Кошт свабоды мірных сходаў

31 кастрычніка актывісту Сяргею Пальчэўскаму суд Цэнтральнага раёна Мінска  вынес пастанову аб пакаранні штрафам у памеры 50 базавых велічынь. У судзе разглядаліся адразу шэсць (!) пратаколаў правапарушэнняў за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Сяргей Пальчэўскі


Актывіста абвінавацілі ў тым, што ён, не маючы дазволу Мінгарвыканкаму, штодзень, з 26 па 30 верасня, размяшчаў стэнд з выявай бел-чырвона-белага сцяга ў пераходах станцыі метро і збіраў подпісы з мэтай прызнання гэтага сцяга гістарычнай каштоўнасцю. Суддзя аб’яднаў усе эпізоды ў адзін і разгледзеў адміністрацыйную справу, заслухаўшы сведкаў — супрацоўнікаў міліцыі, якія і складалі пратаколы.

Варта нагадаць, што Сяргея Пальчэўскага ў кастрычніку прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці двойчы:  6 кастрычніка суд Цэнтральнага раёна Мінска абвінаваціў актывіста ў зборы подпісаў 23 і 24 верасня з мэтай прызнання гэтага нацыянальнага сцяга гістарычнай каштоўнасцю і пастанавіў пакараць Пальчэўскага штрафам у памеры 30 базавых велічынь (630 рублёў).

А праз пяць дзён, 11 кастрычніка, суд Маскоўскага раёну Мінска разглядаў справу актывіста аб ўдзеле 12 верасня ў мітынгу за сапраўдныя выбары на плошчы Незалежнасці. У выніку Сяргей Пальчэўскі быў аштрафаваны на яшчэ большую суму — на 50 базавых велічынь, што складае 1050 рублёў.

Агулам за кастрычнік суды прысудзілі Пальчэўскаму штрафам на суму 2730 рублёў (амаль) 1450 долараў. Столькі ў Беларусі сёння каштуе свабода мірных сходаў.


spring96.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: