Краіна, якой непатрэбныя сумленныя адвакаты

 З сямі адвакатаў, якія мусілі прайсці атэстацыю, гэта здолеў зрабіць толькі адзін.

Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Мінюсце Рэспублікі Беларусь правяла 3 сакавіка пазачарговую атэстацыю адвакатаў. Як паведаміла Міністэрства юстыцыі, з сямі адвакатаў атэстацыю прайшоў толькі адзін, піша Tut.by

Атэстацыю прайшла толькі адвакатка Юлія Карачун. Не былі атэставаныя, а таму пазбаўляюцца магчымасці выконваць свае прафесійныя абавязкі «з прычыны недастатковай кваліфікацыі», адвакаты Андрэй Барташэвіч, Мікалай Ётка і Алена Шынкарэвіч.

Яшчэ тром адвакаткам — Дар'і Гарохавік, Святлане Конавай і Алене Майсені — з-за «няпоўнай адпаведнасці патрабаванням заканадаўства» адтэрмінавалі атэстацыю на шэсць месяцаў «пры ўмове выканання рэкамендацый кваліфікацыйнай камісіі, у тым ліку аб праходжанні адвакатамі павышэння кваліфікацыі», піша «Наша Ніва».

Мінюст паведамляе, што ў 2020 годзе праведзеная планавая праверка дзейнасці Мінскай абласной калегіі адвакатаў. У ходзе праверкі былі ўстаноўленыя факты парушэння адвакатамі «Закона аб адвакатуры», Правіл прафесійнай этыкі адваката, выяўлены парушэнні пры складанні прававых дакументаў, дамоў на аказанне юрыдычнай дапамогі, ордэраў. Усё гэта з'яўляецца падставай для правядзення кваліфікацыйнай камісіяй пазачарговай атэстацыі адвакатаў, адзначаюць у ведамстве.


Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі заклікалі беларускія ўлады да аднаўлення адвольна адкліканых адвакацкіх ліцэнзій

Інстытут правоў чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI) і Фонд Дж. Клуні «За справядлівасць» (CFJ) у сумесным звароце асуджаюць новую хвалю рэпрэсій супраць адвакатуры ў Беларусі, у выніку якой па меншай меры чатыры адвакаты пазбаўленыя ліцэнзіі на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці, у тым ліку абаронца Марыі Калеснікавай Людміла Казак.

Сустаршыня IBAHRI і былы суддзя Высокага суда Аўстраліі (1996-2006) Майкл Кірбі заявіў: «Дзеянні, прынятыя супраць спадарыні Казак, а таксама дзеянні супраць яе калег наўпрост звязаныя з прафесійнай дзейнасцю адвакатаў. Гэта дэманструе, што юрысты ў Беларусі не абароненыя ад парушэння іх прафесійных правоў, але таксама падвяргаюцца асабістым пагрозам у выглядзе выкрадання, адвольнага арышту, затрымання і неабгрунтаванага судовага пераследу ў парушэнне асноўных працэсуальных гарантый».

Паводле слоў Кірбі, гэта супярэчыць 16-му прынцыпу Асноўных прынцыпаў ААН, які тычыцца ролі юрыстаў і абвяшчае: ўрады павінны стварыць умовы, каб юрысты маглі выконваць усе свае прафесійныя функцыі без запалохвання, перашкод, пераследаў або неналежнага ўмяшання; юрысты «не павінны пакутаваць або падвяргацца пагрозам», а таксама судоваму пераследу або адміністрацыйным, эканамічным альбо іншым санкцыям за любыя дзеянні, прынятыя ў адпаведнасці з прафесійнымі абавязкамі, стандартамі і этыкай.

Выказала сваё меркаванне і сустаршыня IBAHRI і былая генеральная сакратарка Шведскай калегіі адвакатаў Ганна Рамберг, падкрэсліўшы, што беларускія ўлады «груба парушаюць закон». «Улады, што кіруюцца страхам і спрабуюць кіраваць з дапамогай страху, беспакарана парушаюць правы людзей у Беларусі, — заявіла яна. — Парушаюцца правы на мірныя сходы і справядлівае судовае разбіральніцтва, а таксама права адвакатаў выконваць свае прафесійныя абавязкі, не баючыся пераследу. Адкліканне ліцэнзій у спадарыні Казак і яе калег — ганьба. Мы заклікаем да іх аднаўлення».

Ініцыятыва «TrialWatch» Фонда Дж. Клуні «За справядлівасць» адсочвае і ацэньвае справядлівасць судовых працэсаў над уразлівымі сацыяльнымі групамі па ўсім свеце. Выкарыстоўваючы гэтыя даныя, «TrialWatch» абараняе інтарэсы пацярпелых і распрацоўвае Глабальны рэйтынг правасуддзя, які вымярае захаванне нацыянальнымі судамі міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека.

Naviny.online нагадваюць, што за апошнія некалькі месяцаў Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адвакатаў Марыі Калеснікавай Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак. У дачыненні да двух іншых абаронцаў Калеснікавай распачатыя крымінальныя справы. Іллю Салея абвінавачваюць па ч.3 арт. 361 КК («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), Максіма Знака — па гэтым жа артыкуле і яшчэ па двух: ч.1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч.1 арт. 361-1 КК (па факце стварэння КС). Салей знаходзіцца пад хатнім арыштам, Знак — пад вартай, абодва прызнаныя палітвязнямі.

Акрамя таго, ліцэнзій пазбаўленыя адвакаты Юлія Леванчук, Канстанцін Міхель, Міхаіл Кірылюк, Максім Конан. Цяпер спрабуюць пазбавіць ліцэнзіі Уладзіміра Сазанчука, які абараняе палітыка Мікалая Статкевіча, блогера Дзмітрыя Казлова і журналістку Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву).

spring96.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: