Крысціна Ціманоўская: «Хачу сказаць усім беларусам, каб яны перасталі баяцца»

Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская пасля ціску з боку адміністрацыі і трэнера алімпійскай зборнай адмовілася вяртацца з Токіа ў Беларусь. Цяпер яна ў Варшаве, дзе расказала пра абставіны свайго ўчынку і свае далейшыя планы, распавядае «Свабода».

Увечары 5 жніўня Крысціна Ціманоўская прыбыла ў Варшаву. Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Марцін Пшыдач раней заяўляў, што Ціманоўская атрымала польскую гуманітарную візу. Ён дадаў, што Польшча «зробіць усё неабходнае, каб дапамагчы ёй працягнуць спартовую кар’еру».

Яе муж Арсень Зданевіч таксама атрымаў польскую гуманітарную візу, у інтэрвію Свабодзе ён пацвердзіў атрыманне візы і сказаў, што пакуль яшчэ знаходзіцца ў Кіеве і не  будзе агучваць, калі збіраецца ў Польшчу, — «дзеля сваёй жа бяспекі».

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) напярэдадні паведаміў, што пачаў дысцыплінарны разбор і фармуе спіс сведак у справе беларускай лёгкаатлеткі.

Што сказала Ціманоўская

Напачатку Ціманоўская падзякавала японскім уладам за бяспеку і польскім — за запрашэнне. Затым заявіла, што яе бабуля параіла ёй не вяртацца ў Беларусь з прычыны праблем, якія могуць чакаць яе на радзіме.

Яна пацвердзіла, што сітуацыя стала для яе шокам, бо напачатку гэта былі выключна спартовыя спрэчкі.

Пра палітычны прытулак Крысціна пакуль не  думае. Яе рашэнне прыехаць менавіта ў Польшчу прадыктаванае ў многім парадай бацькоў, якім можа быць лягчэй дабірацца для сустрэч з дачкой у Польшчу, а не  ў нейкую іншую краіну.

Ціманоўская планавала ўдзельнічаць у спаборніцтвах 15 жніўня, абгаворвала з менеджэрам абставіны вылету з Беларусі, а таксама заканчэнне сваёй вучобы. Але цяпер планы змяніліся.

Таксама яна адзначыла, што бацькі паведамілі ёй пра працяг цкавання з боку дзяржаўных СМІ, дзе адзначаюць, быццам яна не скарысталася шанцам прабегчы на Алімпіядзе. На адным з рэсурсаў быў заклік са спасылкай на інстаграм Ціманоўскай пісаць ёй пагрозы.

Яна спадзяецца застацца ў Польшчы, але гэта залежыць ад мужа, які неўзабаве прыедзе туды з Украіны. Крысціна верыць, што здолее працягнуць спартовую кар’еру, а яе муж знойдзе ў гэтай краіне працу. Таксама спартоўка адзначыла, што стан яе бацькі, у якога праблемы з сэрцам, апошнімі днямі пагоршыўся. Але бацькі запэўніваюць дачку, што трымаюцца.

Пытанне з Ціманоўскай па сутнасці будуць разглядаць 6 жніўня. Як вядома, МАК адкрыла дысцыплінарнае расследаванне наконт паводзінаў адміністрацыі беларускай зборнай.

Ціманоўская заклікала беларусаў не маўчаць аб праблемах і супраціўляцца ціску, які на іх чыніцца:

«Я думаю, што я гатовая дапамагчы людзям, якія могуць аказацца ў падобнай сітуацыі, як я, або людзям, якія хочуць пакінуць Беларусь. Я таксама хачу сказаць усім беларусам, каб яны перасталі баяцца, калі на іх робіцца нейкі ціск — каб яны смела пра гэта заяўлялі, і калі нехта адчувае ціск, нейкія псіхалагічныя праблемы, яны таксама могуць смела напісаць мне, я пастараюся падтрымаць кожнага і адказаць кожнаму».

Пра магчымасць вяртання на радзіму яна сказала:

«Я буду гатовая вярнуцца ў Беларусь, калі буду ўпэўненая, што мне там будзе бяспечна знаходзіцца. Тут я адчуваю сябе ў бяспецы...

У Беларусі я адкрыта выказвала сваю думку, але заўсёды даводзілася сачыць за сваімі словамі, каб не было якіх наступстваў. У Беларусі не толькі я, але і іншыя баяцца гаварыць».

Калі хтосьці са спартоўцаў вырашыць пакінуць Беларусь, то мы ім абавязкова дапаможам, заявіла Ціманоўская, яе падтрымаў Павал Латушка, які згадаў Фонд спартовай салідарнасці.

Ціманоўская сказала таксама, што збіраецца ўзяць удзел у Маратоне свабоды 9 жніўня.

На заканчэнне Ціманоўская яшчэ раз зазначыла, што яна шакаваная гэтымі падзеямі, але спадзяецца, што яе лепшыя дні яшчэ наперадзе. Яна паказала майку з надпісам: «I just want to run» (Я проста хачу бегаць).

«Я не хачу ўцякаць ад кагосьці. Сэнс майго паслання ў інстаграм быў, што я проста хацела прабегчы на Алімпійскіх гульнях. Гэта была мая мара».

Павал Латушка падкрэсліў, што Ціманоўская па-за палітыкай, аднак яна —адна з тысяч беларусаў, якія прайшлі праз рэпрэсіі і запалохванні цяперашніх уладаў. Ён прывёў некалькі прыкладаў таго, як Лукашэнка са сваім атачэннем распраўляюцца з іншадумцамі, згадаўшы ў тым ліку загадкавую смерць у турме палітвязня Вітольда Ашурка, ліквідацыю НДА, незалежных СМІ і іншыя віды рэпрэсій, у тым ліку супраць спорту.

Таксама Латушка заявіў, што, згодна з ягонымі дадзенымі, 95% беларусаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, баяцца за сваю бяспеку. Таму ўчынак Ціманоўскай не выглядае дзіўным. Сама Ціманоўская заявіла, што атрымала за апошнія дні шмат прапановаў аб дапамозе, найперш ад украінскіх атлетаў. Яна спадзяецца працягнуць працу са сваім асабістым трэнерам, які жыве ў Аўстрыі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: