Крымінальная справа супраць блогера Кабанава адноўлена

Блогер і экалагічны актывіст з Брэста Аляксандр Кабанаў паведаміў у Facebook, што на падставе пастановы пракуратуры Брэсцкай вобласці Следчы камітэт аднаўляе ў дачыненні да яго вытворчасць па крымінальнай справе. 
Аляксандр Кабанаў

Аляксандр Кабанаў


Кабанава падазраюць у прысваенні і растраце больш за 400 рублёў (ч. 1 арт. 211 Крымінальнага кодэкса), якія ён атрымаў ад жыхароў дома, у якім жыве.

У пачатку ліпеня Бярозаўскі аддзел Следчага камітэту закрыў справу супраць блогера за адсутнасцю складу злачынства. Што прымусіла органы перадумаць — пакуль не вядома. 


Нагадаем, што ў сакавіку следчыя паведамлялі, што ў 2017 годзе Аляксандр Кабанаў нібыта атрымаў ад жыхароў дома, у якім жыве, грошы на дзяржаўную рэгістрацыю таварыства ўласнікаў (МС) і выраб праектнай дакументацыі на будаўніцтва падвальных памяшканняў. Аднак грошы, больш за 400 рублёў, забраў сабе. Сам блогер тлумачыў, што нічога не прысвойваў. Паводле яго слоў, у яго была дамоўленасць з жыхарамі. Некаторы час ён быў старшынёй МС, і з кожнай кватэры ў месяц яму плацілі па 2 рубли зарплаты — так і ўтварылася вышэйназваная сума.

Блогер Аляксандр Кабанаў разам з Сяргеем Пятрухіным ужо не раз прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці. Іх штрафавалі за відэаролікі для канала «Народны рэпарцёр», у якіх яны асвятляюць сітуацыю вакол будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода «АйПауэр», за збор подпісаў за адстаўку чыноўнікаў, які міліцыя і суд палічылі несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам і іншыя.

У мінулым годзе на Сяргея Пятрухіна па заявах міліцыянтаў завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 188 (Паклёп) і ч. 2 арт. 189 (Абраза). У красавіку гэтага года суд прызнаў яго вінаватым і прысудзіў да штрафу ў памеры 360 базавых (9 180 рублёў) у даход дзяржавы. Акрамя таго, блогера абавязалі пакрыць маральную шкоду пацярпелым супрацоўнікам міліцыі (у агульнай складанасці 7 500 рублёў) і выдаткі на адваката.

spring96.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!