«Куды павязуць: у турму ці ў лес за кальцавую?»

У Мінску на адукацыйна-асветніцкай пляцоўцы «Тэрыторыя правоў» 12 лютага адкрылася выстава «Лісты палітвязням: ад 1996 года да нашых дзён». Падчас імпрэзы вядомыя беларускія пісьменнікі, грамадскія дзеячы і былыя палітычныя зняволеныя Алесь Бяляцкі, Зміцер Дрозд і Уладзімір Някляеў падзяліліся сваімі ўспамінамі пра жыццё за кратамі.
Фота ПЦ "Вясна"

Фота ПЦ "Вясна"

У прыватнасці, яны распавялі пра свае ўражанні ад першага дня ў зняволенні. І гэтыя ўражанні апынуліся даволі рознымі.

Алесь Бяляцкі пра першыя суткі за кратамі пасля затрымання летам 2011 года: «Афіцэр ДФР сказаў, што яны хочуць адразу павезці мяне на Валадарку. Мой першы дзень быў менавіта там. Я трапіў у камеру, дзе ўжо знаходзілася 18 чалавек. І ты глядзіш на гэта ўсё ашалелымі вачыма, бо адчуваеш пэўны шок. Мяне спыталі, па якім артыкуле сяджу, я адказаў, затым мне паказалі маю шконку. Я лёг на яе, ляжу і гляджу на гэта ўсё. І думаеш пра сябе: “Што ж ты такое зрабіў, каб тут апынуцца?"

Алесь Бяляцкі. Фота ПЦ "Вясна"

Затым высветлілася, што ў гэтай камеры ў асноўным сядзелі будаўнікі. І, напрыклад, адзін, як апынулася, быў маім суседам па лецішчы. Далей пачынаецца больш давяральны абмен інфармацыяй. Праз некалькі дзён мяне перакінулі ў іншую камеру, дзе было ўжо шэсць чалавек. Там мне адразу прапанавалі шконку, дзе да мяне жыў “прэзідэнт” – кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус».

Падчас мерапрыемства Алесь Бяляцкі прадставіў свой зборнік турэмных апавяданнях «Турэмныя сшыткі».
Уладзімір Някляеў. Фота ПЦ "Вясна"

Уладзімір Някляеў. Фота ПЦ "Вясна"


Фота ПЦ "Вясна"

Уладзімір Някляеў пра першую ноч пасля затрымання ў снежні 2010 года: «Мяне забралі ноччу прама з палаты рэанімацыі. І гэта была вельмі цікавая ноч. Мяне прама з кропельніцамі пацягнулі па калідоры. Я пазней зразумеў, чаму мне не далі даляжаць да раніцы, — каб нагнаць страху. Бо была пастаўлена задача – дазнацца пра фінансаванне. Яны амаль голым выцягнулі на мароз і закінулі ў аўтобус. Усе твае рэсурсы кажуць “ратуйся”, а як – ты прыдумаць не можаш. Узгадаў тады зніклых палітыкаў — Захаранку, Ганчара... Я глядзеў, куды паедзе машына: у турму ці кудысьці ў лес за кальцавую. Калі за кальцавую – то, відаць, шанцаў ужо няма. Але ўсё ж прывезлі ў “Амерыканку”, чаму ў той момант я быў рады.
На “Амерыканцы” адразу пачалі ламаць: паказваць фота пісталетаў, гранатаў і казаць, што гэта знойдзена ў мяне ў стале, і пад пагрозамі прымянення больш цяжкага артыкула (які прадугледжваў смяротнае пакаранне) прымушаць распавесці пра фінансаванне. Карацей, гэта была не самая лепшая ноч у маім жыцці…»

Зміцер Дрозд: «Гэтых “першых дзён” у турме, атымліваецца, было шмат. І першы дзень на ІЧУ, і першы дзень на Валадарцы ў адной камерны, і першы дзень у іншай камеры і г.д. Што звычайна адбываецца? Галоўны па камеры пытаецца ў цябе, якой ты арыентацыі, па якім артыкуле трапіў і з якімі людзьмі маеш зносіны. Затым табе выдзяляюць шконку, спачатку на верхнем ярусе, а калі ніжнія вызваляюцца, то “пераязджаеш” уніз, гэтак званы “прывілеяваны паверх”».

Таксама былыя палітвязні распавялі пра ўплыў турэмнага досведу на магчымасць ствараць мастацкія творы. Напрыканцы імпрэзы выступілі паэт і музыка Эдуард Акулін і паэтка Галіна Дубянецкая.

Фота ПЦ "Вясна"

Фота ПЦ "Вясна"

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!