Курапаты: беззаконне на дзяржаўным узроўні (фота)

Абмеркаванне плану дзеянняў па абароне Нацыянальнага некропалю скончылася затрыманнямі, а Мінкульт не ўзгадняў усталяванне плоту вакол мемарыялу.

Пачатак выбарчай кампаніі Лукашэнкі

Пасля ўчорашняга брутальнага карчавання крыжоў, усталяваных па перыметры ўрочышча, сустрашыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец прапанаваў правесці сход, каб вырашыць, як не дапусціць знішчэння Народнага мемарыялу.

Аб 11-й ранку на Галгофе сабралося з дзясятак удзельнікаў, столькі ж журналістаў і асоб у цывільным.


Напярэдадні лідар КХП БНФ Зянон Пазьняк заклікаў у любы час прыходзіць у Курапаты і знаходзіцца тут, колькі магчыма. «Чым больш людзей, тым спакайней будзе за тыя крыжы, якія засталіся», — зазначыў Павел Севярынец.

Павел Севярынец

Павел Севярынец


На яго думку, учорашнія дзеянні леснікоў — пачатак выбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі. На 18 – 19 красавіка прызначылі суды над актывістамі, якіх затрымалі ўчора за спробу бараніць крыжы. Непасрэдна на Паўла Севярынца складзены пратакол за нібыта дробнае хуліганства і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Таксама 19 красавіка Лукашэнка будзе выступаць перад парламентам і абвяшчаць пра свае «выбары».

— Ён, напрыклад, дае сігнал Пуціну: я буду нішчыць тут усё беларускае, усё людскае — давайце мне 600 мільёнаў крэдыту, — мяркуе Севярынец.


Ён лічыць, што супраціў гвалтоўным дзеянням у Курапатах дапаможа спыніць знішчэнне мемарыялу.

 Калі ўчора людзей завялі ў ізалятар, яны пачалі гукаць «Жыве Беларусь!», — трэсліся сцены. І тых, хто там утрымліваўся раней, пачалі вывозіць на Жодзіна, каб яны гэтага не чулі. І пасля зваротаў абмасадаў, цэркваў і абурэння людзей прынялі рашэнне, што затрыманых трэба адпускаць.

Старшыня Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, які ўчора быў у Кіеве і даваў прэс-канферэнцыю, запэўніў, што абаронцы Курапатаў будуць звяртацца ў міжнародныя структуры з нагоды знішчэння крыжоў.

 Дзеянні Лукашэнкі ў Курапатах атрымаюць адпор ад людзей па ўсім свеце, якія памятаюць пра злачынствы камунізму, — сказаў ён.

На яго думку, людзі павінны прыходзіць маліцца ў Нацыянальны некропаль і зноў ставіць крыжы.

Вячаслаў Сіўчык

Вячаслаў Сіўчык

Малітвы і ўзмоцненая варта

Каб кантраляваць тое, што адбываецца ў мемарыяле, узнікла прапанова ўстанавіць штодзённую варту не толькі каля рэстарацыі «Поедем поедим», але і на ўсёй тэрыторыі Курапатаў. Паколькі рабочыя пачынаюць свае працы раніцай, то пажадана, каб аб 11-й гадзіне штодня нехта мог іх кантраляваць.

Апроч таго вернікі прапануюць штодня а 19-й гадзіне ладзіць у Курапатах малітоўны чын, як гэта было ўчора. Збірацца для малітвы плануюць на Галгофе.

Што да іншых акцый, палітык Мікалай Статкевіч анансаваў правядзенне ўсебеларускага малебну ў нядзелю, 7 красавіка, а 12-й гадзіне на плошчы Свабоды.


Таксама сёння а 16-й гадзіне збярэцца ўзмоцненая Варта абароны Курапатаў, якую сёння нясе «Малады Фронт», і выставіць свае прапановы па ахове мемарыялу. Да яе запрашаюць далучацца ўсіх, каму неабыякавы лёс Нацыянальнага некропалю.

Дакументаў на працы няма?

Пасля малітвы і абмеркавання плану дзеянняў абаронцы Курапатаў вырашылі падыйсці да рабочых, якія сёння ўстанаўліваюць агароджу мемарыялу ля Заслаўскай шашы, і папярэдзіць іх аб адказнасці за вандалізм у месцы масавых рэпрэсій. На ўскрайку Курапацкага лесу, дзе ячшэ ўчора былі крыжы, сёння чарнеюцца яміны, паверх іх нацягнута разметка. Некалькі маладых хлопцаў з рыдлёўкамі, экскаватар, з якога грае музыка, бурыць зямлю. Калі людзі падыйшлі да яго і запатрабавалі спыніць працу, ён, наадварот, паехаў наўпрост на іх. Ад гусеніц не ўцякла толькі Ніна Багінская, і тэхніка мусіла спыніцца.


Рабочыя, якія сёння працуюць, сказалі, што не маюць дачынення да зносу крыжоў, яны толькі ставяць агароджу. На пытанне «Новага Часу», ці маюць яны дакументы на правядзенне прац, адказалі, што так, але паглядзець іх нельга — трэба запытвацца ў «вышэйшага кіраўніцтва». Праўда, у якога, не ўдакладнілі.

— Разумееце, мы выконваем сваю працу, якую нам паставілі. Мы ніякія крыжы не руйнуем. Чым кепска, калі мы зробім плот, як на могілках агароджваюць? — спрабаваў патлумачыць сваю пазіцыю адзін з рабочых. Аднак ці вырываюць пры гэтым на могілках крыжы, адказаць адмовіўся.

Пакуль актывісты прасілі рабочых не весці тут прац, з’явіўся намеснік начальніка Мінскага РУУСа Сяргей Удодаў, які стаў патрабаваць людзей адыйсці ў бок і папярэджваць аб адказнасці за непадпарадкаванне яго загадам. Таварыш міліцыянт на ўсе довады актывістаў рэагаваў толькі фразай «я вас пачуў».

Сяргей Удодаў

Сяргей Удодаў

У міліцэйскага кіраўніка «Новы Час» таксама паспрабаваў высветліць, ці ёсць нейкія дакументы на правядзенне прац. Дыялог з ім атрымаўся проста феерычны.

— Скажыце, дзе можна ўбачыць дакументы на правядзенне прац?

— Не ў міліцыі дакладна.  

— Але дакументы ёсць?

— Я ведаю.

— Што вы ведаеце?

— Тое, што мне трэба ведаць, я ведаю. Я не хачу вам казаць аб тым, што я ведаю.

— Мне не трэба казаць пра тое, што вы ведаеце. Скажыце мне, ці ёсць дакументы?

— Вы не ў мяне запытвайцеся.

Але ў каго запытвацца, прадстаўнік аховы закона сказаць так і не змог.

Тым часам экскаватар аднавіў сваю працу, і Ніна Багінская стала каля яго, не даючы бурыць зямлю. Тады да яе падыйшлі міліцыянты, прапанавалі прайсці з імі для гутаркі і сталі цягнуць спадарыню Ніну. За яе ўступіўся Павел Севярынец, але міліцыянты пагрузілі ў бусік і яго ўслед за Багінскай. Пазней стала вядома, што іх адвезлі ў Бараўлянскі РАУС, а адтуль — у ізалятар часовага ўтрымання на Скарыны.

Літаральна адначасова з затрыманнем актывістаў стала вядома, што з Міністэрствам культуры правядзенне прац у Курапатах ніхто не ўзгадняў. Пра гэта ў сваім фэйсбуку паведаміў гісторык Павел Каралёў.

Нішчыць крыжы ў Нацыянальным некропалі нібыта праз адсутнасць дазволу на іх усталяванне і гарадзіць плот без аніякіх дакументаў — вось так выглядае беззаконне на дзяржаўным узроўні.

Фота аўтаркі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: