Краўдфандынг БНФ: за тры тыдні сабраная траціна ад патрэбнай сумы

Управа Партыі БНФ падвяла прамежкавыя вынікі кампаніі краўдфандынгу, якая была абвешчаная партыяй 5 лістапада дзеля ліквідацыі запазычанасцяў па аплаце арэнды партыйных офісаў.
За тры тыдні на рахункі Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне” па стане на 26 лістапада паступіла 9 814 руб. 50 кап. ахвяраваньняў ад грамадзянаў Беларусі. Гэта складае траціну ад сумы запазычнасцяў па аплаце арэнды цэнтральнага офісу партыі ў Менску. Як паведамлялася, да 31 снежня 2018 г. партыя мусіць заплаціць 28 000 рублёў – інакш ўлады пагражаюць скасаваць дамову арэнды памяшкання па вул. Чарнышэўскага 3 ў Менску, дзе размешчаныя цяпер партыйныя структуры.

Як адзначаецца, пераважная большасць ахвяраванняў складаецца з невялікіх сумаў. “Найменьшая сума, якую чалавек пералічыў нам на рахунак – гэта паўтары рублі, найбольшая – каля тысячы рублёў. Большасць ахвяраванняў пакуль паступае з Менску, але ў бліжэйшыя дні мы сканцэнтруемся на дырэкт-мэйлінгу, будзем дасылаць канкрэтным людзям адрасныя прапановы зрабіць ахвяраванні” – паведаміў намеснік старшыні БНФ Зміцер Салошкін.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў наступным чынам пракамэнтаваў прамежкавыя вынікі краўдфандынгавай кампаніі партыі:

— Я ўсцешаны тым, што на наш заклік адгукнуліся сотні людзей. Шчыра ўдзячны ўсім ахвярадаўцам – гэта сапраўдная талака! Нам аператыўна атрымалася сабраць суму, якая дазваляе прытрымлівацца графіка ліквідацыі запазычанасцяў, што быў узгоднены падчас маіх перамоваў з уласнікам.

Я дазволю сабе яшчэ раз заклікаць усіх беларускіх патрыётаў дапамагчы Сядзібе БНФ і ахвяраваць на працяг яе працы. Калі мы праз недахоп сродкаў страцім адзінае ў сталіцы Беларусі месца, над якім адкрыта вывешаны нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг – то гэта будзе недаравальна. Таксама будзе крыўдна згубіць памяшканне ў Менску, якое служыць пляцоўкай для правядзення імпрэзаў дзесяткаў арганізацыяў, а ў часы калі ўзмацняюцца рэпрэсіі – месцам каардынацыі і збору дапамогі.

Нагадваю, што пералічыць ахвяраванні для мэтаў арэнды сядзібы БНФ можна ў любым банку, інфакіёску ці праз інтэрнэт-банкінг пры дапамозе сістэмы “Разлік” (АРІП) / “Расчет” (ЕРИП). Аплата здзяйсняецца ў тым жа рэжыме, як праз ЕРИП аплочваюцца камунальныя плацяжы ці тэлефон – трэба толькі ў пошуку набораць “БНФ” альбо наш код рахунка 4431691.  

Вельмі важна, што пазытыўныя падвіжкі ёсць не толькі з цэнтральным офісам у Менску. Я ведаю, што палепшылася сытуацыя з офісам у Гародні: там запазычанасць таксама часткова ліквідаваная, дасягнутыя дамоўленасці з уласнікам пра далейшую працу офіса. Складаная сытуацыя з партыйным офісам у Магілёве, аднак я ведаю што тамтэйшая суполка таксама прыняла пэўныя рашэнні па збору сродкаў і, спадзяюся, з Божай дапамогай, магілёўскі офіс мы таксама захаваем — сказаў старшыня БНФ Рыгор Кастусёў.

Як паведамляе Управа БНФ, вырашана вызначыць заахвочванне для грамадзянаў Беларусі, якія пералічаць для аплаты арэнды Сядзібы БНФ суму, роўную 50% арэнднай платы за месяц (гэта 1200 рублёў). Ахвярадаўцам, якія падтрымаюць БНФ такой сумай, партыя прэзэнтуе гадзінніік “30 гадоў БНФ”, які быў выпушчаны абмежаваным накладам да партыйнага юбілею, што адзначаўся сёлета 19 кастрычніка.


Паводле прэс-рэліза


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-11-27 13:47:08
Галоўнае каб грошы на паперы і лісты ў ААН хапіла партыі БНФ.

А зараз глядзіце, бел-чырвона-белыя, сюды ўважліва. Партыя БНФ не можа забяспечыць сябе нават офісам, бо трэба ж мець яго ў Мінску, дзе ўсё дорага, а не ў якой-небудзь глухой вёсцы на Палесьсі. Не можа аплаціць той мінскі офіс і кожны год пабіраецца з міру па нітцы. АЛЕ ЛЕЗЕ ПРЫ ГЭТЫМ НА ВЫБАРЫ, ў тым ліку ў прэзідэнты. Вось калі б выйгралі тыя выбары, то забяспечылі офісамі і грашыма 9,5 млн беларускіх грамадзян. Няўжо?

Вось так з усімі нашымі партыямі, рухамі і гэтак далей. Уладзе трэ зачыняць гэтую бядоту. Зачыняць і забыць нам усім пра ліхія 90-я, калі ўся гэтая сёння непатрэбная грамадству партийная нищета ўзнікла.