Даніла ўпаў, і потым усе разам сталі біць яго дручкамі па нагах і спіне (+фота, відэа)

У ноч на 14 жніўня з ізалятараў сталі масава вызваляць затрыманых падчас акцый пратэсту. Учора раніцай дамоў з Жодзіна вярнуўся і Даніла Луцэвіч, які правёў у зняволенні чатыры дні. Ён распавёў «Новаму Часу» пра тое, што давялося перажыць.

Вольга і Даніла Луцэвічы. Фота Дзіяны Серадзюк 

«На кожнае пытанне атрымліваў удар»


Данілу Луцэвіча затрымалі ў Мінску 10 жніўня. Хлопец распавядае, што збіраўся на мірны пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў, але да месца пачатку акцыі не дайшоў.

— Каля помніка Цою ля стадыёна «Дынама» мы спыніліся павітацца са знаёмымі. І туды наўпрост па газоне пад’ехалі два сінія бусы, адтуль выскачыў АМАП. Я стаяў спінай і рэфлекторна пабег. Пачуў выкрыкі «Стой, страляць буду!», міма мяне прасвістала адна гумовая куля, другую чакаць не стаў, падняў рукі ўгару, — узгадвае хлопец.

Нягледзячы на тое, што ён не выкрыкваў ніякіх лозунгаў і ўвогуле не рабіў нічога супрацьпраўнага, да яго падбеглі трое сілавікоў: адзін ударыў ззаду па нагах, Даніла ўпаў, і потым усе разам сталі біць яго дручкамі па нагах і спіне. Потым груба паднялі, павялі ў бус, сказаўшы па дарозе, што, калі б хлопец не кінуўся ўцякаць, у яго проста паглядзелі б рэчы і адпусцілі.

— Закінулі ў бус, там паставілі на калені. У праходзе клалі чалавека на чалавека. Мне не пашчасціла: я быў апошні, каго загрузілі, таму ўсю дарогу білі кулакамі ў галаву і дубінкамі па спіне. На кожнае пытанне, калі я адказваў — не важна, як — атрымліваў удар.

Сляды збіцця. Фота прадастаўлена Данілам Луцэвічам

У бусе, па словах Данілы, было чацвёра затрыманых і ад 8 да 12 АМАПаўцаў. Хлопцаў каталі па горадзе хвілін 15, не перастаючы збіваць.

— Потым прывезлі да аўтазака — глядзець тварам у зямлю, хутка забегчы ў аўтазак. Пакуль беглі — таксама білі дручкамі. У аўтазаку больш-менш пашанцавала: на колькі месцаў ён быў разлічаны, столькі людзей і загрузілі.

У Данілы некалькі гадоў таму была сур’ёзная аперацыя на галаўным мозгу, застаўся шнар. Ён казаў пра гэта АМАПаўцам, прасіў хаця б не біць па галаве. Але паголеную галаву і шнар на ёй сілавікі палічылі прыкметамі прыналежнасці да фанацкага ці неанацысцкага руху і білі Данілу па галаве, шчыпалі, выкручвалі вушы.

Відэа прадастаўлена Данілам Луцэвічам 



Цудам удалося даслаць СМС маці


Затрыманых прывезлі ў Ленінскі РАУС, адвялі ў нейкія гаражы, як мяркуе Даніла, для спецтэхнікі. Там іх пратрымалі суткі. Першыя 10 гадзін давялося стаяць тварам да сцяны, узняўшы рукі ўгару альбо завёўшы за спіну, у счэпцы з белых зацяжак. Пазней, усё гэтак жа ў счэпках, дазволілі сесці на падлогу.

Хлопцу ўдалося каля гадзіны паспаць на бетоннай падлозе, потым вязняў паднялі.

— Дарэчы, быў вельмі прыгожы світанак, мы ўсёй камерай гэта заўважылі, — раптам задуменна дадае суразмоўца. І працягвае:

 Гадзін з 7 раніцы пачалі адпускаць тых, хто выглядаў бяскрыўдна, альбо тых, каго зразумелі, што затрымалі без уцямных прычын. А я — вялікі лысы чалавек, зразумела, што мяне трэба трымаць падольш, — іранізуе маладзён.

Адпусцілі каля 15 чалавек з 78, лёс астатніх абяцалі вырашыць у 9 гадзін, калі памяняецца змена, але нічога не вырашылі, а сказалі чакаць яшчэ тры гадзіны. Усе пяць гадзін людзі прасілі патэлефанаваць родным, але ім адказвалі, што, паколькі яны адміністрацыйна затрыманыя, яны маюць права толькі на тое, што загадвае камандаванне.

— Дарэчы, хочацца адзначыць, што міліцыянты (не АМАП, не пераапранутыя супрацоўнікі КДБ і ціхары) былі досыць ветлівыя. Большасць з іх мы ведалі па званнях, бо ў іх не былі перавернутыя пагоны. Малодшыя па званні далі нам зрабіць некалькі званкоў, і потым мы даведаліся, што на РАУС пачалі сыпацца званкі, і больш тэлефанаваць не дазволілі. Потым нейкім цудам мой сукамернік змог дастаць у сваім заплечніку тэлефон, ён адправіў паведамленне родным, і я папрасіў напісаць паведамленне маёй маме. Гэта атрымалася зрабіць у 11.37, хаця затрымалі мяне ў 19.20.

«Прымушалі прайсці па сваіх»


Каля гадзіны дня ў РАУСе затрыманым паведамілі, што іх павязуць у Жодзіна, праз дзве гадзіны завялі ў аўтазакі. Дарога заняла каля 50 хвілін. Даніла быў у другой партыі — іх не білі. Але ён чуў удары і крыкі людзей з першай партыі.

— Кожны раз, калі нас вялі ў аўтазак, у бус, у камеру, я чуў за спінай: «Апрацуй яго». У аўтазаку нас паклалі проста ў тры шэрагі паміж сядзеннямі, адзін на аднаго. Рукі былі ў жорсткай счэпцы, крываточылі, мы прасілі аслабіць. На жаль, я хутка зажываю, таму не змагу паказаць вам. У мяне застаўся адзін сіняк на спіне, а іх было як мінімум 5. Калі я зняў майку ў туалеце ў РАУСе, міліцыянт ачмурэў.

У аўтазаку ў Данілы спыталі, ці ўдзельнічаў ён у пратэстах, але адказ быў не важны: ён проста атрымаў рукой у вуха. Счэпкі на руках сталі аслабляць хвілін праз 20, калі ўбачылі, што рукі ў вязняў ужо сінеюць. Данілу дазволілі сесці на падлогу, калі пачулі адказ на пытанне, адкуль у яго шнар на галаве.

 Калі нас грузілі і вялі ў канец аўтазака, прымушалі прайсці па сваіх. Такім чынам аднаму чалавеку вывіхнулі плячо. Калі ён стаў крычаць, АМАПавец усіх разгроб, як смецце — да нас ставіліся, як да жывёл, як да смецця, — плячо ўправілі, але ўсё роўна паклалі на яго кучу людзей.


У камеры былі лекцыі па гісторыі, праграмаванні


Па прыездзе, распавядае хлопец, іх проста выкінулі з аўтазака, паставілі на калені. Выклікалі і прымушалі бегчы да камандуючага. Калі бег занадта марудна — білі. Калі занадта хутка, як Даніла, — таксама.

— Я проста не ведаў, куды бегчы, падарваўся, калі пачуў сваё прозвішча, падбег — і атрымаў у галаву кулаком.

Даніла яшчэ неаднаразова атрымліваў удары. Потым вязняў выстраілі ў дзве шарэнгі і прымусілі бегчы па калідорах каля паўкіламетра. Пасля іх прывялі ў прагулачную камеру — бетонныя сцены і зверху краты, зверху ходзіць канвой. Вязням далі вядро, каб схадзіць па патрэбе, і трымалі іх у гэтым памяшканні дзве гадзіны, пакуль шукалі камеры. Потым — зноў паўкіламетра бегу па калідорах і лесвіцах, каб заблытаць.

— Камера была 4х6 метраў, было 6 ложкаў. Калі мы прыехалі, там ужо было 6 чалавек, з намі стала 12, і ўвечары засялілі яшчэ траіх. Але гэта яшчэ было добра.

Данілу прывялі ў 33 камеру на першым паверсе. Ён зазначае, што яго сукамернікамі былі добрыя, інтэлігентныя людзі, а не п’яніцы і наркаманы.

— Насамрэч, гэта былі самыя вясёлыя чатыры дні, калі не браць збіцці. Кармілі нармальна. Спаць было кепска, але цэлы дзень ты не думаў, што ў турме. Хлопцы дапамаглі, дзякуй ім! Яны не далі ўпасці духам, адзін аднаго падтрымлівалі. У нас былі лекцыі па гісторыі, бо сядзеў гісторык, па праграмаванні. З розных галін рабяты дзяліліся сваім досведам.

Стаўленне з боку турэмнай адміністрацыі таксама было нармальнае, хоць просьбы вязняў ігнараваліся.  

Тых, каго прывезлі на дзень раней, на трэція суткі пачалі судзіць. А вось з партыяй, у якую трапіў Даніла, паступілі інакш.

— Мяне паднялі ў 5.40, максімальна ветліва вывелі ў калідор, адвялі на «суд» — нават не далі прачытаць пратакол, проста падпісвай, што прымаў удзел у масавым мерапрыемстве і выкрыкваў лозунгі. Я напісаў, што часткова згодны, таму што не выкрыкваў лозунгі. Трэба было пагадзіцца, таму што закрылі б на большы час. Унізе я напісаў, што абавязуюся з’явіцца ў суд, чакаю позву па месцы жыхарства. Потым нас павялі ў камеру, дзе «захоўваліся» нашыя рэчы — усё было раскідана, на падлозе валяліся грошы, пярсцёнкі, завушніцы, тэлефоны былі разбітыя.

Пасля гэтага вязняў вывелі з ізалятара, дзе іх сустрэлі валанцёры і родныя.


«У мацярынскіх і бацькоўскіх слязах можна ўтапіць увесь наш АМАП»


Мама Данілы Вольга Луцэвіч гаворыць, што нейкім дзіўным чынам нібыта пралічвала ўсё наперад у гэтыя дні. Калі ўвечары 10 жніўня сын не адказаў на паведамленне, а потым яго тэлефон быў недаступны, яна адразу зразумела, што ён затрыманы.

 Я хачу распавесці пра інфармацыйную блакаду. Пачала шукаць, як знайсці чалавека. У мяне з’явіліся тэлефоны ўсіх РАУСаў, Акрэсціна, Жодзіна. Стала званіць, па 250 тэлефанаванняў — ніякай інфармацыі. Калі я на наступны дзень датэлефанавалася на Акрэсціна, узялі слухаўку і паклалі яе побач. І я ў працоўным рэжыме пяць хвілін чула жорсткі мат, на якім яны размаўляюць паміж сабой.

Калі жанчына паехала пісаць заяву аб знікненні сына, яна атрымала СМС і зразумела, што яно ад яго. Вользе паабяцалі паведаміць, калі з’явіцца інфармацыя пра Данілу. Але вось ён ужо дома, а з ёй так ніхто і не звязаўся.

У сераду раніцай Вользе Луцэвіч патэлефанавалі сынавы сябры і сказалі, што збіраюцца ехаць па ўсіх РАУСах, на Акрэсціна, калі трэба — у Жодзіна. Вольга з хлопцамі ездзіла паўсюль, але нідзе не магла знайсці інфармацыю пра сына.

 На наступны дзень мне паступіла інфармацыя, я нават не ведаю, праз якія крыніцы, што ён знаходзіцца ў Жодзіна, у СІЗА. Пасля таго, што бачыла на Акрэсціна, я адчула палёгку, бо ішла інфармацыя, што там больш-менш нармальна адносяцца, кормяць. Праз некаторы час, заканчваліся трэція суткі, яго прозвішча з’явілася ў спісах.

Вольга зазначае, што сілавікі ўмеюць аператыўна затрымліваць, але не даць інфармацыю, і называе гэта сабатажам і генацыдам.

— Колькі праліта не толькі мацярынскіх, але і бацькоўскіх слёз — я іх бачыла, — у гэтых слязах можна ўтапіць увесь наш АМАП.

Жанчына ўзгадвае, што супрацоўнікі ізалятара нармальна размаўлялі са сваякамі затрыманых, паабяцалі спісы, і праз некаторы час вынеслі 64 аркушы з напісанымі ад рукі імёнамі, датамі нараджэння і прысудамі, калі суды адбыліся.

 Калі я ўбачыла, што насупраць Данілы стаіць прочырк, я зразумела, што трэба чакаць. Валанцёрамі ўсё было арганізавана ідэальна: гарачая гарбата, кава, садавіна, печыва, пледы. Людзі пастаянна нешта неслі, каб дапамагчы, бо мы разумеем, што ўсе ў адным катле. Я ніколі не ведала, што беларусы могуць так аб’яднацца.

Вязняў па тры чалавекі выпускалі да дзвюх гадзін ночы. Потым — перапынак. Вользе Луцэвіч давялося спаць наўпрост на елцы, сябру яе сына — на суседняй яе галіне.

 У 6.39 пачула: ідуць! А сын ужо запісваецца ў валанцёраў. Я яго абняла, а калі ён падняў мяне на рукі, я зразумела, што маё дзіця ў парадку.

Але пасля таго, як Данілу вызвалілі, многія яшчэ засталіся ў зняволенні. Таму сям’я Луцэвічаў перакананая, што варта ўсім, хто трапіў у падобную сітуацыю, дзяліцца сваімі гісторыямі.

 Трэба чакаць, бо рана ці позна яны знойдуцца, — звяртаецца Вольга Луцэвіч да тых, хто не можа атрымаць звестак пра сваіх зніклых родных. — Але трэба разумець, што залежыць ад цябе ў дадзены момант. І спрабаваць пераключацца з сумных думак, калі ты зрабіў усё, што ад цябе залежыць. А яшчэ старацца дапамагаць іншым. Нельга заставацца аднаму ў гэтай сітуацыі, важна ўтрымаць стабільны псіхічны стан.

 А ўсім беларусам я хацеў бы пазычыць цярпення, і не баяцца. Усё мінае, — дадае Даніла.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: