Купалаўцы: «Мы прыпыняем паказ спектакляў і ініцыюем абвяшчэнне забастоўкі»

Купалаўскі тэатр звярнуўся з адкрытым лістом, што мусіць прыпыніць паказ спектакляў і ініцыюе абвяшчэнне забастоўкі. «Мы прыпыняем паказ спектакляў да вырашэння існуючай сітуацыі і ініцыюем працэдуру абвяшчэння забастоўкі», — адзначаецца ў адкрытым звароце.



У другой палове дня ў чацвер, 13 жніўня, у сацсетках артысты і супрацоўнікі Купалаўскага сталі распаўсюджваць адкрыты зварот, падпісаны калектывам тэатра.

«Калектыў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы з трывогай сочыць за тым, што адбываецца ў нашай краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў, — адзначаецца ў адкрытым звароце. — Вельмі смуткуем па загінулых і вялізнай колькасці пацярпелых у вулічных пратэстах. Лічым, што асноўная адказнасць за тое, што адбываецца, ляжыць на дзейнай уладзе.

Мы патрабуем ад усіх сілавых структур неадкладна спыніць гвалт адносна мірных грамадзян, якія маюць законнае канстытуцыйнае права на свабоду збораў і выказвання сваіх меркаванняў. Адвольныя затрыманні без тлумачэння прычын і нічым не вытлумачальная жорсткасць з’яўляюцца прамым парушэннем закону.

Зараз неабходны выключна мірны дыялог. Весці барацьбу супраць уласнага народу – гэта шлях у нікуды. Гэтага не здарылася б, калі б у краіне адбыліся празрыстыя і справядлівыя выбары. На вялікі жаль, ёсць маса падстаў не давяраць лічбам, агучаным ЦВК. Краіна, у якой існуе вялізны дэфіцыт даверу да ўлады, пазбаўленая будучыні».

Купалаўцы заклікаюць да пераліку галасоў з удзелам незалежных назіральнікаў, прадстаўнікоў усіх кандыдатаў у прэзідэнты і грамадскасці.

«У дадзены момант зняць напружанне дапамог бы просты крок: адкрыты і празрысты пералік галасоў з удзелам незалежных назіральнікаў, прадстаўнікоў усіх кандыдатаў у прэзідэнты і грамадскасці. Выбар народа павінен быць безумоўна прыняты ўсімі.

Мы заклікаем улады выпусціць усіх затрыманых падчас гэтай выбарчай кампаніі, уся віна якіх заключаецца ў тым, што яны выказваюць альтэрнатыўнае меркаванне. Мы прыпыняем паказ спектакляў да вырашэння існуючай сітуацыі і ініцыюем працэдуру абвяшчэння забастоўкі.

Вельмі спадзяемся на мірнае вырашэнне сітуацыі і на тое, што розум і закон у нашай краіне перамогуць», — адзначаюць артысты Купалаўскага тэатраў звароце, які падтрымала дзве траціны калектыву.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: