«Кульгавыя» па-ранейшаму ляжаць побач з хворымі на пнеўманію

Калі б апыталі пацыентаў Мінскай абласной бальніцы, куды было б варта выдаткаваць 70 мільёнаў долараў — на будынак новага Вярхоўнага суда ці дадатковага памяшкання лякарні, апошнія адназначна выбралі б лякарню.


Пра гэта сведчыць грамадская актывістка са Слуцка Зінаіда Цімошак, якая ў сакавіку 2019 года трапіла на лячэнне ў рэўматалагічнае аддзяленне Мінаблбальніцы.

«Лабірынт» — так міжсобку называюць пацыенты памяшканне абласной лякарні, пабудаванай у 1950-я. Пакручастымі падземнымі хадамі ім прыходзіцца блукаць, каб дабрацца да аддзялення фізіятэрапіі, рэнтгенкабінетаў, буфета і іньшых памяшканняў, схаваных у недрах сутарэнняў

Гэты паход няблізкі, патрабуе сурёзных фізічных высілкаў як для тых, хто кашляе, так і для тых, хто кульгае. Часта ў заблытаным падземным ходзе натыкаешся на пажылога чалавека, які ў роспачы распытвае, куды яму далей ісці, каб прыйсці, куды трэба, — распавядае пацыентка. — Да таго ж на гэтым доўгім шляху ў неацяпляльным падвальным ходзе гуляюць скразнякі.

У прыёмным аддзяленні, як і ў іншых бальнічных установах, пацыенты здаюць верхняе адзенне. Разам з ім яны губляюць магчымасць падыхаць свежым паветрам, якога ў бальнічных аддзяленнях не хапае. Пасля рамонту ў памяшканнях замянілі старыя «дыхаючыя» драўляныя вокны на пластыкавыя. У новых пластыкавых вокнах адсутнічаюць форткі і ручкі. Для таго, каб адчыніць акно, трэба браць кожны раз адмысловую ручку ў медсястры — гэта цэлы працэс. Адсутнасць стацыянарных ручак на вокнах супрацоўнікі пульмалагічнага аддзялення патлумачылі пагрозай выпадзення пацыентаў на вуліцу і тым, што яны забароненыя загадчыкам абласной бальніцы. Чамусьці такая праблема не была прадумана і пра замене вокнаў, не прадугледзелі невялічкія форткі для праветрывання.


Дарэчы, пры захворванні лёгкіх і бронхаў дактары звычайна рэкамендуюць перыядычныя прагулкі на свежым паветры, якія насычаюць кіслародам лёгкія і паляпшаюць агульны псіхалагічны настрой. А кіраўнікі нашых медычных устаноў чамусьці думаюць, што хворага лягчэй лячыць у напаўтурэмных умовах: без паветра і руху.

Нягледзячы на тое, што хворыя распісваюцца аб здачы верхняй вопраткі, многія з іх ідуць на хітрыкі і ўсё ж трапляюць «на волю». Хтосьці проста выходзіць падыхаць, а камусьці трэба падкупіць спецыфічных лекаў, больш разнастайнай ежы, садавіны ці гародніны. Але такім хітрунам прыходзіцца хаваць вопратку, ісці на пэўнае ашуканства, каб не падставіць персанал аддзялення падчас санітарных праверак.

На жаль, адзінае, што могуць дазволіць сабе немаладыя пацыенты — чытаць кнігі і гутарыць пра жыццё і хваробы, бо пакоі з тэлевізарамі ў аддзяленнях адсутнічаюць.

Магчыма, для рэўмапацыентаў, якія лечацца ў адным аддзяленні з носьбітамі пнеўманій і бранхітаў — гэта і лепей. Але ж яны па сто разоў сустракаюцца ў калідорах, харчуюцца ў адным памяшканні ў адзін і той жа час, мыюцца ў адной душавой кабіне.

Кацярына Кільян з Любанскага раёна дзеліцца сваімі ўражаваннямі ад побытавых умоў рэўматалагічнага аддзялення:

Рамонт у пульманалагічным аддзяленні ўжо прайшоў, у аддзяленні ляжыць шмат жанчын, але адсутнічае нават бідэ для жаночай гігіены. Ёсць душ, але ў мяне хворая нага, якую нельга мыць вадой. Пажылыя людзі і не могуць кожны дзень бегаць у душ, бо баяцца падчапіць прастуду. Там жа мыюцца і хворыя з пнеўманіяй. Гэта вельмі сур’ёзная праблема — вячэрняя і ранішняя гігіена. Зразумела, што мыла і туалетная папера адсутнічаюць, але пацыенты да гэтага прызвычаіліся, кожны прыязджае з сваімі лыжкамі, вілкамі, кубкамі, мылам, ручнікамі. Каб ведала, што тут падушкі складаюцца з нейкіх пакалечаных кавалкаў паралону, то прыхапіла б з дому падушку, бо ў мяне хворая шыя, — смяецца Ніна Іванаўна. Аднак, на гэтыя дробязныя побытавыя складанасці пацыентка асабліва не наракае, персаналам, і дактарамі свайго аддзялення жанчына задаволеная.

— Вельмі прыязныя, прафесіянальныя, ветлівыя, абыходлівыя, хацелася б, каб ім таксама былі створаныя лепшыя ўмовы для працы і большая колькасць хворых мела б магчымасць палячыцца.


І дактары-рэўматолагі, і пацыенты мараць пра асобнае рэўматалагічнае памяшканне ўжо тры гады — з тых часоў, калі пачаўся рамонт, і колькасць ложкаў у аддзяленні скарацілася больш, чым удвая. У выніку скарачэння якасная медыцынская дапамога для хворых на рэўматычныя захвораванні стала яшчэ больш недаступнай.

На Мінскую вобласць для хворых з рэўматычнымі захворваннямі прадугледжаны толькі 20 месцаў. І гэта на безліч складаных хвароб, сярод якіх і сістэмная чырвоная ваўчанка (СКВ), і сістэмная склерадэрмія (ССД), васкуліты, змяшанае захворванне злучальнай тканіны, рэўматычная поліміялгія, сіндром Шэнгрэна, спандзілаартрыт, астэаартоз, інфекцыйны (сэптычны) артрыт, падагра, астэпароз, хвароба Педжэта і многія, многія іньшыя. Зразумела, што за кароткі тэрмін знаходжання пацыентаў (10-11 дзён) можна правесці толькі кароткі курс лячэння, і дактарам трэба мець фантастычныя якасці празорцаў, каб вызначыць за кароткі тэрмін правільны дыягназ.

А што ўжо казаць пра раённыя лякарні, дзе ў тых жа пульманалагічных аддзяленнях стварылі ложкі для пацыентаў рэўматычнага профілю пры адсутнасці сучаснай дыягнастычнай апаратуры і малой колькасці профільных фізіятэрапеўтычных працэдур?


Зараз рэўматычныя захворванні значна памаладзелі. Вользе з Мінскага раёна ўсяго 34 гады, хварэе на анкілазіруючы спандзіліт на працягу трох гадоў. Доўгі час былі праблемы з пастаноўкай дыягназу, была ў неўралагічных аддзяленнях, дзе спецыфіка лячэння крыху іншая. Марнавала час, грошы, нервовую сістэму. Давялося рабіць незлічоную колькасць платных аналізаў. Толькіў адзін з іх у інстытуце мікрабіялогіі абышоўся ў 93 рублі, а гэткіх платных аналізаў было шмат.

Каб трапіць на прыём у абласную паліклініку, мне трэба было чакаць у чарзе больш за 2 месяцы, — гаворыць маладая жанчына. — Пасля прыёму трэба чакаць сваёй чаргі на шпіталізацыю. Калі пашанцуе — на гэта змарнуецца мінімум месяц. У раёне баяцца самастойна прымаць рашэнні па замене прэпарата, павелічэнні дозы. Накіроўваюць сюды, і зноў трэба чакаць.

На дарагавізну лекаў скардзяцца ўсе пацыенты, бо беларускія танныя нестэроідна-супрацьзапаленчыя прэпараты і гармоны, якія хворыя людзі атрымліваюць бясплатна, не спраўляюцца з моцным болем. Пенсіянерцы Таццяне з Мінскага раёна, якая хварэе на артроз, для паслаблення болю і скаванасці ў каленным і тазабедраным суставе і галенастопах на працягу кожнага года жыцця трэба калоць 10 ін’екцый прэпарату гіялуронавай кіслаты коштам па 140 рублёў за ін’екцыю, і ўжываць шмат іншых не танных медыцынскіх прэпаратаў. Родзічы і знаёмыя шукаюць прэпараты ў Германіі, там яны каштуюць танней, чым у Беларусі.

Па аўторках і чацвяргах ля працэдурнага кабінета выстройвацца чарга пацыентаў для абязбольвання. Прыязджаюць і былыя пацыенты, яны ўжо спрактыкаваліся ў пошуках абязбольваючых замежных лекаў.

— Мая перапіска з Міністрам аховы здароўя наконт «разводу» рэўматалогіі і пульманалагічнага памяшкання і асобнага аддзялення рэўматалогіі скончылася ні чым, бо зварот быў перанакіраваны з Міністэрства ва ўпраўленне аховы здароўя Мінскага аблвыканкама, — падзялілася негатыўным вопытам перапіскі Зінаіда Цімошак. — Ва ўпраўленні гэту праблему ў пісьме вырашылі лёгка: змянілі назву аддзялення «пульманалогія» на «алергалогію» і адказалі, што цяпер «рэўматалагічнае аддзяленне знаходзіцца ў аддзяленні алергалогіі». Па інфармацыі загадчыка рэўматычнага аддзялення плануецца вылучыць асобнае памяшканне толькі пасля пабудовы новага корпуса лякарні. Згодна паперам, гэта адбудзецца прыкладна праз тры гады.

Пакуль жа пацыенты рэўматалагічнага аддзялення, якім давялося патрапіць на бясплатнае лячэнне, мараць, каб прайсці курс лячэння і не падчапіць інфекцый ад суседзяў па аддзяленні — хворых на пнеўманію. Выпісацца без бранхіту ўдаецца нямногім. Толькі пад час майго лячэння ў суседняй палаце №614, кашлялі ўжо двое, з палаты № 615 таксама выпісалі дваіх з сімптомамі бранхіту.

Як і ў іншых лякарнях, курс лячэння для «шчасліўчыкаў», якія дачакаліся папраўкі здароўя, цяпер складае прыкладна 10-11 дзён, але «кульгавым», з паслабленым імунадэпрэсантнымі лекамі імунітэтам, гэтых дзён хапае для набыцця новай хваробы.


Дарэчы, каб зменшыць чэргі на кансультацыі да вузкіх спецыялістаў, у абласной паліклініцы ўвялі платныя кансультацыі з 16 да 20 гадзін. Кошт адной кансультацыі складае ад 10 да 30 рублёў у залежнасці да профілю і кваліфікацыі доктара. Як правіла, гэтыя дактары для ўдакладнення дыягназу накіроўваюць да іншых платных кансультантаў. Людзям з невысокімі даходамі трэба добра падумаць, куды патраціць свае мізэрныя грошы — на працяг жыцця з дапамогай медыкаў, ці на элементарную ежу і інвалідны вазок, каб працягваць жыць і абязбольвацца капустай.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!