Курапаты чакаюць творцаў

Напярэдадні круглага стала па праблемах мемарыялізацыі Курапатаў, што адбудзецца ў Мінску 5 верасня, вырашыў выказацца па гэтым пытанні, актуальным для нацыянальнага некропаля і беларускага грамадства.
У Курапатах, гэтым месцы масавых расстрэлаў людзей у 1932-1941 гадах, незвычайна ўсё: гісторыя ўрочышча і адкрыццё яго таямніцы, людское ўшанаванне бязвінна забітых, значэнне і абарона Народнага мемарыяла.

Магнетызм, энергетыка і роля Курапатаў у айчыннай і еўрапейскай гісторыі настолькі велічныя, што гэтае святое месца ўзвышае душу кожнага неабыякавага, хто дакранаецца да яго сэрцам і розумам

І сёння, калі ўрочышча ў каторы раз знаходзіцца ў цэнтры грамадскай увагі з-за адкрыцця каля яго рэстарацыі «Поедем, поедим» і завяршэння афіцыйнага конкурсу эскізных праектаў памятнага знаку на Курапацкай гары, ёсць патрэба зноўку нагадаць пра некаторыя праблемы нашага нацыянальнага некропаля.

На жаль, пра яго мала вядома беларусам. Хоць з кожным годам тэма нацыянальнай трагедыі ў старым хваёвым бары на паўночна-усходнім ускрайку Мінска напаўняецца новымі сведчаннямі і мастацкімі творамі. Так, вынікам апытання мясцовых жыхароў, агляду мяцовасці і аналізу адкрытых крыніц стала канцэпцыя гістарычнай тапаграфіі Курапатаў, якая ўжо ўвайшла ў навуковае абарачэнне.

З’явіліся кранальныя творы архітэктуры і мастацтва, у тым ліку праект беларускіх дойлідаў Таццяны Косціч і Вольгі Кукуні з жытнёвым полем, праз якое збягае за небакрай апошняя дарога бязвінных ахвяр, прапанова польскіх архітэктараў Юліі Сабалеўскай і Рафала Ёзвяка, што зрабілі канцэптуальны праект Цэнтру нацыянальнай памяці, тры паверхі якога — Музей гісторыі Курапатаў, заглыблены на 2,5 метры (сярэднюю глыбіню пахаванняў), экуменічная капліца і аглядная пляцоўка, праз светлавы ліхтар злучаюць з небам светы загінулых і жывых…

Ня менш уражвае прапанова выбітнага паэта і мысляра Алеся Разанава напісаць на ўваходнай браме ў Курапаты аўтарскае трохрадкоўе:  

Словы аціхлі:
у немату
стукае сэрца

На думку Алеся Разанава, лагічным працягам трохрадкоўя ёсць гукі эпохі, што чулі бязвінныя ахвяры, а таксама грукат чалавечага сэрца, які мусіць гучаць над Курапатамі…

Кранальную пластычную кампазіцыю ў вобразе бусла, які не можа ўзляцець, бо крылы птушкі насаджаныя на калы, зрабіў для народнага мемарыяла выбітны айчынны скульптар Генік Лойка

Трэба шукаць мажлівасць давесці названыя і іншыя творы да беларусаў. Гаворка ідзе не толькі пра дэманстрацыю гэтых прац на выставах і адпаведныя публікацыі ў СМІ , але і пра выданне актуальных кніг і альбомаў.

Чарговай нагодай для прыцягнення ўвагі грамадства да тэмы мусіць стаць падвядзенне вынікаў II этапа Міжнароднага адкрытага грамадскага конкурсу «Курапаты – народны мемарыял» пад дэвізам «Праз Курапаты – дпа пакаяння», запланаванае на снежань у сталічным Палацы мастацтва ў рамках III дакументальна-мастацкай выставы «Праўда пра Курапаты».

Журы конкурсу пад старшынствам выбітнага беларускага мастака і грамадскага дзеяча Алеся Мары (Аляксея Марачкіна) вызначыла, што пасля завяршэння другога этапа конкурсу і абнародавання рашэння журы ўсе працы будуць апублікаваныя для грамадскага абмеркавання. Працы-лаўрэаты стануць прапановамі па мемарыялізацыі Курапатаў, астатнія захаваюцца ў фондах будучага Музея гісторыі Курапатаў.

Аргкамітэт конкурса падрыхтаваў удзельнікам яго другога этапу шэраг прапаноў. Сярод іх — распрацаваць гукавое суправаджэнне і светлавое афармленне Народнага мемарыялу, вобразныя рашэнні для Галгофы, уваходнай брамы, былога плоту, што ў 1937—1941 гадах атачаў расстрэльны палігон, тунэляў пад МКАД і памятных месцаў, дзе ў 1988-м з дапамогай мінскіх школьнікаў беларускія археолагі адкрылі таямніцу Курапатаў, а праз 10 гадоў па квітках аб канфіскацыі каштоўнасцяў у вязняў Горадзенскага астрога — ідэнтыфікалі парэшткі Моўшы Крамера, Мардыхая Шулькеса і Штама, забітых летам-восенню 1940-га.

Запрашаем беларускіх і замежных творцаў да ўдзелу ў конкурсе, з умовамі якога можна пазнаёміцца на сайце vytoki.net

Сёння добра вядома, што трагедыя Курапатаў стала мажлівай у сітуацыі здранцвення грамадства ад чырвонага тэрору, які абрынула на людзей таталітарная дзяржава дыктатуры пралетарыяту. На жаль, і па сёння грамадства не апрытомнела ад перажытага страху і забойства лепшых сыноў і дачок Бацькаўшчыны. Разам з тым, Курапаты натхняюць да сапраўднай, а не сфальсіфікаванай гісторыі Бацькаўшчыны, да свабоды ад гвалту, які прыгнятае, знявечвае і не дазваляе людзьмі звацца, да імкнення быць вольнымі гаспадарамі на зямлі продкаў, каб перадаць нашчадкам квітнеючую краіну, да будаўніцтва дзяржавы, якая служыць чалавеку і бароніць яго ў цяжкую хвіліну, да цяжкай і штодзённай працы над сабою, каб знайсці вытокі сваіх праблем не ў іншых, а ў сабе.

Спадзяемся, што справе грамадскага пакаяння паспрыяюць і шэраг іншых падзей творчага жыцця краіны, якія адбудуцца ў верасні-снежні. Гаворка, між іншым, ідзе пра выкананне Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава сімфоніі №4 «Курапаты» заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, кампазітара Кіма Цесакова, запланаванае на 4 снежня ў канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі, а таксама пра завяршэнне працы грамадскасці і Беларускай службы Радыё Свабода па стварэнні інтэрактыўнай мапы гістарычнай тапаграфіі Курапатаў.

Упэўнены, што сваімі працамі беларуская інтэлігенцыя належным чынам уславіць Курапаты, якія сталі сімвалам змагання нашага народу за Свабоду ад бяспраўя, цемрашальства, хлусні, галечы і гвалту.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-09-03 13:59:23
А вось што прапанаваў сёлета мастак Андрэй Дубінін: "Канцэпцыя для мяне была б такой – калі дажывем да архіваў НКУС, то там можна было б зрабіць кампазіцыйна – накшталт крамы ІКЭА, ты ідзеш праз макеты пакояў, дзе сапраўдныя, жывыя рэчы забітых, і калі там паэт – можаш хоць радком дапісаць яго магчымы верш, калі будаўнік – пагартаць яго кнігі і г.д. – каб супольна дажыць аднятае жыццё (мой дзед быў чыгуначнік, і я прыдумаў, што ў яго павінен быў быць гадзіннік – кішэнны, цыбуліна, каб ведаць дакладны час, і, здаецца, у архіве НКУС ён ляжыць)". http://belisrael.info/?p=16159