек заслугоўвае выпраўлення. Гэта жудаснае злачынства адбылося па маёй віне.

Я не магу да гэтага паверыць у тое, што адбылося, я не магу знайсці лагічнага тлумачэння таму, што адбылося ў тую ноч, што я забіў чалавека…. Хачу скарыстацца шанцам папрасіць прабачэння за той боль, што я прычыніў… Я хацеў вам напісаць ліст ( да пацярпелых), але ў мяне не хапіла сіл гэта зрабіць. Я разумею, мае словы раскаяння не патрэбныя, яны не вернуць вашу дачку", — казаў у судзе Ілля Косцеў.

— Калі мне было 2 гады, памёр наш старэйшы брат Руслан. У 3 гады памёр бацька. Маці як магла выхоўвала нас. А чацвёра дзяцей пракарміць адной цяжка. З раніцы да ночы працавала ў калгасе, і таму сям'я лічылася не вельмі паспяховай. З 11 гадоў я ўжо зарабляў працай грошы. Я клапаціўся пра малодшага брата. Цяжкасці навучылі нас шанаваць адзін аднаго. Я скончыў ліцэй па сваёй ініцыятыве. Я імкнуўся да лепшага жыцця. Мама і сястра навучылі мяне любіць жыццё".

Я ўвесь час думаю аб тым, што я здзейсніў. Я буду заўсёды вінаваціць толькі сябе. Прашу Высокі суд быць мякчэйшым са Стасам. Мы гатовыя несці пакаранне, але я не губляю надзеі на тое, што яно будзе справядлівым…. Дайце мне пазбаўленне волі, гэта справядлівей, чым вышэйшая мера. Калі вы лічыце, што мы не заслугоўваем, то дайце мне пакаранне, а брату захавайце жыццё.

У сваім слове Станіслаў Косцеў не прызнаў сябе вінаватым па арт 139 і часткова па 218.

“Я прызнаю віну, што пазбавіў жыцця Наталлю. Хачу папрасіць прабачэння ў сваякоў. Я ўсвядоміў, што доўга жыў бяздумна, падвяргаючыся чужому аўтарытэту. Многія мяне стараліся накіраваць на правільны шлях жыцця, але я гэта зразумеў толькі калі патрапіў у месцы пазбаўлення волі. Бог даруе, даруйце і вы мяне. Я прымаю ўсе меры, каб ачысціць сваю душу. Але не пазбаўляйце наш жыцця, а пазбаўце волі на той тэрмін, які лічыце патрэбным”.

Словы пацярпелых

Муж забітай Кастрыца Аляксандр просіць суд прыняць строгае і справядлівае рашэнне, цалкам падтрымлівае вынесены прысуд — смяротнае пакаранне.

Маці настаўніцы Вера Гардзіевіч кажа, што ёй балюча і крыўдна выслухоўваць тут усё.

“Не дай Бог такое б здарылася ў вашых сем'ях, якія б вы оды спявалі? Вы нічога не сказалі аб забойстве! Яна ўцякала ад вас, а вы яе даганялі, рэзалі. .. У нас што, вайна? Мы жывем у прававой дзяржаве.

Яны прабачэнне прасілі? Адзін раз папрасілі прабачэння, калі ім далі слова… Як гэта так, 21 год, хранічны алкаголік, а вы яго абараняеце! Маці прасвістала ўсё жыццё!"

Суд перабіў: вы даеце тлумачэнні суду, а трэба выказаць сваё стаўленне.

Кастрыца выбачылася.

"Вось паслухайце, мае дзяўчынкі мілыя, абаронцы, што яны зрабілі — вы ні аднаго слова не сказалі пра гэта! (зачытвае): не менш за 155 удараў нажом”.

Дзяржабвінаваўца: Косцевы ўяўляюць выключную небяспеку для грамадства

Дзяржабвінаваўца кажа аб тым, што вінаватасць братоў Косцевых падцверджана доказамі. Падчас папярэдняга следства яны давалі паказанні, добраахвотна, у прысутнасці абаронцаў, без прымусу.

Аб'ём і кошт маёмасці судом была ўстаноўлена аб'ектыўна, пры гэтым улічвалася і ацэнка Белдзяржстраху. Довады абаронцы Іллі аб тым, што Косцеў не меў матыву красці тэлефон, неабгрунтаваная. Тры сведкі бачылі як Косцеў самавольна забраў у Софінай тэлефон, а вярнуў яго толькі пасля затрымання.

Дапушчальнасць і дакладнасць доказаў не выклікае сумневу.

Кваліфікацыя здзесненага правільная: як забойства асобы, якая здзяйсняла грамадскі абавязак, гэта азначае, што забойства здзейсненае з мэтай перашкоды ажыццяўленню асобай сваёй службовай дзейнасці і грамадскага доўгу.

Папярэдняе следства паказала, што браты мелі непрыязнасць да Кострицы.

Паколькі забойства здзейсненае групай асоб, то падлік колькасці, хто больш, хто менш здзейсніў удараў, не мае сэнсу.

Суд поўна і ўсебакова даследаваў абставіны справы. Довады, што на суд аказваўся ціск - гэта ціск прадугледжаны законам. Перад судом бакі спаборнічаюць, гэта значыць аказваюць ціск, і суд, разгледзеўшы абодва бакі ў дарадчым пакоі – вынес рашэнне.

Суд улічыў дадзеныя асобы Косцевых. Яны здзяйснялі злачынствы. Па месцы жыхарства характарызуюцца адмоўна. Адзін пакутуе сіндромам залежнасці ад алкаголю. У каледжы меў пропускі заняткаў без уважлівых прычын. Афіцыйна Ілля нідзе не працаўладкаваны, жыве за кошт выпадковых заробкаў. Станіслаў таксама стаіць на ўліку ў нарколага. Схільны да бадзяжніцтва.

Таму Косцевы ўяўляюць выключную небяспеку для грамадства і прызначэнне ім смяротнага пакарання з'яўляецца справядлівым. Пракурор кажа аб тым, што прысуд Магілёўскага абласнога суда трэба пакінуць без зменаў.

Рашэнне будзе агучана ў 16-30.

На дадзены момант у Беларусі выкананне смяротнага прысуду чакаюць Віктар Сергель з Лунінца і асуджаны на смяротнае пакаранне 30 ліпеня 2019 года Віктар Паўлаў з Віцебшчыны.

Яшчэ адзін смяротны прысуд быў вынесены сёлета, 6 сакавіка Мінскім абласным судом на выязным пасяджэнні ў Слуцку 29-гадоваму Віктару Скрундзіку. Апеляцыйны разгляд яго скаргі ў Вярхоўным Судзе прызначаны на 30 чэрвеня ў 9:30.

Таксама ў Магілёўскім абласным судзе працягваецца разгляд гучнай крымінальнай справы па масаваму забойству 15-гадовай даўніны, дзе адразу чатыром абвінавачаным пагражае смяротнае пакаранне. На лаве падсудных, як і 13 год таму, — Павел Паўлючэнка, Сяргей Юшкевіч, Мікалай Ракуцін і Генадзь Салаўёў. Усім пагражае вышэйшая мера пакарання — расстрэл.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: