«Кожны дзень па начах там крычалі людзі». Гісторыя затрыманага мінчука, які вярнуўся з Акрэсціна

Затрыманы 9 жніўня мінчук выйшаў з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў раніцай 12 жніўня. Увесь гэты час яго, як і іншых затрыманых, не кармілі; у камеры на шэсць месцаў утрымлівалася 40 чалавек, а амапаўцы абражалі і збівалі людзей па начах. 

На ўмовах ананімнасці ён пагадзіўся распавесці «Вясне» падрабязней, што яму давялося перажыць.

— Я быў назіральнікам на выбарах, і пасля закрыцця щчасткаў для галасавання (9 жніўня у 20 гадзін. — заўв.) мы пайшлі разам з яшчэ некалькімі назіральнікамі ў Тэрытарыяльную выбарчую камісію, каб падаць скаргі на парушэнні, што мы пабачылі. Нечакана прыехаў аўтобус, з якога выбеглі людзі ў міліцэйскай форме. Трох з нас затрымалі, а астатнія назіральнікі паспелі збегчы. Нас адвезлі ў Савецкі РУУС, дзе паставілі тварам да сцяны. Магчыма, па-за намі быў пакой з амуніцыяй, бо міліцыянты увесь час прыходзілі і пераапраналіся ў свае “даспехі”, сыходзілі, потым вярталіся — і так было некалькі разоў.

Мае рэчы апісалі і ўзялі асабістыя дадзеныя (дзе жыву, працую). У нейкі момант прывезлі яшчэ людзей. З імі ўжо больш жорстка абыходзіліся, іх кінулі на падлогу. Потым прыехаў супрацоўнік АМАПу. Іншыя міліцыянты, хоць ставілі нас тварам да сценкі, але былі больш-менш чалавечнымі. Але гэты амапавец проста жахлівы чалавек. Ён адразу пачаў крычаць гучна і абразліва, давіць на псіхіку. Нам на рукі ззаду адзелі хамуты (пластыкавыя кайданкі, якія зацягваюцца) і павялі ў аўтобус. Павялі так, як я звычайна глядзеў у фільмаў пра злачынстваў — тварам у падлогу, рукі да гары. У аўтобусе таксама загадалі трымаць твар між каленяў. Такім чынам, у РУУСе мы прабылі каля двух гадзінаў.

 

Савецкае РУУС горада Мінска (зав. Якуба Коласа, 3)

Я зразумеў, што мы прыехалі на Акрэсціна, калі мы ўехалі на ярка асветлены двор. Нас вывелі з аўтобуса з загадам “бягом-бягом-бягом”, пры гэтым мы былі сагнутыя ў тры разы. Нас завялі ў калідор і адразу ж паставілі на так званую “расцяжку” тварам да сцяны. Мяне ўдарылі па нагах, каб я стаяў на шпагаце. Пачаліся крыкі і абразы. Там зноў перапісалі асабістыя дадзеныя і зноў зрабілі вобшук — хоць яго рабілі і ў РУУСе, але тут трэба было ўжо распрануцца. Потым павялі на другі паверх, дзе была непасрэдна камера, якую яны называлі “клетка”. Утраіх мы размясцілася, месца хапала.

Калі нас першы раз пакармілі? Ніколі 

Нас прывезлі на Акрэсціна а першай гадзіне ночы панядзелка, 10 жніўня. А выпусцілі мяне прыкладна ў тры гадзіны ночы 12 жніўня. У нас быў доступ толькі да пітной вады ў кране. На пытанне, чаму нас не кормяць, адказ быў такі: адміністрацыйныя затрыманыя могуць быць затрыманы без удакланенняў цягам трох сутак, і “пакуль трое сутак не прайшлі, мы вам нічым не абавязаныя”.

 

Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў і ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна 

У тую першую ноч з вакна нашай камеры, якое выходзіла ва двор, мы бачылі і чулі, як усю ноч прыязджалі аўтазакі з людзьмі, і там вельмі жорстка людзей выводзілі, ставілі на калені і крычалі на іх, білі, а людзі крычалі ад гэтага.

На наступны дзень (11 жніўня) увечары ўсіх з камер вывелі ў калідор. Кожнага з крыкамі ды пагрозамі падводзілі да стала і прымушалі распісацца ў пратаколе (аб адміністрацыйным парушэнні па артыкуле 23.34 КаАП, за удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. — заўв.). Я падпісаў, хаця я бачыў, што ён не дакладны — там напісана, што мяне затрымалі каля стэлы (менавіта каля стэлы “Мінск — горад-герой” увечары 9 жніўня сабралася найбольш людзей. — заўв.). Бо да нас даводзілася: “Падпішаце — атрымаеце штраф, выйдзеце”. Гэта было падманам.

Усіх людзей затрымалі ў розных месцах і пры розных абставінах, але ва ўсіх у якасці месца затрымання была пазначана стэла.

Праз некаторы час нас трох перавялі ў іншую камеру. Разлічана яна на шэсць месцаў, але там было блізу 40 чалавек, якія на той момант знаходзіліся там ужо суткі. Месца мала, людзі спалі па некалькі чалавек на адным ложку, а тыя, каму не хапіла месца, — на лавах і падлозе. Шасці чалавекам выдалі матрацы і коўдры, але гэтую “маёмасць” хлопцы зрабілі агульнай — расцілалі коўдры на падлозе і ўсе клаліся на іх.

Было вельмі душна, а вокны — трохі прычыненыя. Людзям было цяжка дыхаць, яны клікалі ахову, каб тыя штосьці зрабілі. Спачатку ахова адмаўлялася, але праз некалькі гадзін яны вырашылі адчыніць акенца для харчавання (якое прызначана для падачы ежы арыштаваным. — заўв.).

На наступную ноч усё паўтарылася — зноў прыязджалі аўтазакі, было вельмі чуваць, як людзей б’юць дручкамі, а яны ад гэтага крычаць.

Таксама ноччу аднаму з нашых хлапцоў стала кепска, і да яго выклікалі ўрача, што там працуе. Тая дапамагла яму. Але пад раніцу яму зноў стала кепска. І тады урач пачала лаяцца на нас ўсіх:

У вас ёсць сілы кідаць камяні на плошчы, а тут вы такія ўсе бальныя!” Ад яе было чуваць абразлівыя словы і маты.

Адзін арыштантаў папрасіў ва ўрача зняць пабоі (яго збілі пры затрыманні), але амапавец, што там знаходзіўся, адрэагаваў жорстка:

Хочаш зняць пабоі? Дык я табе яшчэ зараз дабаўлю”.

Праз некаторы час амапавец удакладніў, хто менавіта хацеў зняць пабоі. Хлопец адказаў — “Я”, і тады той узяў вядро вады, якое падрыхтаваў загадзя, і выплеснуў на яго. Вада абліла і падлогу, на якой мы спалі. Мы пачалі яе выціраць, а амапавец стаяў і падганяў нас са словамі: “Давайце-давайце, чаму так марудна працуеце?”.

Калі нас выводзілі на адну з чарговых праверак з раніцы, адзін з амапаўцаў, вельмі заволены, запытаў: “А вы ведаеце, хто перамог на выбарах? Наш дарагі Аляксандр Рыгоравіч, які набраў 80 адсоткаў! І нават вы за яго прагаласавалі. Ха-ха!”— у мяне склалася такое ўражанне, што ён не з-за таго гэта кажа, што упэўнены аб падтрымцы народам Лукашэнкі, а таму, што менавіта ведае, аб фальсіфікацыях — і ён над намі пасмяяўся.


Суд быў выязным. На пасяджэнні былі толькі я, сакратарка і суддзя. Яна зачытала мой пратакол. Я сказаў, што не згодны з ім, і патлумачыў, што падпісаў яго пад ціскам. Сказаў, што ў мяне ёсць сведкі, якія могуць пацвердзіць, што я у момант затрымання быў насамрэч у іншым месцы. Суддзя была карэктная, але нічога са сказанага мной не ўлічыла. Яна прызнала мяне вінаватым і прысудзіла 10 сутак арышту. Суд доўжыўся прыкладна пяць хвілін.

На трэцюю ноч раптам нас, некалькі чалавек з камеры, выклікалі па прозвішчы, загадалі ісці ўніз і выходзіць ва двор. Я зразумеў, што гэта кепска, бо крыкі са двара ўжо даносіліся некалькі гадзін. Там былі амапаўцы ў масках. Яны загадалі зайсці за аўтобус, які, як мне здаецца, стаяў на двары так, каб закрываць агляд магчымых відэа-камер. Сам двор Акрэсціна быў заліты святлом ад ліхтара, але за аўтобусам было цёмна — і на нас свяцілі маленькім ліхтарыкам. Нам загадалі адразу класціся на зямлю тварам уніз і пачалі біць дручкамі па нагах. Мы крычалі, але яны не спыняліся і білі. Цяжка сказаць, колькі па часе і колькі разоў. І колькі людзей так збівалі, бо нас выводзілі тварам у ніз і не дазвалялі нікуды глядзець. Таксама былі здзекі кшталту “Спявайце гімн Беларусі” і “выбачайцеся за тое, што вы нарабілі”.

Потым нас падвялі да брамы і паставілі ўздоўж яе на расцяжку. Па адным чалавеку праз інтэрвалы ў пяць хвілін амапавец хапаў за шкірку, казаў, у якім боку праспект (накірунак да выхаду ў горад да грамадскага транспарту. — заўв.) і выштурхоўваў за браму. Калі чарга падышла да мяне, мне сказалі:

Калі я цябе пабачу тут праз пяць хвілін, то – маліся. А рэчы свае, з якімі ты прыехаў, ты забярэш на судзе”.

Суд жа у мяне ўжо адбыўся, але, канешне, я не стаў у яго нічога ўдакладняць і проста пабег туды, куды ён паказаў, прэч як мага хутчэй. У ЦІПе засталіся мой мабільны тэлефон, пашпарт, ключы, грошы…

Я ішоў па горадзе як злачынца, бо хаваўся за кожным кустом, баяўся, што праедзе аўтазак ці нейкі патруль – і мяне заўважаць, спаймаюць і вернуць на Акрэсціна, чаго мне вельмі не хацелася. Перабіраўся дварамі, але ногі пачыналі балець усё мацней.

Я вырашыў, што пайду да дыспетчарскай станцыі і дачакаюся, калі пачне хадзіць транспарт. Напэўна ад голаду і ад стомы я пачаў губляць прытомнасць — першы раз у аўтобусе, потым тры разы запар, калі ішоў ад прыпынку да хаты… Адразу ж падымаўся, але не заўважаў, як я ізноў аказваўся на зямлі. Вось так неяк ледзь-ледзь дайшоў да хаты.

Мае сваякі ведалі, што мяне затрымалі і адвезлі ў РУУС толькі дзякуючы таму, што ім пра гэта паведамілі назіральнікі, з якімі мы былі разам пры затрыманні і якія яго пазбеглі. Такім чынам сваякі самі зрабілі выснову, што мяне адвезлі на Акрэсціна альбо ў Жодзіна. Але там ім нічога не казалі. Толькі ўвечары 11 жніўня яны даведаліся дакладна, што я ўсё ж такі на Акрэсціна. Магчыма, пасля суда.

Цяпер мне дагэтуль цяжка хадзіць і я кульгаю.

Падобнае адбывалася і ў Жодзіна (у ІЧУ горада Жодзіна таксама адвозяць арыштаваных, калі на Акрэсціна не хапае месцаў. Менавіта туды трапіў карэспандэнт расійскага выдання znak.com Мікіта Целіжэнка.


Ён правёў амаль увесь дзень у камеры разам з яшчэ 30-цю затрыманымі, пры гэтым камера разлічана ўсяго на двух чалавек: «Я адчуў усю самую лютую жэсць, — распавёў Мікіта. — Пры мне на паверхах жорстка збівалі людзей, да хрыпаў»... 

«Мяне даставілі ў РУУС «Маскоўскі». Там сіла ўжывалася да ўсіх без выключэння: любое пытанне, якое не задавальняла супрацоўнікаў беларускай міліцыі, тут жа сканчалася збіццём. Людзі крычалі, людзі ад болю хадзілі пад сябе.

І ўсё гэта праходзіла пры поўным спакоі ўсіх астатніх супрацоўнікаў міліцыі, якія, па сутнасці, павінны абараняць людзей. Яны смакуюць [гэта]. Яны прымушаюць людзей маліцца, калі пачынаюць іх біць. Кажуць: «Чытай» Ойча наш»! І малоцяць дручкамі, нагамі і ўсім астатнім. Білі па галаве, білі па нагах. Чалавека, якога вялі перада мной, з усяго размаху дзеля жарту дзюбанулі аб дзвярны вушак.

Усіх звальваюць разам у актавую залу. Першае, што ты бачыш, — гэта людзі, па якіх ходзяць як самі супрацоўнікі міліцыі, так і тыя самыя затрыманыя: яны таксама вымушаныя ісці па людзях. Таму што наступіць няма куды.

Усе ляжаць пад нагамі, усе крычаць, просяць дапамогі. Дапамога не аказваецца. У лепшым выпадку табе не прыляціць па галаве», — прыгадвае расійскі журналіст.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: