КПЧ ААН зарэгістраваў чарговую скаргу супраць Беларусі

Грамадскі актывіст Яўген Батура атрымаў адказ з Камітэта ААН па правах чалавека аб тым, што яго скарга зарэгістраваная ў Камітэце пад № 3765/2020.
Яўген Батура. Фота Алены Ляшкевіч

Яўген Батура. Фота Алены Ляшкевіч

Скаргу ў КПЧ ААН Яўген Батура накіраваў 26 кастрычніка 2019 года. У ёй актывіст просіць прызнаць яго правы парушанымі, а таксама прымусіць Рэспубліку Беларусь прызнаць неадпаведнасць Закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Адказ КПЧ ААН Яўгену Батуру

Нагадаем, 26 лістапада 2018 года група грамадзян сабралася каля амбасады Расійскай Федэрацыі ў Мінску, каб паставіць ля ўваходу папяровыя караблікі, тым самым выказваючы сваю салідарнасць з затрыманымі напярэдадні Расіяй украінскімі маракамі ў Азоўскім моры.

Жонка актывіста, журналістка «Новага Часу» Дзіяна Серадзюк, атрымала заданне ад рэдакцыі асвятліць гэтую падзею. Яўген Батура, падзяляючы меркаванне тых, хто сабраўся і ведаючы, што падобныя акцыі салідарнасці ў Беларусі часта заканчваюцца затрыманнямі таксама і журналістаў, пайшоў з ёй, у тым ліку дзеля яе бяспекі і ў мэтах маніторынгу затрыманняў. Аднак прысутнасць Батуры міліцыя расцаніла як удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, склаўшы і даслаўшы яму па пошце пратакол аб адміністрацыйнм правапарушэнні. Пазней суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Іван Касцян прызнаў Батуру вінаватыму парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і аштрафаваў яго. Штраф атрымала і Дзіяна Серадзюк, нягледзячы на тое, што знаходзілася падчас акцыі ў якасці журналіста і была адпаведна пазначаная.

Чытайце таксама: «Прыплылі»: як у судзе змагаліся з «папяровай флатыліяй» (фота)
Рашэнне суда Цэнтральнага раёна актывіст абскардзіў у Мінскім гарадскім судзе, але суддзя Яўген Хаткевіч пакінуў скаргу без задавальнення. Затым Батура падаў скаргу старшыні Мінскага гарадскога суда Паўлу Каршуновічу, але і ён пакінуў рашэнне суда Цэнтральнага раёна ў сіле.

Далейшае абскарджанне ў беларускай судовай сістэме актывіст палічыў бессэнсоўным, паколькі яно не цягне за сабой перагляд справы па сутнасці, і накіраваў скаргу ў КПЧ ААН. Яўген Батура лічыць, што яго правы, прадугледжаныя артыкуламі 19 і 21 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, былі парушаныя Рэспублікай Беларусь.

Сёння ж Камітэт накіраваў паведамленне ўладам Беларусі з просьбай прадаставіць інфармацыю адносна справы Яўгена Батуры. У сувязі з распаўсюджваннем COVID-19 дзяржаве прадастаўлены выключны тэрмін у 8 месяцаў замест ранейшых 6 месяцаў, каб даць свае тлумачэнні.

Нагадаем, 5 чэрвеня група па петыцыях Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека зарэгістравала (№3760/2020) і накіравала беларускаму ўраду сумесную скаргу праваабаронцаў Андрэя Стрыжака і Леаніда Судаленкі. У 2018 годзе праваабаронцы пратэставалі супраць крымінальнага пераследу лідараў незалежнага прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. У першым выпадку чыноўнікі забаранілі масавае мерапрыемства, бо ў 2017 годзе падчас дармаедскіх акцый абодва праваабаронцы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у пратэстных акцыях, у другім яны атрымалі забарону таму што, у месцы меркаванага правядзення пратэсту ўлада арганізавала выставу малюнкаў дзяцей. Вычарпаўшы ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, праваабаронцы пачалі стратэгічную цяжбу, накіраваную на змяненне як нацыянальнага дыскрымінацыйнага заканадаўства аб мірных сходах, так і практыкі яго прымянення.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: