«Ковід, кароль малекул, прыйшоў нагадаць». Сяргей Дубавец пра тое, як каронавірус змяняе наша жыццё

«Прырода ачысцілася настолькі, што... самі людзі, медыкі, валанцёры, здаецца, маглі б хутчэй даць рады пандэміі, калі б не ўмяшанне чыноўнікаў», — піша Сяргей Дубавец у сваім блогу на «Свабодзе».
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Кажуць, жыццё ўжо не будзе ранейшым. Гэта я ўвесь час прачытваю ў інтэрнэце. І адначасова кажуць, што ў Еўропе і Амерыцы людзі прагнуць вярнуцца да ранейшага жыцця. Іх галасы чуваць у тэлевізары.

Прынамсі на нейкі час мы адчулі ў паветры меней смогу, у прэсе меней хлусні, у свеце меней вайны. Гэта значыць, што ўвогуле Ковід прыйшоў з пазітыўнай праграмай, адцягнуўшы нас ад нашых глабальных бед. Расслабленыя напружыліся, а напружаныя захавалі сур’ёзныя міны.

 

Чалавек-шкоднік

Ковід не стаў і не стане цывілізацыйным выпрабаваннем, бо ён не зменіць каштоўнасцяў цывілізацыі. Ён стаў тэстам для сістэмаў, а для беларусаў — тэстам на крытычнае мысленне і адпорнасць грамадства таму, каб аўтарытарная ўлада перарасла ў тыранію. Адначасова грамадства стала далей ад улады, якая ўжо даўно стала далей ад грамадства.

Але ў цэлым нічога новага пад сонцам. Як казаў Чэслаў Мілаш, «іншага канца свету не будзе». Чалавек даўно здагадваўся, што ён зусім не на карысць гэтай зямлі, на якой жыве і паводзяць сябе так, быццам яна сама па сабе, а ён самі па сабе. І вось Ковід прыйшоў нагадаць.

Галоўны сеціўны мем у часы пандэміі: «Прырода ачысцілася настолькі, што...». Інтэрнаўты ўзіраюцца ў рэчаіснасць і робяць трапныя рэфлексіі.

 

Прырода ачысцілася...

«Прырода ачысцілася настолькі, што нафта гандлюецца ў мінус... што з расійскага тэлевізара знікла Украіна... што на турэцкі курорт Мармарыс вярнуліся дзікія кабаны... што мне вярнуліся 5 кг, скінутыя ў верасні... Прырода ачысцілася настолькі, што ў Шабаны вярнуліся гопнікі, а ў беларускія вёскі — барыста, маркетолагі і трэнеры асабістага росту».

У Беларусі алгарытм дачыненняў улады і грамадства падобны на алгарытм дачыненняў чалавека і прыроды. Прырода ачысцілася настолькі, што... самі людзі, медыкі, валанцёры, здаецца, маглі б хутчэй даць рады пандэміі, калі б не ўмяшанне чыноўнікаў. Настаўнікі і вучні самі наладзілі дыстанцыйную школу і ўсё было б добра, калі б не ўмяшанне чыноўнікаў, якія прыдумалі неатэстацыю. Гэта значыць, што прырода яшчэ не ачысцілася настолькі, каб зніклі нікому не патрэбныя міністэрствы аховы здароўя, адукацыі, культуры, інфармацыі, а разам з імі адміністрацыя прэзідэнта, армія ідэолагаў і найвялікшыя ў свеце рэпрэсіўныя органы на душу насельніцтва...

Лаўлю сябе на думцы, што да гэтых прэзідэнцкіх выбараў у нас няма (нават гіпатэтычна) ніводнай хоць крыху прывабнай і сувымернай задачам кандыдатуры. То-бок прырода ачысцілася настолькі, што ўжо не мае нічога агульнага з гэтым гіпнозам.

Гісторыя чалавецтва — гэта гісторыя знішчэння: самога сябе і асяроддзя, у якім яно жыве, у тым ліку вірусаў, якія таксама складаюць гэтае жыццё, як звонку чалавека, так і ўнутры. Кажуць, Ковід цяпер будзе жыць з намі. І мы павінны знайсці агульную мову, калі не хочам самазнішчэння. Але ці будзе для нас гэта якім-небудзь урокам? Пытанне.

 

Кандыдат «ад нас» немагчымы

Здольнасць беларусаў да самаарганізацыі зусім не значыць, што з асяроддзя медыкаў ці валанцёраў, ці настаўнікаў прыйдуць новыя палітыкі. Гэтая салідарнасць носіць «сезонны» характар. Бо ўлада, якая даўно самаізалявалася ад грамадства, саму сябе звяла да адной функцыі — не даць гэтай салідарнасці прыняць арганізаваныя формы.

Можна, вядома, уключыць фантазію, дзе кандыдатам «ад нас» будзе, напрыклад, банкір Бабарыка ці пісьменнік Арлоў, ці настаўніца Севярынец. Але ў рэальнасці гэта немагчыма, бо актыўнасці ўлады і грамадства перасталі судакранацца ў хоць якім узаемадзеянні і могуць толькі сутыкацца. Параўнайма з сітуацыяй 2015 года, калі на выбары ішла Тацяна Караткевіч. Пры ўсіх магчымых умоўнасцях, гэта была кандыдатка альтэрнатывы. Дык вось сёння прырода ачысцілася настолькі, што нараджаць сваіх герояў яна можа, але лінію самазнішчэння ім ужо хопіць розуму не пераступаць.

 

Гармонія і парадак

Схематычна мне гэта бачыцца як супрацьстаянне дзвюх формаў арганізацыі жыцця: гармоніі і парадку. Гармонія нараджаецца з хаосу, а парадак — са знішчэння хаосу (з якога нараджаецца гармонія). Гармонія — гэта шлях чалавечае цывілізацыі, парадак — шлях варвараў. Беларускае грамадства жыве на прынцыпах гармоніі, а тутэйшая ўлада — на прынцыпах парадку.

Калісьці ў чарнобыльскай зоне я назіраў за адной адселенай вёскай, у якой бываў раз на пару гадоў. Хаты стаялі, як звычайна, абапал пясчанай дарогі. І вось год за годам гэтая драўляная вёска пад дажджамі-снягамі-вятрамі лягала долу. Журботная была карціна — абваленыя стрэхі, абрушаныя сцены, усё зарослае бадыллём. Але праз дваццаць гадоў нічога ўжо не было відаць, ні хат, ні дарогі. На месцы вёскі падняўся прыгожы малады лес.

Пандэмія не зменіць нам прынцып арганізацыі жыцця з гармоніі на парадак ці наадварот. Бо несамастойная і бессэнсоўная сістэма ўлады ўсё больш нагадвае тыя разваленыя стыхіяй хаты. Тым часам грамадства ўсё больш ператвараецца ў той малады лес.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: