«Крыжы ў Курапатах чапаць не будуць»

Антон Астаповіч распавёў пра вынікі размовы з міністрам культуры Барысам Святловым наконт конкурсу па мемарыялізацыі Курапатаў.


Сустрэча старшыні Таварыства аховы помнікаў з міністрам культуры адбылася як вынік ліста, які Астаповіч накіраваў у Савет міністраў, Міністэрства культуры ды кіраўніку дзяржавы. У лісце былі пастаўленыя пад сумнеў умовы конкурсу па мемарыялізацыі месца сталінскіх рэпрэсій, які збіраюцца ладзіць улады.

Паводле Астаповіча, яго не задавальняў не прапісаны ва ўмовах склад журы конкурсу ды фармат удзелу грамадскасці ў ініцыятыве. Былі таксама пытанні і па фармаце праектаў, якія можна было падаваць на конкурс: паводле ўмоў дапускаліся планы з выкарыстаннем тапаздымкаў 1:500, якія фактычна з’яўляюцца дакументамі “для службовага карыстання”.

“Спадар Святлоў распавёў, што прымацца будуць усё ж такі ўсе працы, — тлумачыць Астаповіч, — Гэта не столькі конкурс, колькі прагляд напрацаваных праектаў для мемарыялу: як зробленых працяглы час таму, якія ляжаць у архівах, так і свежых. Пазней варыянты будуць даведзеныя да грамадскасці”.

Астаповіч таксама адзначыў, што народны мемарыял, створаны за апошнія амаль 30 год, кранаць не будуць. Гаворка ідзе пра стварэнне мемарыяльнага знаку ды сістэмы добраўпарадкавання тэрыторыі. Галоўнае на дадзены момант, на думку старшыні Таварыства аховы помнікаў, гэта не дапусціць брутальнай інтэрвенцыі ва ўрочышчы.

Нагадаем, што сярод грамадскасці ды ў інтэрнэце выклікала шквал абурэння інфармацыя пра конкурс на мемарыял у Курапатах, які, нібыта, мае адбыцца ў максімальна сціслыя тэрміны з незразумелым складам удзельнікаў ды журы. Такая ініцыятыва з’явілася пасля заявы кіраўніка дзяржавы пра неабходнасць ушанавання памяці ахвяраў, пахаваных ва ўрочышчы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: